Яблычкі — з Нідэрландаў, памідорчыкі — з Марока

Надышла вясна. Хоць па знешніх прыкметах яна больш нагадвае сярэдзіну не самай мяккай зімы. Сакавік — самы час авітамінозу. Ды й Вялікі пост пачаўся ў праваслаўных вернікаў, калі на стале замест мяса ды тварагу са смятанай мусіць быць садавіна ды гародніна. А ці ў стане большасць жыхароў Сінявокай забяспечыць сабе вітамінны стол? Баюся, што не.

Па-першае, кусаюцца кошты. Па-другое, сваёй вітаміннай прадукцыі на прылаўках альбо няма, альбо ёсць у вельмі невялікай колькасці. Дзе-нідзе яшчэ можна прыдбаць беларускія яблыкі па 9–11 тысяч рублёў за кілаграм. Але ў абсалютнай большасці крамы ды рынкі прапануюць пакупнікам гэтую прадукцыю з Нідэрландаў, Бельгіі, Італіі ды іншых зусім не блізкіх краінаў па коштах ад 25 да 40 тысяч айчынных грашовых адзінак. Вось толькі каму пашчасціць, той можа нарвацца на суседскія — польскія, прычым даволі смачныя яблыкі па цане, параўнальнай з беларускай прадукцыяй — 9,5–12 тысяч за кіло.

А грушы беларускія, відаць, паспяхова акалацілі яшчэ летась, бо на прылаўках пераважна тая ж нідэрландская ды бельгійская прадукцыя па 30 – 50 ці нават болей тысяч рублёў за кіло.

Цяпер што тычыцца і памідораў, далёка не чужой беларусам садавіны. Складваецца ўражанне, што айчынныя цяплічныя гаспадаркі раптам кудысьці зніклі. У некалькіх крамах, якія аўтар гэтых радкоў наведаў у аўторак, прапанаваліся толькі таматы з Марока (?!) па 23–35 тысяч рублёў за кілаграм. Вельмі блізкі свет, ці не праўда? Канешне, да Ждановіцкіх цяпліц жа яшчэ дабрацца трэба! А тут, відаць, з Марока памідоры на дыване-самалёце па Джынавай замове дастаўляюцца.

Агуркі — тое ж самае. Бельгія, Галандыя, Італія. Прычым, нейкім дзіўным чынам кошты на гэты не самы карысны з пункту гледжання ўтрымання вітамінаў і мінералаў прадукт перавышаюць кошты на таматы. Хоць тэхналогіі іх вырошчвання амаль падобныя. Давялося бачыць “даўгавязых” і па 35, і па 50 і нават па 68 тысяч рублёў за кілаграм. Прычым, уся ж гэтая прадукцыя ў цяперашні час — не грунтовая, пахучая, але цяплічная, нейкая, мякка кажучы, нейтральная ў плане смаку ды арамату.

Кошты на зеляніну таксама сягаюць завоблачных вышыняў. Самыя папулярныя кроп і пятрушка, а таксама некаторыя іншыя карысныя расліны каштуюць ад 70 (у самым лепшым выпадку) да 180 тысяч рублёў за кіло. Зялёная цыбуля — ад 54 тысяч.

Пра ягады, якія прапануюцца ў некаторых крамах, лепш не ўзгадваць. Бо аддаць амаль 60 тысяч за 200-грамовы латок трускаўкаў можа далёка не кожны чалавек нават сярэдняга дастатку, не кажучы ўжо пра большасць пакупнікоў.

Бульба (айчынная) на рынку — па амаль паўдаляры за кіло (ад 4-х тысяч рублёў). А ў крамах, ды і на рынках, зноў з’явіліся і мараканскія, і ізраільскія, і галандскія клубні, больш прывабныя знешне, але і больш дарагія. Прычым, заўважу, што кошты на “беларускі хлеб”, як многія чамусьці любяць называць бульбу, толькі за апошні месяц (люты), паводле Белстату, выраслі на 5,6 %. Гэта больш чым у Расіі і Казахстане.

А ўвогуле, параўнальна з нашымі ўсходнімі суседзямі, жыццё ў лютым найбольш падаражала менавіта ў Беларусі — на 1,2%. У астатніх рост склаў менш за 1%. І як гэта стасуецца са словамі афіцыйнага беларускага лідара, які, знаходзячыся ў Санкт-Пецярбургу, у інтэрв’ю Russia Today у мінулую пятніцу заявіў літаральна наступнае: “Мы сёння накармілі наш народ, і кошты ў нас значна больш нізкія, чым у Расіі, Украіне, у Еўрасаюзе, чым у дзяржаваў, якія нас акольваюць”?

Альбо кіраўніка дзяржавы няверна інфармуюць адпаведныя асобы і службы, альбо ён наўмысна выдае пажаданае за сапраўднае. Аднак, як кажуць, прэзідэнцкімі “малітвамі” ды заявамі сыты і здаровы не будзеш. Асабліва ў час агрэсіўнага авітамінозу.    

Каментаваць