Ёлупні з паўнамоцтвамі

Нават надыход Новага года нічога не зварухнуў у мазгах тутэйшых уладатрымцаў, хоць чакаць ад іх чагосьці станоўчага ўжо даўно не даводзіцца. Не паспелі адгрукатаць першыя дні 2014-га, як сталічныя чынушы ледзьве не нарабілі бяды.

Замест таго, каб па прыкладу ўсходняй суседкі даць людзям адпачыць, стварыўшы ім калядна-навагоднія вакацыі, наш дарагі ва ўсіх сэнсах урад папераносіў выходныя дні на працоўныя і наадварот такім чынам, што нават самі чыноўнікі ў іх заблыталіся. 3 – 4 студзеня Мясніковічам і кампаніяй былі абвешчаныя як працоўныя дні. Толькі гэтага чамусьці не зразумелі чынушы ад транспарту, вырашыўшы, што ў гэтыя дні яны могуць працаваць па графіку выходных.
 
 
У пятніцу гэта ледзь не скончылася трагедыямі – сусветнае павуцінне змясціла кадры таго, што ў гадзіны пік адбывалася на станцыях мінскай падземкі. Там людзі ледзьве не валіліся на рэйкі з перапоўненых перонаў, цісканіна на эскаларатах, у вестыбюлях, у вагонах. Некатрыя пасажыры распавядаюць, што былі змушаныя прапускаць па чатыры-пяць цягнікоў, бо не маглі ў іх улезці. Наступствам сталі масавыя спазненні на працу, і дзякуй Богу, што толькі спазненнямі справа і скончылася. А магло б здарыцца і самае горшае, бо ўсе мы ведаем, што пад націскам натоўпу апынуцца на рэйках і пад коламі метрацягнікоў лягчэй за лёгкае.
 
 
Не лепшай была сітуацыя і 4 студзеня. Хоць напярэдадні сталічныя транспартныя чыноўнікі і казалі, што рэжым працы будзе як у звычайныя дні, гэта не адпавядала рэчаіснасці. Удзень у суботу чакаць цягнікоў метро даводзілася да сямі і болей хвілінаў (на першай лініі), аўтобусы і тралейбусы таксама з’яўляліся рэдка. Карацей, зноў чынушы нахлусілі электарату і зэканомілі на простых людзях.
 
 
Дарэчы, а на якую халеру было гнаць народ на працу ў той час, калі склады прадпрыемстваў трашчаць ад непрададзенай прадукцыі? Каму гэта патрэбна? Затое правадыр чарговы раз пагнаў свой боінг у Сочы, каб пагуляць там у хакей у адной камандзе з наваяўленым расійскім “Уэйнам Грэцкі” – сваім візаві. Відаць, каб падзякаваць за тыя 450 мільёнаў даляраў з міждзяржаўнага крэдыту, якія па манавенні рукі Пуціна вельмі хутка папоўнілі залатавалютныя рэзервы Беларусі (ЗВР РБ апошнім часам ужо літаральна пачыналі дыхаць на ладан).
 
 
Значыць, панам адпачываць можна, а плебс няхай арэ. Нездарма ж гэты год – год каня. Так што хто конь у нашых варунках – улада ўжо вызначылася. Толькі вось неяк зноўку не да рогату. Не ўладзе, канешне, а тым хто арэ.

Каментаваць