Гоп-ца-ца ў першы дзень вясны

У першы дзень вясны актывізаваліся некаторыя грамадска-палітычныя сілы ў Сінявокай. Прынамсі, тыя, хто збіраецца браць удзел у выбарах у мясцовыя Саветы і тыя прадстаўнікі насельніцтва, хто вырашыў напоўніцу адзначыць Масленіцу напярэдадні Вялікага Паста, які пачынаецца ўжо ў бліжэйшы панядзелак.

Адным з тых месцаў, дзе ў суботу праходзіла “свята жыцця”, была пляцоўка перад уваходам на Камароўскі рынак у Мінску. Гэта быў сапраўдны жыццясцвярджальны шабаш праўладных арганізацыяў! Тут табе і пікеты ў падтрымку кандыдатаў у Мінскі гарадскі савет дэпутатаў ад Камуністычнай партыі Беларусі, БРСМ і “Белай Русі”, тут табе і шашлыкі свіныя па 20 тысячаў за 100 грамаў з адпаведнымі неслабымі напоямі, тут табе і пераапранутыя ў жывёлаў актывісты, тут табе і папса нават не самага апошняга гатунку (па дзяржаўна-айчынных, натуральна, мерках).
 
 
“Смешались в кучу кони, люди”, як пісаў кольвеч расійскі класік. З аднаго боку, адныя вывескі сцвярджалі, што адбываецца свята “Камароўская Масленіца”, пра што сведчылі і саламяныя бабы вышэй за натуральную велічыню. З іншага боку, велізарныя расцяжкі, пікеты і безліч сцягоў памянёных вышэй арганізацыяў нагадвалі, што ў краіне ідзе нейкая электаральная кампанія.
 
 
 
 
Толькі вось у якой краіне, па вялікім рахунку? Усё навокал – па-расійску, за рэдкім выключэннем. Хіба што на ўскрайку стаяў нейкі фальклорны (ці мне падалося?) калектыў, які што-нішто выконваў па-беларуску. Але яго перабівала магутнасцю гуку тая самая рускамоўная папса ў выкананні Івана Буслая ды некаторых іншых “зорак”. А ў барчыку пры кавярні “Сыты папа” апрануты ў падобныя на народныя строі баяніст па замове зацягваў “Таганку”. Ну-ну. Хлеба і відовішчаў! Вось што трэба электарату, і ўлада гэта добра разумее і спрабуе задаволіць патрэбы спажыўца.
 
 
 
 
На 2-га сакавіка Аб’яднаная грамадзянская партыя і актывісты руху “Маладая Беларусь” плануюць там жа, на ўваходзе на Камароўку, правесці пікет “За сумленныя выбары” з 12-й да 13-й гадзіны. Паглядзім, ці будзе гэты пікет годным адказам на гоп-ца-цу прыўладных маскочхенаў.
 
 

Каментаваць