І гэтым разам з непрыемнай навіною

Ну, не можа наша клапатлівае ва ўсіх сэнсах кіраўніцтва не абысціся без таго, каб чарговым разам не "парадаваць" сваіх падданых, асабліва напярэдадні аднаго з самых любімых народных святаў — Новага году. Гэтым разам урад Беларусі вырашыў не палохаць электарат 1 студзеня, а паведаміць яму праз публікацыю на ўласным сайце загадзя, што ад першага дня Новага года ў Сінявокай павысяцца тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі.

Спяшаюся заспакоіць: падвышэнне будзе не такім брутальным і жахлівым, як трохразовая дэвальвацыя ў 2011 годзе. Як паведамляецца ў пастанове Савета Міністраў № 1184 ад 1 студзеня 2013 года, тарыфы на цеплавую энергію вырастуць на 5%, а электрычную — на 9,5%. Ну, там, у тым урадаўскім дакуменце, ёсць яшчэ некаторыя лічбы-дробязі, але не гэта галоўнае.

Галоўнае, што за апошнія гады беларускі электарат не столькі прызвычаіўся радасна трымцець у прадчуванні для многіх галоўнага свята года, колькі ламаць галаву, што яшчэ з "боем Курантаў" можна чакаць ад кіраўніцтва ўласнае краіны. Апошнія "гастролі" галоўнага чыноўніка дзяржавы па шэрагу прамысловых прадпрыемстваў, ягоныя эмацыйна-спантанныя (а можа, проста загадзя зрэжысараваныя і згуляныя небезталанным акторам?) рэфлексіі на сітуацыю на айчынных фабрыках ды заводах дазваляюць меркаваць, што нічога станоўчага блізкім часам ад вярхоўных уладаў чакаць не даводзіцца. Прычым, не толькі “пятай калоне", але і простаму працоўнаму люду. Адзін прэзідэнцкі дэкрэт № 9, які нядаўна фактычна ўвёў ў Беларусі прыгоннае права і які ўжо выклікаў бурлівую рэакцыю ў грамадстве, чаго варты!

Нешта мне падказвае, што гэта толькі пачатак. У новым, 2013-м, калі для эканомікі Беларусі надыходзяць часы сплачвання мільярдных у доларавым выражэнні пазыкаў па замежных крэдытах і іх абслугоўванні, улады краіны, дзе сітуацыя закансервавалася, нібы істоты ў пятроўскай кунсткамеры, могуць пайсці на яшчэ больш непапулярныя крокі. Зразумела, дзеля захавання сваёй улады. А вось якія гэта могуць быць крокі — прадказаць цяжка. Можа, нават лепш і не спрабаваць іх прадказваць, каб канчаткова не страціць апетыт і не сапсаваць і без таго расшатаную нервовую сістэму.

Дарэчы, вяртаючыся да павелічэння коштаў на паслугі ЖКГ. У іх уваходзіць не толькі лямпачка ды цёплая батарэя ў хаце. А таксама і вываз смецця. Дык вось, апошнімі днямі ў многіх дварах амаль у самым цэнтры сталіцы аўтару гэтых радкоў давялося бачыць цэлыя развалы смецця як на спецыяльных месцах, так і наўпрост ля пад’ездаў. Склалася ўражанне, што не прыбіралася тут сама мала тыдзень. Дык жа ж нават Новы год пакуль не наступіў! 

І яшчэ. Толькі крыху адступілі маразы і крыху спыніліся завеі, як з вуліц знікла снегаўборачная тэхніка. Прынамсі сёння, 26 снежня, я яе нідзе не бачыў. А тым часам на пешаходных пераходах ды на прыпынках грамадскага транспарту ўтварыліся такія масы непралазнай снежна-ільдзяной слоты, што трапленне ў аўтобус ці тралейбус у той жа Малінаўцы камусці магло нагадаць (не да ночы будзе ўзгадана) “пераход Суворава праз Альпы". Дык куды ж ідуць сродкі, якія вылічваюцца за паслугі ЖКГ?

Улады не перастаюць сцвярджаць, што насельніцтва не аплочвае і траціны ўсіх выдаткаў на згаданыя паслугі. Дык за што людзі будуць плаціць, калі яны бачаць такую якасць гэтых паслугаў? А працаўнікам сферы ЖКГ я б параіў, не рэкламуючы сваё дачыненне да гэтай галіны гаспадаркі, ненавязліва даведацца, што шараговы грамадзянін думае пра ўсю гэтую сістэму. Упэўнены: даведаюцца шмат чаго цікавага. Але не зусім прыемнага.

Каментаваць