Песні, скокі, добры апетыт: гасцінная «Тбілісоба Баржомі»

Тысячы мінчукоў і гасцей сталіцы Беларусі адгукнуліся на зазоў арганізатараў і наведалі фестываль грузінскае кухні «Тбілісоба Баржомі — 2016». На амаль паўдня ў суботу Верхні горад і Плошча Свабоды нагадвалі кавалак гасціннай грузінскай зямлі.

Нашыя грузінскія сябры былі насамрэч на вышыні. Даўно ўжо многія кажуць, што ніхто так масава і спантанна, але вельмі чыста і прыгожа не спявае, як грузіны. І ў гэтым маглі пераканацца ўсе, хто ў суботу апынуўся на месцы падзеяў. Са сцэны на прыступках дзіцячай філармоніі гучалі і народныя спевы грузінаў, аджарцаў, кахетынцаў. Асабліва спадабаўся гледачам выступ батумскага барадача ў атачэнні з трох тамтэйшы прыгажуняў, якія зладзілі свой выступ у сучасным хіпхопавыі і рэпавым стылях, але і выконвалі ва ўласных вядомыя песні іншых краінаў: на вушы публіку паставіў вядомы “застольны” хіт “Ты ж мэнэ підманула”.


Былі і майстар-класы па танцах і ляпніне, па прыгатаванні нацыянальных страваў. Дарэчы, народу сабралося столькі, што ў многіх знікала жаданне адведаць нцыянальную грузінскую ежу — хачапуры і хінкалі, шашлыкі ды іншыя смакоцці. Хоць цэны, мякка кажучы, былі не зусім дэмакратычнымі. Тым не менш, нягледзячы на тое, што было з дзясяткі два кропак вулічнага харчавання, чарга ў кожную складалася з многіх дзясяткаў ахвотных. Пры гэтым надвор’е ў суботу было спякотным.

На свяце можа было пачаставаць і шмат гатункаў віна з розных рэгіёнаў Грузіі — “Кіндзмараулі”, “Сапераві”, “Алазанская даліна” ды шмат яшчэ якіх. А таксама набыць чуршхэлу — гэта такі файны (салодкі альбо кіславаты, залежна ад сорта вінаграда) прадукт, які вырабляецца з вінаграднага соку і часта з дабаўленнем розных начынак, пераважна гарэхаў. 

Цікава, што сваімі нацыянальнымі стравамі гасцей частавалі не толькі грузіны — можна было з’есці і сапраўднага ўзбецкага плову з баранінаю, які гатаваўся ў вялізным казане на вачах у прагных стаяльнікаў даўжэзнае чаргі. Самае практычнае — каб не захлынуцца ўласнаю сліною, можна было набыць беларускія дранікі з каўбаскамі ці са смятянаю: за нацыянальнымі беларускімі стравамі чарга ў гэты дзень аказалася найкарацейшаю.  




Песні, скокі, добры апетыт, неверагодныя пахі ад мангалаў, файнае надвор’е – карацей, субота ў цэнтры Мінску для тых, хто там апынуўся, “задалася”. Добра, калі такія мерапрыемствы працягнуцца. Людзям зараз не хапае пазітыву, а вось такія фестывалі робяць іх хоць на кароткі час задаволенымі і нават шчаслівымі. Таму сёння хочацца сказаць: дзякуй, што ёсць на Зямлі такая цудоўная краіна – нашая добрая сяброўка Грузія! І дзякуй тым, хто прыдумаў і арганізаваў гэты фестываль. 



Каментаваць