Імперскі заскок

Тое, што робіць апошнім часам расійскае кіраўніцтва, не паддаецца логіцы ХХІ стагоддзя. Былая (а ці былая?) імперыя нібы выхамянулася ці то з комы, ці то з белай гарачкі ды пачала пагражаць вайною ў амаль што самым цэнтры Еўропы.

І пагражаць каму? Украіне, дзе пражываюць 46 мільёнаў чалавек. Украіна, якая апошнімі тыднямі зведала сотню загінулых падчас змагання з прарасійскім і пракарумпаваным рэжымам Януковіча, здавацца не збіраецца. Ці ж дойдзе справа да новага кровапраліцця, толькі ўжо на міжнародным, міжвайсковым узроўні? 

Падавалася, з ганебнымі ўцёкамі з Украіны Януковіча і ягонай хеўры сітуацыя ў нашай паўднёвай суседкі мусіла б наладжвацца. І так бы, можа, і было б, калі б не вывявіў свой аскал сапраўдны правакатар падзеяў, якія сёння назіраюцца ва Украіне. Пасля таго, як гэбэшнік Пуцін і ягоны так званы парламент, гэтым разам у асобе Савета Федэрацыі на чале з сучаснай палітычнай “салтычыхай” Матвіенкай даравалі сабе права ўвесці войскі на тэрыторыю незалежнай краіны (якая, заўважым, старшынюе ў (цяпер ужо можна казаць) так званай Садружнасці Незалежных Дзяржаваў!), стала відавочным, хто ёсць сапраўдным крэсівам у падпале сітуацыі на Чарнаморскім узбярэжжы, да не толькі. 

 
 
Імперыя, якая б яна ні была, ніколі не згаджаецца з тым фактам, што яе паменшала, да таго часу, пакуль яна не знікне ўвогуле. Парэшткі былой імперыі Пятра І, які не быў нічым не лепей за Івана Жахлівага, у выглядзе сённяшніх пуціных ды ягоных памагатых спрабуюць вярнуць сабе былую веліч. Але, мякка кажучы, з пераменным поспехам. 
 
 
Паспяховая (з пункту гледжання Крамля ды некаторых іншых) Алімпіяда “знесла дах” у валадароў “Першапрастольнай”, якія выдумалі сабе, што цяпер могуць вырашаць лёс Сусвету.        
 
 
Крымскія манкурты (а такіх хапае паўсюдна) разам з тымі, хто яшчэ не верыць у падзенне ў палітычную бездань Януковіча (у некаторых іншых раёнах), дакладна прадэманстравалі, хто ёсць пятаю калонаю ў незалежнай краіне. Яны гатовы здаць на закланне ўсходняму монстру вялікую незалежную дзяржаву, якая была, хоць і фармальна, але заснавальніцаю ААН. 
 
 
Маскоўскім “ястрабам” толькі таго і трэба. Ім толькі дай загад. Вось і ў жніўні 2008 года яны такі загад атрымалі, і гісторыя пачатку трэцяга тысячагоддзя ад Раства Хрытова атрымала новую, дзякую Богу, кароткатэрміновую вайну на тэрыторыі былога СССР (расійская пяцідзённая інтэрвенцыя ў Грузію 08.08.08 – 13.08.08). Зараз Масква імкнецца развязаць вайну новую. Але Україна – не Грузія. І наступствы могуць быць значна горшыя для ўсіх бакоў. 
 
 
Навошта гэта трэба Пуціну і ягонаму атачэнню? Толькі для таго, каб наталіць свае комплексы недарасля. Пачынаў сваю кар’еру ў савецкай імперыі, а цяпер мусіць працаваць у “развіваюшчэйся” краіне. Хоць і царом – прэзідэнтам з неабмежаванымі магчымасцямі і паўнамоцтвамі. Вось цяпер, маўляў, калі Україна зноў “здрапала” з вялдікадзяржаўных кіпцюроў, ёй трэба паказаць яе месца. І тут усе сродкі добрыя. Нават вайна. 
 
 
Але хто ж апынецца пераможцам? Маскоўская эліта? Кіеўская, амерыканская ці еўрапейская? Не ведаю, але адназначна не ўкраінскі народ. І не народы Еўропы. Дарэчы, і не расійцы. 
 
 
А вось усе тыя пазітывы ад “Сочы-2014” можна дакладна забыць, усё кату (палітычнаму) пад хвост. Відаць, палітычнага гарбыля і труна не выправіць. 

Каментаваць