Грошы садралі. Нарываюцца

Мне ўжо паступова пачынае дакучаць тэма “сацыялкі” — праблемаў грамадскага транспарту, грамадскага гандлю, сабачага г-на пад нагамі і гэтак далей. Але вось з’явілася і новая навала. Пад назовам “дамафоны”.

 

Многія раёны сталіцы некалькі тыдняў ці нават месяцаў таму ахінула навала пад назовам “клопаты за дабрабыт і спакой жыхароў шматпавярховак” пад умоўным назовам “замена дамафонаў”. У адзін цудоўны дзень на сотнях пад’ездаў з’явіліся паведамленні, што на ўваходных дзвярах пад’ездаў хуткім часам з’явяцца новыя дамафоны. Маўляў, старыя адслужылі свой тэрмін, запчасткі не вырабляюцца, абслугоўваць немагчыма. І тэрмінова патрабуецца іх, дамафонаў, замена, каб ніводзін “вораг” жыхара кватэры канкрэтнага пад’езда не змог нават сваю пысу засунуць хаця б у абмежаваную абіцель добрасумленнага грамадзяніна.

І вось адна фірма ўзялася замяняць дамафонныя сістэмы. Прынамсі, у Малінаўцы, дзе я жыву. Хоць ніхто з маіх суседзяў у такой ласцы нікога не прасіў. І ніхто не ведае, якім макарам гэтая фірма была ўпаўнаважаная паляпшаць дабрабыт і камфорт жыхароў. Пры чым за іх жа кошт.

Дамафоны замянілі. Фармальна бясплатна. Але ж на сям’ю бясплатна выдалі па адной “пігулцы” — электронным ключы ад дамафону. Дадатковыя – калі ласка, але ж за дадатковую плату. Па 45 тысячаў беларускіх грашовых адзінак за адну “пігулку”. Прычым незалежна ад колькасці тых сямейнікаў, каму гэтая пігулка патрэбная. З маёй сям’і. да прыкладу, садралі 135 тысяч рублёў. У кожным пад’ездзе — 36 кватэраў. У доме, дзе я жыву, 12 пад’ездаў. Няхай, з кожнай кватэры “дамафоннікі” атрмаюць не 135, а 90 тысяч рублёў. Колькі атрымаецца? Простая арыфметыка — 38 мільёнаў 880 тысячаў рублёў. І гэта сама мала. А колькі такіх дамоў у Малінаўцы? Сотні. Вось і лічыце.  

Мёртвыя прылады  

Прайшлі тыдні, але ніводзін дамафон у нашых пад’ездах на вуліцы Ясеніна не падключаны. Зноў з’явіліся жадаючыя адправіць натуральную патрэбу ў нашых пад’ездах, пакінуць смецце, узнік смурод, ад якога мы ўжо адвыклі, запанавала антысанітарыя ад залётных чужакоў. А “дамафоншчыкам” — да лампады.

Толькі вось на згаданых вышэй новых “пігулках” размечшаная рэклама, прычым, з абодвух бакоў! (глядзі фота). Дык дзеля каго і чаго замяняліся дамафоны? Хто паклаў нашыя грошы ў кішэню? Якая была такая жорсткая і тэрміновая патрэба мяняць старыя, на думку ініцыятараў акцыі, дамафоны, якія былі добрай яшчэ якасці і маглі служыць яшчэ працяглы час?

Кастуся на іх няма

Мо, такія ідэі сыходзяць з “геніяльных” галоваў тых, хто атаясамлівае сябе з уладаю? Хто забараняе людзям ставіць спадарожнікавыя антэны, кандыцыянеры і мяняць шыбы ў вокнах? Улада для народа? Хай бы тыя ўладнікі пахадзілі “па людзях” ды паслухалі, што пра іх кажуць. Ночы б не спалі. Канешне, калі ў іх было б сумленне. Але гэта ў сённяшніх уладных варунках дэфіцыт яшчэ большы, чым нястача валюты ў дзяржаўнай скарбонцы.

Ах, як меў рацыю Кастусь Каліноўскі ў сярэдзіне дзевятнаццатага стагоддзя! Нарываюцца…  

Каментаваць