Лядовае “пабоішча” з “чэхаўскім” сцэнарам

Тое, як завяршылася чарговая гульня ў рамках чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі (КХЛ) паміж мінскімі дынамаўцамі і расійскім (з гораду Чэхаў) калектывам “Віцязь, не ўкладаецца ні ў якія межы разумення аматара хакея, да кагорты якіх я сябе таксама адношу. Зладжанае мардабойства і рукапрыкладанне аўтарства самай скандальнай і бруднай у плане гульнёвай дысцыпліны расійскай каманды ўжо выклікала шчырае і справядлівае абурэнне як у Беларусі, так і ў самой Расіі ды іншы краінах, прадстаўнікі якіх гуляюць у КХЛ.

Тое, як завяршылася чарговая гульня ў рамках чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі (КХЛ) паміж мінскімі дынамаўцамі і расійскім (з гораду Чэхаў) калектывам “Віцязь, не ўкладаецца ні ў якія межы разумення аматара хакея, да кагорты якіх я сябе таксама адношу. Зладжанае мардабойства і рукапрыкладанне аўтарства самай скандальнай і бруднай у плане гульнёвай дысцыпліны расійскай каманды ўжо выклікала шчырае і справядлівае абурэнне як у Беларусі, так і ў самой Расіі ды іншы краінах, прадстаўнікі якіх гуляюць у КХЛ.

Сама гульня была цікавай і драматычнай. Дынамаўцы прапусцілі недарэчны і неабавязкова гол на самым пачатку першага перыяду. Потым амаль увесь час нашы “зубры мусілі адыгрывацца, што, прызнаем, рабілі вельмі паспяхова. Прычым, на радасць прыхільнікаў “Дынама, нарэшце наладжваецца гульня ў сітуацыях, калі нашы гуляюць у большасці. Вось і ў мінулай гульні з “Северсталью з Чарапаўца нашы рэалізавалі дзве “большасці, чым практычна і забяспечылі сабе вельмі важную пасля серыі з трох няўдач перамогу.

Прыбыцця чэхаўскіх “Віцязяў беларускія аматары спорту чакалі з цікавасцю і… трывогаю. “Гарачы характар правінцыйнай расійскай каманды добра вядомы. Стратэгія кіраўніцтва “Віцязя, гледзячы па ўсім, грунтуецца не на майстэрстве хакеістаў, а на фізічных здольнасцях так званых “тафгаяў — асоб, якія на лядовай пляцоўцы займаюцца не столькі самім хакеем, колькі нейтралізацыяй самых яскравых гульцоў з каманд суперніка. Але тое, што адбылося пры канцы гульні на “Мінск-Арэне…

Калі мінскія хакеісты ва ўпартай барацьбе ўжо забяспечылі сабе перамогу на апошніх хвілінах трэцяга перыяду, галоўны трэнер чэхаўскай каманды Андрэй Назараў, якога ў бытнасць ягоную гульцом за адпаведную гульню празвалі Брудны Наз, выпусціў на пляцоўку тафгаяў з адзінай мэтай — адпомсціць мінчукам з выкарыстаннем не гульнёвага майстэрства, а кулакоў. Што і прадэманстраваў за 15 секунд да канца гульні чэхавец Аляксандр Сазонаў, які паваліў аднаго з лепшых дынамаўцаў Тэему Лайне на лёд у цэнтры пляцоўкі і пачаў жорстка збіваць нашага хакеіста. Пры гэтым, што было добра відаць усім, Лайне нават не супраціўляўся, толькі закрываў галаву ад звярыных удараў расійца.

У знак пратэсту супраць нахабных паводзінаў расійскіх хакеістаў заўзятары закідалі пляцоўку пластыкавымі бутэлькамі і нейкімі іншымі прадметамі. Узнікла шматхвілінная паўза. Праз 8 секунд пасля таго, як гульня была адноўлена, яшчэ адну бойку арганізаваў галоўны мардаварот “Віцязя Крыстафер Брэнан, які збіў Уладзіміра Дзянісава. Наш хакеіст ляжаў на лёдзе, спрабуючы ўратавацца ад раз’юшанага тафгая, а беларускія заўзятары зноў закідалі лёд, а таксама лаўку запасных “Віцязя пластыкавымі бутэлькамі. Некаторыя з іх, верагодна, трапілі ў галоўнага трэнера расійцаў Андрэя Назарава, які схапіў клюшку і праз агароджу пачаў лупіць у бок балельшчыкаў, ды так рэзва, што клюшка зламалася. Сітуацыю змагло супакоіць толькі з’яўленне на сектары міліцэйскага спецназу, які адціснуў заўзятараў ад агароджы. Назараў быў выдалены з пляцоўкі і сыходзіў у падтрыбунныя памяшканні, дэманструючы рукамі грубыя жэсты на адрас мінскай публіцы.

Ужо вядома, што Назараў не будзе прысутнічаць на пляцоўцы падчас наступных гульняў сваёй каманды на чэмпіянаце КХЛ. І гэта толькі папярэдняе пакаранне. Беларускія заўзятары хакея ўжо звярнуліся з адкрытым лістом да кіраўніцтва КХЛ з нагоды непрыстойных і нават небяспечных паводзінаў гульцоў і трэнера “Віцязя на “Мінск-Арэне. Адразу ўзгадваюцца словы легендарнага савецкага каментатара, артыста і спартоўца Мікалая Мікалаевіча Озерава, які так адрэагаваў на брудную гульню зборнай Канады супраць зборнай СССР: “Такі хакей нам не патрэбны! А лепш спытацца, ці патрэбна КХЛ сёння такая каманда, як чэхаўскі “Віцязь, якая праз брудную гульню і непрыстойныя паводзіны як хакеістаў, так і трэнераў толькі наносіць шкоду чэмпіянату Лігі, цікавасць да якога ўзрастае год ад года?
 

Каментаваць