Коштавая свістапляска

Апошнімі днямі народ заўважыў, што цэннікі ў крамах мяняюцца не ў лепшы бок. Яшчэ, падазраю, давядзецца схамянуцца, калі ў паштовых скрынях з’явяцца першыя сёлетнія жыроўкі.

 

Пасля Новага года не толькі журналісты, але і шараговыя грамадзяне заўважылі дэфіцыт памідораў, якія яшчэ перад святамі ды і пасля іх, хоць і не доўга, каштавалі адносна дэмакратычна. Імпартныя таматы можна было прыдбаць нават па 20 тысяч айчынных рублёў, у той час як тутэйшыя, ждановіцкія, сягалі ў кошце да 40 тысяч. Але на пэўны перыяд зніклі і тыя, і іншыя. Як адрэагавала ўлада ў асобе намесніка міністра гандлю Ірыны Наркевіч? «Не знайшлі памідораў, купіце агурок», — параіла высокая чыноўніца журналістам.

«Гут», — можна было б сказаць гэтай далёка не самай беднай асобе ў нашай сацыяльна арыентаванай дзяржаве. Але возьмем тыя ж агуркі беларускай вытворчасці: яны каштавалі на момант выказвання ў сярэднім 55 тысяч за кіло, у той час як імпартныя — 30 тысяч. Пасля 3 лютага кошты ўраўняліся. Але не ў меншы бок. Тое ж тычыцца і памідораў. Цяпер там, дзе гэтыя плады з’явіліся ў продажы (не паўсюль, у сэнсе, з’явіліся), то ўжо за кіло давядзецца выкласці ад 44 500 да 55 200 рублёў. Пры такіх жа коштах на агуркі. Дзякуй за параду, спадарыня намміністарка! Выбару не засталося.

Далей. Першая асоба дзяржавы прызналася, што не ўжывае бананы ды іншую «гадасць», маўляў, абыдземся. Гандляры быццам бы чакалі такога прызнання Рыгоравіча. Кошты на гэты, дарэчы, вельмі карысны прадукт, асабліва для сардэчнікаў, адразу ўзляцелі амаль у два разы. Яшчэ некалькі тыдняў і нават дзён таму, калі пашчасціць, кіло бананаў можна было набыць за 12–14 тысяч, а зараз жа — па 18–25 тысяч. А то і болей. Ды і цытрусавыя, якія самы галоўны аскет краіны таксама азначыў як «гадасць», скокнулі з 13–18 тысяч да 28–35 тысяч за кіло. Калі галоўнай асобе не падабаецца нейкі прадукт, значыць, ён, той прадукт, мусіць не падабацца ўсяму дзевяцімільённаму «калгасу». Таму і кошты можна адпускаць. 

Трэба звярнуць увагу, што эканамічныя ўлады заяўлялі, што рост коштаў дапушчальны толькі на імпарт з краінаў, якія не ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС), які пачаў дзейнічаць ад 1 студзеня бягучага года. А вось на прадукцыю, вырабленую ў ЕАЭС, кошты мусяць застацца ранейшымі.

Ну-ну. Назіранне аўтара гэтых радкоў. Аўторак, 3 лютага. Невялікая крамка «крокавай даступнасці» ў цэнтры сталіцы. Пачатак другой паловы дня. Прадавачка наманікюранымі пазногцямі пачынае здзіраць коштавыя налепкі (дарэчы, многія крамы нават у Мінску дагэтуль не абсталяваныя сэнсарным cчытваннем коштаў, зафікасаваных на штрых-кодах!) з пластыкавых пляшак «Лідскага квасу». Яшчэ хвіліну таму 0,75 літра (гэтага карыснага, паводле медыкаў, напою) каштавала 7950 рублёў, а тутака перад вачыма разгубленых спажыўцоў — ужо 9100. І гэта тычыцца не толькі квасу.

Дык што гэта значыць? Гэта ж нават не новая партыя тавару, што магло б нейкім чынам патлумачыць павышэнне кошту. Чаму новыя цэны лепяцца на стары тавар айчыннай вытворчасці? А сасіскі ды вараныя каўбасы па 70–80 тысяч?  А сала на рынку па 130–150 тысяч (белае), а вэнджанае амаль па 250–280 тысяч за кіло?

А яшчэ цікавыя кошты на нашу прадукцыю лёгкай прамысловасці. Мужчынская кашуля айчыннай вытворчасці больш-менш прыстойнай якасці каштуе ад 400 да 700 тысяч рублёў. Хаця нават у Германіі аналагічны тавар еўрапейскага пашыву можна прыдбаць за 9–14 еўра (160–230 тысяч). 

Што ж, час зацягваць паясы, як той казаў. Вось і ўся сацыяльная мадэль, мяняць якую правадыр, па ягоных словах, не збіраецца ні ў якім разе.

Каментаваць