Наша Вікторыя! Насуперак зласліўцам

Цудоўны пачатак году для айчынных аматараў Вялікага Тэніса. Беларуска Віка Азаранка абараніла сваё права звацца пераможцаю Адкрытага Чэмпіянату Аўстраліі — турніра Вялікага Шалому, а таксама першаю ракеткаю свету. Брава, Віка, брава, каманда Азаранкі! Брава тым аматарам і прыхільнікам Вікі, якія да апошняга верылі ў нашу «беларускую ракету»!

Слёзы. Амаль маўклівая гістэрыка. Гэта — Віка Азаранка, якая пасля пераможнага гейму (гейм — сэт — матч — Азаранка — абвясціла суддзя на вышцы), знясіленая і спустошаная, апусцілася на сваю лаўку побач з кортам. Накрыла галаву ручніком. І адплакалася. Некалькі хвілінаў. Такой маральнай напругі за ўсю сваю кар’еру, відаць, наша Віка яшчэ не зведвала. Нават тады, калі роўна год таму яскрава перамагла ў тым жа самым спаборніцтве расейку з беларускімі каранямі Машу Шарапаву. 
 
 
Але тады перамога была неверагоднай. Віка амаль нічога не пакінула сваёй візаві — лік быў 6:3. 6:0. Яна, падавалася, нават сама была здзіўленая, калі скончылася тая гульня — стоячы на каленях, Азаранка не магла зразумець, як так проста і (візуальна) лёгка яна перамагла саму Шарапаву! І стала першай ракеткай свету! Праўда, Маша ў 2012 годзе на некалькі тыдняў адбірала ў Вікі рэйтынг першай ракеткі, але хутка гэтая недарэчнасць, з пункту гледжання фанаў Вікі, была выпраўленая. 
 
 
Да фінальнага матчу супраць кітаянкі Лі На (мой велічэзны рэспект гэтай жанчыне і вялікай спартоўцы!!!) на Віку выліліся тоны бруду. Толькі за тое, што ў паўфінале супраць фенаменальнай маладой амерыканкі Стоўн Стывенс (25-я ў сусветным рэйтынгу), якая сенсацыйна ў чвэрцьфінале выбіла з турніру саму Серэну Уільямс («чорная пантэра», насамрэч адна з лепшых тэнісістак сучаснасці!), наша Віка з прычыны вельмі кепскага самаадчування ўзяла медычны тайм-аўт. Які, дарэчы, з прычыны двух пашкоджанняў (груба кажучы, нага і рэбры) заканамерна зацягнуўся на восем хвілінаў. Хоць правілы дазваляюць мець на гэтую справу, калі дзве розныя траўмы, дзевяць хвілінаў. То бок, Віка ніяк не парушыла рэгламент і правілы WTA. Таму і суддзі не мелі да нашай суайчынніцы ніякіх прэтэнзіяў. 
 
 
Але яны ўзніклі ў тых, каго можна назваць зласліўцамі. У чым толькі Азаранку не абвінавачвалі пасля таго, як паўфінальная гульня супраць Стывенс зусім заканамерна, на мой погляд, завяршылася перамогай Вікі! Ад знакамітага ў далёкай ужо мінуўшчыне амерыканскага тэнісіста Макінроя да наваяўленага гальфіста расійца Кафельнікава — гэтыя «джэнтльмены» вінавацілі першую ракетку свету ў несумленнасці (шэраг амерыканцаў) і махлярстве (Кафельнікаў). Хоць ніхто з іх не звярнуў увагі на тое, што ў гульні ў чвэрцьфінале супраць Стоўн тая ж Серэна брала такія ж медычныя таймаўты. І толькі сама Стывенс, да гонару гэтай таленавітай дзяўчыны, заявіла пасля паразы ад Азаранкі, што вынік гульні ніяк не залежаў ад таго тайм-аўту. 
 
 
У фінале мы бачылі таксама шчымлівыя дывертысменты, якія ніяк не сведчаць на карысць прафесійнаму спорту. Бо «спорт вялікіх дасягненняў» каштуе здароўя спартоўцам у прамым сэнсе гэтага слова. 
 
 
На Лі двойчы падала на корт пасля атрымання траўмаў. Апошнім разам таленавітая і цудоўная кітаянка моцна стукнулася аб корт галавою, што выклікала заміранне сэрцаў ва ўсіх, хто сачыў за гульнёю. Але На знайшла ў сабе сілы зноўку выйсці на корт і аказаць Вікторыі сапраўдны супраціў. 
 
 
Гульня была бескампрамісная, цяжкая і прыгожая. На корце змагаліся сапраўды дзве чараўніцы сучаснага тэнісу. Так, На Лі ў выніку саступіла Вікторыі. Але гэта было справядліва. І гэта разумела сама кітайская тэнісістка. Менавіта таму Віка, якая ачуняла ад пасляматчавай маўклівай слёзнай гістэрыкі, і яе суперніца міла перамаўляліся перад цырымоніяй узнагароджання. І, як мне падалося, стасункі ў гэтых дзвюх тэнісістак – добрыя, чалавечыя, што і вынікала з іх прамоваў падчас атрымання ўзнагародаў, калі і Віка, і На шчыра падзякавалі адна адной за гульню і за спаборніцтва. 
 
 
Дзве перамогі ў Аўстраліі. На адкрытым чэмпіянаце гэтай краіны. Захаванне звання першай ракеткі Свету, хоць на пяткі наступала сама Серэна Уільямс. Што можа быць лепш для Вікі і для яе прыхільнікаў? Бадай што нічога. Як нічога не застаецца зайздроснікам і нядобразычліўцам беларускай тэніснай зоркі, якой мы па праву ганарымся.  
 
Да сустрэчы на кортах і ля тэлеэкранаў, калі зноўку будзем заўзець за нашу Віку, за нашу ВІКТОРЫЮ!

Каментаваць