Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Ланцуг як сімвал «беларускай дэмакратыі»

22 лістапада быў агалошаны прысуд Івану Барбашынскаму. Уразіла найбольш тое, што падсуднага прывезлі на агалошанне выраку… на ланцугу, спалучаным з кайданкамі. Такога бачыць яшчэ не даводзілася.


Пра тое, наколькі Іван Барбашынскі — асоба вельмі «небяспечная» для грамадства, і ўвогуле для беларускай дзяржавы, сведчыць пастанова суда Слуцкага раёна Мінскай вобласці — 2 гады абмежавання волі па месцы жыхарства. Гэта так званая ў народзе «хатняя хімія».


Ці апраўдаюць Барбашынскага, віну якога ў судзе не даказалі?



Здаровым сэнсам патлумачыць прывоз у суд чалавека, які не здзейсніў забойстваў, рабаўніцтваў, не здрадзіў Радзіме падчас баявых дзеянняў, на ланцугу не ўяўляецца магчымым. Таму што гэта менавіта супярэчыць здароваму сэнсу.

Іван Барбашынскі не здзяйсняў цяжкага злачынства, як і ягоны брат Ігар, што сканаў у следчым ізалятары Жодзіна. Па словах сваякоў памерлага, на целе 39-гадовага Ігара былі знойдзены 17 слядоў удараў цвёрдым тупым прадметам. Іван Барбашынскі, дарэчы, не прызнаў сябе і брата вінаватымі ў выстаўленых ім абвінавачаннях.

Але справа нават не ў абвінавачаннях. Справа ў стаўленні праваахоўных органаў, пенітэнцыярнай сістэмы, дый дзяржавы цалкам да людзей, сваіх грамадзянаў. Івана не адпусцілі на пахаванні брата Ігара. А потым прывезлі на агалошванне выраку ў стане скаціны — на жалезным ланцугу. Можна (ці немагчыма) толькі ўявіць сабе пачуцці маці Івана, калі яна ўбачыла свайго сына ў такой «экіпіроўцы». Асабліва пасля таго, як яна пахавала ўжо адно сваё дзіця.


За некалькі дзён да смерці Ігара Барбашынскага моцна збілі



Цяжка паверыць, што канвой не ведаў пра тое, што падсудны будзе вызвалены з залі суда. Такія рэчы ў сутоннях праваахоўных органаў, пракуратуры, следства і суда, як правіла, становяцца вядомыя загадзя (хоць наколькі гэта законна, іншае пытанне). Дык навошта было ладзіць гэты бесчалавечны спектакль? Мо таму, што Барбашынскіх вінавацілі ў супраціве менавіта супрацоўнікам міліцыі, ды яшчэ ў гвалце ў іх дачыненні? Цалкам магчыма. Карпаратыўная салідарнасць сярод тых, хто мае ўладу і паўнамоцтвы чыніць гвалт над іншымі.

Але хто верне маці сына? Хто панясе адказнасць за знявагу і гвалт у дачыненні да чалавека, які страціў брата і нават не быў асуджаны да рэальнага тэрміна пазбаўлення волі? У сённяшніх варунках — ніхто.

У свой час грамадства, як і сваякі, не засталіся задаволеныя зняволеннем на тры гады санітара, якога асудзілі пасля скону 21-гадовага Ігара Пцічкіна ў СІЗА «Валадарка». І колькі такіх прыкладаў можна яшчэ прыводзіць. Сістэма, якая складалася дзесяцігоддзямі, сама сябе не пакарае, і не збіраецца гэта рабіць. Таму і застаецца чалавек безабаронны, калі ўступае ў падобныя стасункі з гэтай самай сістэмай не па сваёй волі. І яшчэ дзякуй Богу, калі пры гэтым застанецца жывы.  

 

Каментаваць