Каб вы ногі паламалі

Менавіта з такімі думкамі ў дачыненні да пасажыраў, як мне падаецца, ажыццяўляюцца ў Мінску мерапрыемствы па змаганні з снегам на прыпынках грамадскага транспарту. Пасля не такога ўжо і катастрафічнага снегападу за апошнія суткі камунальныя службы і прадстаўнікі асобных арганізацыяў кінуліся выконваць інструкцыі па ачыстцы ад гэтай мярзоты (снега) прыпынкаў грамадскакга транспарта. Але робяць яны гэта чыста ў нашых традыцыях.

Калі мне не здраджвае памяць, то не так даўно была выдадзеная інструкцыя ці нейкі іншы адміністрацыйны дакумент, што камунальным службам і асобным персаналіям, якія займаюцца ачысткаю ад снегу тратуараў і тэрыторыяў, прылеглых да прыпынкаў грамадскага транспарта, забараняецца спіхваць той жа самы снег на праезную частку дарог. 

Як вы думаеце, хтосьці прыслухаўся і выконвае гэтыя распараджэнні чыноўнікаў? Магчыма, дзе-небудзь, але не на тых лініях перасоўвання, дзе рухаецца аўтар гэтых радкоў. 
 
 
Упартыя “геніі вулічнага-тратуарнага парадку” робяць зусім наадварот. З натхненнем, вартым іншага прымянення, з позіркамі люцыфераў, яны ўпарта спіхваюць снежную масу на ўзбочыны магістраляў і, што асабліва замілоўвае, каля бардзюраў на прыпынках таго ж грамадскага транспарту.  
 
 
Толькі ў чацвер давялося сама мала ў чатырох месцах бачыць, як пасажыры мусяць рабіць найвялікія высілкі, каб пераскочыць снежна-таючую масу шырынёю ў паўметра-метр і глыбінёю сантыметраў трыццаць-сорак, выходзячы з аўтобусаў і тралейбусаў. Асабліва шкада ў гэтых выпадках было людзей паважанага веку і пасажыраў з дзецьмі, якія былі змушаныя проста нырнуць у гэтую прыпыначную багну. 
 
 
Увайсці ў транспарт на такіх прыпынках таксама праблематычна. Дзякуй Богу, што кіроўцы яшчэ з разуменнем ставяцца да людзей, не спяшаючыся адпавядаць графіку руху і чакаючы, пакуль апошні небарака пераадолее пасадачную “паласу перашкодаў”. 
 
 
Таксама праблемы і на пешаходных пераходах, якія ўзяўляюць сабою затокі з незразумелага месіва такога ж незраазумелага памеру ды глыбіні. Вельмі непрыемнае адчуванне, калі нечакана пагружаешся сантыметраў на трыццаць ў гэтую мярзоту.   
 
   
Караваны “кін-дза-дзы” з адпаведнымі мігалкамі жоўтага колеру чысцяць, галоўным чынам, цэнтральныя магістралі, дзе могуць з’явіцца, не да ночы будуць згаданы, высокія “слугі народа”. У большасці ж іншых выпадкаў усё робіцца, як мы гэта любім, то бок, як прывыклі яшчэ за савецкім часам, іншым словам, нічога. Ці штосьці, але так, дзеля “галачкі”.   
 
 
Але ж застаецца пытанне: няўжо тыя ж самыя “чысцільшчыкі” самі ніколі не карыстаюцца грамадскім транспартам? Ці ў нас кожны дворнік у вольны ад працы час карыстаецца ўласным аўто, і яму ніколі не даводзілася такім вось чынам, як Сувораў праз Альпы, “браць на абардаж” аўтобусы і тралейбусы? 
 
 
Што, можа яшчэ раз пагаворым пра цывілізацыю і набліжэнне нас да светлай будучыні? Тады, для пачатку, паспрабуйце залезці ў аўтобус. І вось калі не патонеце ці не зламаеце ногі, то, магчыма, працягнем дыскусію пра наш далягляд.  

Каментаваць