Мне яго будзе неставаць

Прызнаюся, што доўгі час быў скептыкам наконт правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі. Не сакрэт, што гэтае мерапрыемства сталася добрай піяр-акцыяй для афіцыйнага Мінска. Не сакрэт, што перад першынством павялічылася колькасць кароткатэрміновых палітвязняў, асуджаных па высмактаных з пальца падставах (умоўна кажучы, памачыўся не ў патрэбных месцах, лаяўся матам, ледзь не згвалціў патруль міліцыянтаў і гэтак далей). І тым не менш.

Не першы дзень заўважаю, што выбіраючыся “ў горад” на працу са сваёй Малінаўкі, едучы ў грамадскім транспарце, раз-пораз мая пыса сама сабою пачынае расплывацца ва ўсмешцы. Гэта калі ў аўтобус ці тралейбус альбо метро ўвальаюцца замежныя фанаты камандаў, якія ўдзельнічаюць у чэмпіянаце. Бадунаватыя, нявыспаныя, але шчаслівыя, яны спажываюць нейкія прысмакі, колу, мінералку, і па іх добра відаць, што яны ўжо ведаюць, які добры дзень іх чакае наперадзе, незалежна ад надвр’я. І нават праўстаўнікі краінаў, чые зборныя не бяруць удзелу ў гэтым свяце жыцця, паводзяцца такім жа самым чынам. Днямі ў краме “АЛМІ”, што ля “студэнцкай вёскі”, назіраў групу палякаў, якія былі экіпаваныя ў чорныя майкі з рознымі нумарамі і прозвішчамі гульцоў сваёй нацыянальнай зборнай, якая не бярэ ўдзелу ў цяперашнім спаборніцтве. І ўсё ж яны прыехалі ў Беларусь.

Прысутнасць “адарваных” замежнікаў, крэатыўных фанатаў з Канады ды Швейцарыі, Латвіі ды Фінляндыі, Нямеччыны і Швецыі, Славакіі ды Чэхіі, іншых краінаў унесла нейкую разнастайнасць у шэрую будзёншчыну нашых тубыльцаў. Ледзь не разрагатаўся, калі на прыпынку “Малінаўка —1” старэнькая згарбелая бабулечка на чысцюткай беларускай мове дамагалася даведацца ад трох здаравенных швейцарцаў у фанацкіх строях з велізарнымі байкавымі шапкамі (да таго ж, хлапчыны былі заматаныя ў нацыянальныя чырвоныя сцягі з белым крыжам парясэдзіне), што тут адбываецца і ці разумеюць яны па-беларуску. Давялося ратаваць ад неразумення і бабульку, і швейцарцаў з Жэневы.

Другая бабулька тутака ж запыталася, ці не адбываецца раптам  нейкая акцыя апазіцыі. Пачуўшы адказ, што не, звекавалая пані неяк зніякавела. Відаць, чакала большага.

А ўвогуле, нават начныя спевы ды музычныя “упса-упса-рапсодыі” ў “сектары гасціннасці” ля студэнцкай вёсцы, ператворанай у велізарны хостэл, якія перашкаджаюць спаць тубыльцам (у мяне ў хаце нават за два кіламэтры ад месца падзеяў адчуваецца вібрацыя на падлозе ды ў шкле), не асабліва выклікаюць абурэнні ў месцічаў.

Падаецца, усе разумеюць, што гэтае першынство хутка скончыцца, у бальшыні прыгожыя і разняволеныя заўзятары хакею з Еўропы з’едуць, і на памяць адзіным атрыбутам чэмпіянату свету па хакеі застануцца звыклыя па паўсядзёншчыне міліцыянты ды амапаўцы.

У такім выпадку хацелася б працягу свята ў ягонай разнастайнасці і каляровасці. Але ўсё мае свой канец. А мне асабіста гэтага “свята жыцця” усё ж будзе крыху неставаць. 

    

Каментаваць