Йяханэс Раў цаніў кожнага чалавека

“Йяханэс раў. Жыццё палітыка – прамовы, лісты, фотаздымкі. Прэзентацыя кнігі пад такім назовам прайшла 12 лютага на стэндзе Германіі ў рамках XVIII Мінскай Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Гэтая прэзентацыя выклікала павышаную цікавасць наведнікаў выставы, пра што сведчыла адсутнасць вольных месцаў падчас імпрэзы.



“Йяханэс раў. Жыццё палітыка – прамовы, лісты, фотаздымкі. Прэзентацыя кнігі пад такім назовам прайшла 12 лютага на стэндзе Германіі ў рамках XVIII Мінскай Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Гэтая прэзентацыя выклікала павышаную цікавасць наведнікаў выставы, пра што сведчыла адсутнасць вольных месцаў падчас імпрэзы.

Сёлета спаўняецца 80 год ад дня нараджэння гэтага выбітнага нямецкага палітыка, а таксама 5 год ад дня яго смерці (27 студзеня 2006 году). З 1 ліпеня 1999 да 30 чэрвеня 2004 году Йаханэс Раў займаў пасаду Федэральнага канцлера ФРГ, і толькі цяжкая хвароба не дазволіла яму абірацца на другі тэрмін, хоць перамогу ён бы атрымаў адназначную з прычыны свайго найвялікшага аўтарытэту як сярод грамадзян ФРГ, так і палітычнага бамонду, незалежна ад партыйнае прыналежнасці палітыкаў (сам Раў належаў да Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі). Да свайго прэзідэнтва Йаханэс Раў дваццаць год з’яўляўся прэм’ер-міністрам федэральнай зямлі Паўночны Рэйн – Вестфалія. Дарэчы, гэта абсалютны рэкорд у гісторыі Германіі.

На прэзентацыі прысутнічаў і адзін з аўтараў кнігі Вольфганг Гроф, які падзяліўся з прысутнымі сваімі ўспамінамі пра Йаханэса Раў. Па словах даследчыка, гэта быў незвычайны чалавек і палітык. Як, бадай, ніводзін абцяжараны ўладай дзяяч, Раў цаніў простага чалавека. “Мне давялося даследваць 300 архіўных метраў матэр’ялаў, датычных Раў. Гэта тысячы дакументаў, ліставанняў, фотаздымкаў  (дарэчы, у кнізе маюцца матэр’ялы, якія дагэтуль ніколі і нідзе не публікаваліся), прычым, лісты былі не толькі на адрас і ад дзяржаўных кіраўнікоў і высокапастаўленых палітыкаў, але і ад простых людзей. “Йаханэс Раў, што з’яўляецца яго адрозненнем ад іншых палітыкаў, не пакідаў па-за ўвагаю аніводнага ліста ад простых грамадзян, ён даваў на іх адказы, вельмі часта сам пісаў гэтыя адказы, - адзначыў Вольфганг Гроф. – І яшчэ ён вельмі шанаваў журналістаў. Ён разумеў, што журналісты заўжды маюць пытанні, і ніколі не адварочваўся ад прадстаўнікоў СМІ, ніколі не адмаўляў ім, заўсёды даваў адказы на самыя цяжкія і нават непрыемныя пытанні, ён цаніў і шанаваў журналісцкую працу.

Вось чаму трэба было б павучыцца беларускаму чынавенству, якое як чорт ад ладана шарахаецца ад незалежных медыяў (сваіх яны вітаюць, бо ведаюць, што баяцца дзяржаўных СМІ не варта). Ды і людзей нашы чыноўнікі ў бальшыні сваёй не заўважаюць. У Беларусі па шматгадовай завядзёнцы не чыноўнік для чалавека, але чалавек для чыноўніка, то бок слугі народа цалкам і бессаромна пануюць над сваім гаспадаром.

І яшчэ адна заўвага. Давялося мне прысутнічаць на адкрыцці кніжнай выставы 9 лютага. Некаторыя моманты ў паводзінах высокапастаўленых чыноўнікаў проста здзіўлялі. Трэба было бачыць, як высокія дзяржаўныя асобы – першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі з сваёю намесніцай Ліліяй Ананіч, а таксама старшыня праўладнага Саюзу пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец літаральна ўвіхаліся вакол пасла Германіі ў Беларусі Крыстафа Вайля. Той самы Чаргінец, які за некалькі дзён да адкрыцця выставы на ўвесь свет роў (пасля апублікавання спісаў асоб, якім з прычыны гвалтоўнага пераследу апазіцыі і фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў забаронены ўезд у краіны Еўрапейскага Саюза), што прыгадае Германіі і генацыд часоў Другой Сусветнай, і іншыя грахі.

Такая адкрытая крывадушнасць проста бянтэжыць. А яшчэ адзін “неўязны – сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік – раздаваў інтэрв’ю беларускім тэлеканалам пра тое, якія, маўляў, гады тыя заходнія палітыканы, што забараняюць уезд чыноўнікам у Еўропу і ўмешваюцца такім чынам ва ўнутраныя справы Сінявокай, наўпрост на тэрторыі… стэнда Германіі – ганаровага госця сёлетняй выставы. Як спявала Кася Камоцкая, “дзіўныя рэчы робяцца ў горадзе…
 

Каментаваць