Коштавая свістапляска

Прыйшла вясна, пайшлі скакаць кошты. І гэта нягледзячы на тое, што курс замежных валют (долара, еўра, расійскага рубля ды іншых), хоць і неістотна, але зніжаецца да курсу рубля беларускага. Дзіўна ўсё гэта.

Прыйшла вясна, пайшлі скакаць кошты. І гэта нягледзячы на тое, што курс замежных валют (долара, еўра, расійскага рубля ды іншых), хоць і неістотна, але зніжаецца да курсу рубля беларускага. Дзіўна ўсё гэта.

Не збіраюся ўдавацца ў спецыфічныя развагі з галіны глыбокай эканомікі, проста канстатую некаторыя факты. Так, 4 красавіка, сеўшы ў маршрутную таксоўку і перадаўшы ўжо звыклыя пяць тысяч за праезд, пачуў: “Мала плаціш! Схамянуўшыся, заўважыў новую шыльду акурат над кіроўцам, што ад серады праезд у маршрутцы каштуе ўжо не пяць, а шэсць тысяч “зайцоў. Прыйшлося перадаць уладару стырна яшчэ тысячу. А 5 красавіка на 200 рублёў больш трэба будзе выкласці за адну паездку ў грамадскім транспарце — 1500 замест 1300, месячны праязны на май пераадолее псіхалагічны бар’ер у 100 тысяч рублёў (кошт месячнага праязнога на аўтобус, тралейбус, трамвай і метро складзе 111 тысяч 100 рублёў).

Цікавае адкрыццё зрабілі калегі з “Комсомольской правды. Аказваецца, за некалькі тыдняў звычайная свініна на костцы з салам і скурай падаражэла на сорак (!) працэнтаў і каштуе сёння 43 тысячы за кілаграм. Хоць яшчэ на пачатку сакавіка ў некаторых крамах гэтую прадукцыю можна было набыць за 27–30 тысяч. Праўда, дзеля гэтага трэба было адстаяць велізарныя чэргі. Час ад часу даводзіцца бываць на рынку “Максімус, які месціцца ў мікрараёне “Малінаўка. Там ёсць фірмовыя крамы Пухавіцкага мясакамбіната, і прадукцыя там прадаецца па адпускной цане вытворцы. Дык вось, гэтыя фірмовыя невялічкія крамкі пераўтварыліся ў сапраўдную Меку для насельнікаў навакольных мікрараёнаў. І калі яшчэ паўгады таму ў даўжэзных чэргах можна было назіраць пераважна пенсіянераў, то апошнім часам тут выстойваюць і маладзейшыя, па выгляду больш заможныя грамадзяне. Гэта, відаць, сведчыць пра тое, што ўзровень жыцця тубыльцаў падае, людзі пачынаюць лічыць капейкі.

Днямі давялося зазірнуць на славутую “Камароўку. Таксама заўважыў некалькі цікавых рэчаў. Напрыклад, з’явілася ў продажы маладая бульба. Не ведаю, хто адважацца яе набываць па 30 тысяч рублёў за кіло. Але, як кажуць, прапанова з’яўляецца, калі ёсць попыт, значыцца, ёсць і тыя, хто можа заплаціць па 3 еўра ў эквіваленце за кіло карняплоду — “сімвалу Сінявокай. А 100 грамаў кропу па 10 тысяч? А 400 тысяч за кілаграм клубніцы? Заўважыў у адным з латкоў “акцыю — скідку на айчынную сыравэнджаную кілбасу. Дык вось, да “акцыі яна каштавала 169 тысяч, але пасля ўцэнкі — 119 тысяч з нейкімі там капейкамі. Ну, вельмі танна!

Ці яшчэ цікавы момант — “хатнія куры. Калі за кіло бройлераў на рынку давядзецца выкласці ад 24 да 30 тысяч рублёў, то жоўтая хатняя квактуха пацягне на 82–90 тысяч за кілаграм. А важыць тушка прыкладна 2–2,5 кіло. Вось і палічыце. Пра кошты на бараніцу, маладую ялавічыну ці мяса труса альбо індыка лепш прамаўчу, бо адно расстройства псіхікі і нерваў. Мне таксама незразумела, чаму херсонскія (Украіна) памідоры каштуюць 10–12 тысяч за кілаграм, іспанскія ці турэцкія — 14–17 тысяч, а беларускія са “Жданоў — па 18–28 тысяч. Тое ж тычыцца і агуркоў.

Народ пры росце коштаў у рублях палез у валютныя “заначкі, якія рабіў у тым ліку і падчас леташняга фінансавага армагедону. Толькі за два першыя месяцы 2012 года насельніцтва прадало ў чыстым выглядзе валюты на 408,2 мільёна долараў у эквіваленце. Практычна каля кожнага абменніка сёння можна назіраць чэргі, пераважная большасць людзей здае долары і еўрыкі, расійскія рублі і літы, і толькі адзінкі працягваюць пашпарты, каб прыкупіць што-нешта з замежных грашовых знакаў.

Чуў нядаўна цікавую рэч. Калі народ лезе ў валютныя заначкі, здабытыя “потам і крывёй, ён робіцца менш талерантным і больш злосным, а значыць, непрадказальнымі могуць быць ягоныя паводзіны. Наколькі мае рацыю аўтар такой заявы, пакуль сказаць цяжка. Кошты растуць, чэргі за таннымі прадуктамі харчавання таксама, а вось “піпл мацюкаецца, але трывае. Як доўга — іншае пытанне. Але, гледзячы па тым, як сябе паводзілі тубыльцы падчас нават мінулагодніх коштавых абвалаў, дэфіцытаў, чэргаў па валюту і дэвальвацыяў, і зараз нічога неардынарнага, відаць, ад нашых людзей чакаць не давядзецца. Дзяржава можа спаць спакойна. Пакуль, прынамсі, у тутэйшых жыхароў заначкі не скончацца.


 

Каментаваць