Кіна не будзе. Кіншчык не гатовы

Засталося менш за два тыдні да сакральнага для беларускай аўтаркіі моманту — асноўнага дня галасавання па пераабранні Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта Беларусі. Адметнасцю цяперашняга гістарычнага перыяду ёсць тое, што сёлета не прадбачыцца “ўсенароднага хурала” — так званага Усебеларускага народнага сходу, на якім цягам чатырох галоўных электаральных кампаній галоўны палітычны дзеяч краіны “заручаўся” падтрымкаю “свайго народа” і абвяшчаў перспектывы развіцця краіны на чарговую пяцігодку.

 

За 13 дзён да 11 кастрычніка пра пяты “Усебеларускі народны сход” не чуваць абсалютна нічога. Гэта можа азначаць, што гэтага пафаснага мерапрыемства, сімвалічнага для рэжыму, папросту не будзе. Тут можна выказаць некалькі меркаванняў, чаму гэта так.

Па-першае, відаць, “у атамана (не блытаць з Улаховічам!) скончыўся залаты запас”. Гэта відавочна, бо залатавалютныя рэзервы Беларусі дыхаюць на ладан. І ў гэтых умовах ладзіць “хуралішча” проста не выпадае. А гэта задавальненне, дарэчы, не таннае. Можна прыгадаць, што мінулымі кампаніямі так званыя “народныя дэлегаты” пражывалі ў нятанных сталічных гатэлях, харчаваліся за дзяржаўны кошт ды атрымлівалі няхілыя падарункі пры ад’ездзе. Хай і айчыннай вытворчасці, але на халяву, як той казаў, і воцат салодкі.

Па-другое, і гэта, відаць, больш важнае, што правадыру няма чым ганарыцца за апошняе пяцігоддзе свайго панавання і, тым больш, нешта там чаго абяцаць перад тысячамі ўдзячных старанна адфільтраваных мясцовымі адміністратарамі слухачоў ды тых жа высокапастаўленых вертыкальшчыкаў.

І сапраўды. Што можна абяцаць “хуралаўцам”? Павелічэння заробкаў (мінулым разам казалася пра тысячу баксаў да 2015 года, а цяпер сярэднестатыстычны беларус атрымлівае каля 400 “зялёных”)? Скарачэння беспрацоўя, якое расце на вачах, паляпшэння ўзроўню медыцынскага абслугоўвання, спынення росту коштаў, стабілізацыі беларускага рубля, які абрынуўся ў разы пасля апошніх “выбараў”? Ці чаго яшчэ?

Гарантаваць незалежнасць Айчыны? А як жа быць тады з расійскімі ваеннымі (авіяцыйнымі) базамі, якія плануе размясціць у нас Пуцін, а сам Лукашэнка ды ягоныя памагатыя ўпарта маўчаць на гэта? Але ж расійскія базы на тле падзеяў ва Украіне — наўпроставая пагроза суверэнітэту Беларусі.  

Тут узнікае яшчэ шэраг пытанняў, якія вельмі непрыемныя для бяззменнага кіраўніка дзяржавы. Нервы ў кожнага чалавека свае, і правадыр — не выключэнне. Таму навошта спакушаць лёс і нарывацца на амаль неверагодныя ў нашых варунках, але не выключаныя тэарэтычна пытанні нават ад сваіх прыхільнікаў?

Таму хурала і не будзе. Бо казаць няма чаго. Здуваецца ўлада, хоць многія і лічаць яе бясконцай. Але вось як доўга вытрымае гэты “паветраны шар”, у якім ужо шмат дзірак? Можна толькі здагадвацца.  

Каментаваць