Беларуская дзяржава, відавочна, не збіраецца адмываць свае рукі ад крыві, працягваючы выконваць смяротныя прысуды сваім грамадзянам. За апошнія два дні паступілі паведамленні пра расстрэлы двух асуджаных на смерць.



29 лістапада праваабаронцы даведаліся ад сваякоў Сяргея Хмялеўскага пра выкананне расстрэльнага выраку ў дачыненні да іх блізкага. Днём раней каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда атрымаў інфармацыю пра расстрэл яшчэ аднаго асуджанага на смерць — Івана Куляша. І даведаўся таксама ад родзічаў пакаранага.

Да таго ж, як паведамляюць праваабаронцы «Вясны», ужо месяц няма аніякай інфармацыі пра лёс Генадзя Якавіцкага, таксама прыгаворанага да расстрэлу. Не выключана, што і ён ужо атрымаў кулю ў патыліцу.

На вялікі жаль, зноў даводзіцца вяртацца да тэмы смяротнага пакарання ў Беларусі. Не буду кранацца абставінаў злачынстваў, з-за якіх айчынныя суды выносяць смяротныя выракі. Чарговым разам мушу нагадаць, што беларускае заканадаўства прадугледжвае яшчэ адну вышэйшую меру пакарання, якая не звязана з забойствам асуджанага,  — пажыццёвае зняволенне. А Канстытуцыйны суд у свой час адзначаў, што расстрэл  — часовая выключная мера пакарання.

Пра тое, што дзеля адмены смяротнага пакарання не патрэбны рэферэндум, шматкроць заяўлялі і вядомыя айчынныя юрысты, і замежныя эксперты, і праваабаронцы, і нават дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

З таго ганебнага лістападаўскага так званага «плебісцыту» (24.11.1996), на які апроч іншых выносілася і пытанне адмены смяротнага пакарання ў Беларусі, мінула ўжо больш за 20 гадоў. Нарадзілася і вырасла цэлае пакаленне беларусаў. А забранзавелая ўлада працягвае абапірацца на вынікі таго электаральнага мерапрыемства, вынікі якога не прызнала цывілізаваная сусветная супольнасць. Дарэчы, варта нагадаць, што той самы «плебісцыт» мусіў мець выключна кансультацыйны характар, але бяззменны афіцыйны лідар ужо на той час пачаў рабіць усё на свой капыл і ўласнаручна пастанавіў лічыць вынікі рэферэндуму абавязковымі.

І цяпер адэпты смяротнага пакарання працягваюць спасылацца на вынікі таго рэферэндуму, хоць вялікая колькасць яго ўдзельнікаў назірае за сённяшняй рэчаіснасцю з зусім іншага свету, дзе няма ні выбараў, ні плебісцытаў, ні ярмошыных з лукашэнкамі.

Для сённяшняй вярхоўнай улады, як ужо не аднойчы казалася, нават адмена расстрэлаў ці хоць мараторый на выкананне смяротнага пакарання — страта часткі паўнамоцтваў і магчымасцяў. Магчымасць «караць ці мілаваць» — якое ж гэта вялікае задавальненне пачуццяў для эгацэнтрычнае асобы, што «ўкалолася» наркотыкам неабмежаванай улады! Магчымасць вырашаць пытанне жыцця і смерці іншых робіць цябе недасягальным для іншых ва ўласным уяўленні, наводзіць жах на астатніх, ніжэйшых за цябе, пакідае адчуванне ўсясілля, нейкага абагаўлення. І гэта страшна.

Зноў даводзіцца казаць пра тое, што пытанне смяротнага пакарання ў Беларусі залежыць толькі ад палітычнай альбо асабіста-характарнай волі адной асобы, упартасць якой магла б знайсці больш карыснае прымяненне. Зноў даводзіцца нагадваць, што Беларусь  — адзіная краіна на кантыненце, якая з прычыны вынясення і выканання смяротных выракаў не з’яўляецца чальцом Савета Еўропы, і нават не мае статуса спецыяльна-запрошанай у ПАСЕ. А гэта тормаз у аднаўленні стасункаў з цывілізаванай міжнароднай супольнасцю.

Ці разумее гэта ўлада? Магчыма, так, але, відаць, ёй гэтае аднаўленне не надта і патрэбнае. Бо для самага галоўнага чыноўніка ў нашай краіне нават пазбаўленне магчымасці «караць і мілаваць» азначала б страту хоць мінімальнай, але ж часткі ўласнага суверэнітэту і ўласных паўнамоцтваў. Таму, гледзячы па ўсім, ніякай адмены смяротнага пакарання ў Беларусі ці хоць бы мараторыя на расстрэлы пры цяперашнім рэжыме чакаць не даводзіцца. А гэта значыць, што і надалей дзяржава час ад часу будзе паласкаць свае рукі ў крыві ўласных суайчыннікаў, няхай і злачынцаў.



Каментаваць