Найвышэйшая бяспека

Каля дзесяці год  з розных прычын не быў у Гродна. І вось позна ўвечары ў мінулую пятніцу сеў на цягнік “Гомель – Гродна і накіраваўся ў гэты абласны цэнтр, каб наведаць фестываль маладой журналістыкі “Твой стыль дзеля падрыхтоўкі матэр’яла пра гэтае цікавае мерапрыемства. Але не пра яго гаворка.

Каля дзесяці год  з розных прычын не быў у Гродна. І вось позна ўвечары ў мінулую пятніцу сеў на цягнік “Гомель – Гродна і накіраваўся ў гэты абласны цэнтр, каб наведаць фестываль маладой журналістыкі “Твой стыль дзеля падрыхтоўкі матэр’яла пра гэтае цікавае мерапрыемства. Але не пра яго гаворка.

Цягнік прыбыў у  абласны цэнтр раўнютка а 7-й раніцы ў суботу, 22 мая. Першае, што кінулася ў вочы, -- вялікая колькасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў на платформе і на прылеглых вуліцах і завулках як у амуніцыі, гэтак і ў цывільным. “Што тут адбываецца? – такое лагічнае пытанне адразу ўзнікла ў яшчэ не зусім праснулай галаве. Адказ на яго атрымаў праз некалькі хвілінаў, калі скіраваўся да месца правядзення фестывалю, якое, дзякуй Богу, было побач з чыгуначным вакзалам. Калі б не так, то існавала верагоднасць увогуле не патрапіць на фэст. Зараз патлумачу, чаму. 

Аказваецца, акурат у  гэты дзень у абласны цэнтр, таксама  пасля даволі працяглага перапынку, завітаў сам кіраўнік дзяржавы, каб прадставіць мясцоваму істэблішменту новага губернатара. Па гэтай прычыне ў Гродна былі сцягнуты міліцыянты з усяго рэгіёну, і не толькі. Праз кожныя 20 – 30 метраў на вуліцах, якія вялі ў цэнтр горада, стаялі праваахоўнікі чамусці пераважна ў форме ВАІ (вайсковай аўтаінспекцыі), якія жорстка і дакладна кіравалі рухам транспарту і струменямі пешаходаў. Бліжэй да абеду ў цэнтр Гродна было ўжо не патрапіць. Каб дабрацца да гатэля, дзе я спыніўся, мне давялося пару разоў збочыць, бо міліцыянты ветліва раілі абраць іншы, абхадны маршрут альбо ўвогуле “перакантавацца дзе-небудзь як мага далей ад цэнтру. 

Да гатэлю ўсё ж  дайшоў, пакінуў рэчы, узяўшы толькі самае неабходнае для працы. Ужо  на вуліцы, крыху страціўшы арыентацыю на мясцовасці (ёсць у мяне такая “хвароба – “геаграфічны ідыятызм называецца), я запытаўся ў першага ж міліцыянта, як прайсці ў бок вакзалу. На гэта ўжо немалады прадстаўнік “органаў, крыху сумяўшыся, шчыра адказаў, што не ведае. Бо сам паходзіць, жыве і працуе далёка ад Гродна. І такіх немясцовых зябеспячэнцаў грамадскага парадку было даволі шмат, калі нават не бальшыня. 

Захады бяспекі  прэзідэнта, які прыляцеў у Гродна, былі надзвычайныя. Не ведаю, якую небяспеку  для галавы дзяржавы маглі ўяўляць  пенсіянеры ці проста гарадзенцы, што жывуць у раёне Савецкай плошчы ці плошчы Леніна і якім асобы ў форме і ў цывільным настойліва раілі “пагуляць гадзіны да пятай вечара. Дарэчы, і гэта ўжо стала звычайнай практыкай паўсюль, дзе з’яўляецца кіраўнік Беларусі, жыхарам прылеглых вуліц вельмі настойліва прапанавалі не адчыняць вокны ды форткі і не пакідаць свае кватэры ў пэўны час. 

Яшчэ цікавыя рэчы парасказвалі мне месцічы. Напрыклад, аднаму мужчыну, якога кольвеч прыгаварылі  да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за тое, што знайшлі ў яго дома два патроны (нічога не нагадвае?), і які зараз працуе таксоўшчыкам, супрацоўнікі праваахоўных органаў настойліва рэкамендавалі 22 мая заставацца дома пад пагрозай пераходу ўмоўнага пакарання ў рэальнае. Яшчэ адзін гарадзенец распавёў, што амаль да апошняга моманту не было вядома, дзе прызямліцца верталёт прэзідэнта, таму адначасова рыхтаваліся некалькі пасадачных пляцовак. Не ведаю, наколькі можна давяраць такім расповедам, але дыму без агню не бывае, і гарадзенцы лепш ведаюць сітуацыю ў сваім родным горадзе. 

Узгадваю мінулагоднюю сітуацыю ў цэнтры Вільнюса. Я засяліўся  ў невялічкі прыватны гатэльчык непадалёк ад Вострай брамы. Прылёг з дарогі крыху адпачыць, бо давялося вельмі рана ўставаць. І тут мяне абудзіў сігнал клаксона, я выглянуў у вакно. Акурат пад ім на светлафоры спыніўся картэж, з адной з машын вылез… тагачасны прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі (нядаўна загіблы ў афіякатастрофе пад Смаленскам). І ніякага пярэпалаху, ніякіх асаблівых захадаў бяспекі для кіраўніка суседняй дзяржавы не прадпрымалася. 

У тым жа Вільнюсе, як мне распавядалі, колькі гадоў  таму турысты ды і самі жыхары літоўскай  сталіцы былі нямала здзіўлены, калі ў самым цэнтры, на вулачцы, што  вядзе да той жа Вострай брамы, спыніліся два лімузіны, адкуль выйшлі… Яе Вялікасць Каралева Англіі Елізавета ІІ з Герцагам Эдзінбургскім Філіпам, якія пешшу накіраваліся ў мясцовы універсітэт. Іх суправаджалі толькі чатыры ахоўнікі… 

У Беларусі прыезд прэзідэнта ў любы рэгіён вызначаецца беспрэцэдэнтнымі захадамі бяспекі, вартымі як мінімум самітаў G-20. Што гэта – недавер да сваіх суайчыннікаў, страх перад імі? Дык сам жа ж Аляксандр Рыгоравіч сцвярджае, што Беларусь -- самая мірная дзяржава, дзе няма тэрарыстаў, дзе нізкі ўзровень злачыннасці, дзе людзі могуць спакойна гуляць па вуліцах, і нічога з мім не здарыцца. Толькі вось такія захады бяспекі нешта не даюць у гэта паверыць, калі за сваю бяспеку апасаецца сам кіраўнік дзяржавы…

Шпацыруючы вечарам  па цэнтры гораду, давялося бачыць мясцовых чыноўнікаў, якія з непрыхаванай палёгкай сціралі пот з ілбоў (гарачыня ў Гродна ў той дзень стаяла жнівеньская), калі найвышэйшы візіт у Гродна завершыўся. Ды і сам горад, падавалася, уздыхнуў з палёгкай…

Каментаваць