Нашто нам Куба?

Падаецца, што Аляксандру Лукашэнку вельмі падабаецца вандраваць па свеце. Асабліва пасля таго, як Еўропа зняла з яго і ягонай кампаніі санкцыі, у тым ліку і візавыя.
Фота з сайта udf.by

Фота з сайта udf.by


Але толькі «доўгачаканай» Еўропаю інтарэсы бяззменнага правадыра Беларусі не абмяжоўваюцца. Цяпер, як і раней, яго ўсё цягне да «сяброў па розуме», да прыкладу, братоў Кастра.

 

23 мая «вечны» кіраўнік нашай краіны сустрэўся з першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага савета і Савета міністраў Кубы Мігелем Марыё Дзіяс-Канэль Бермудэсам. Падчас сустрэчы з высокім кубінскім чыноўнікам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь «бачыць сваё месца ў кубінскай эканоміцыМы гатовы да такога супрацоўніцтва, тым больш што створана добрая аснова — заключаны каля трыццаці міжурадавых пагадненняў, якія ствараюць моцную нарматыўную прававую базу

 

Лукашэнка чарговым разам запрасіў кіраўніка Кубы Рауля Кастра наведаць Беларусь, а Бермудэс перадаў запрашэнне Лукашэнку ад імя Кастра наведаць Кубу ў любы час. І, гледзячы па ўсім, гэты час не за гарамі.

 

Не сакрэт, што кіраўнік Беларусі любіць наведваць тыя краіны, дзе пануюць рэжымы, падобныя да ягонага. Яму ў гэтых краінах утульна, там яму ў твар не кажуць пра правы чалавека, не тлумяць мазгі неабходнасцю правядзення структурных зменаў і эканамічных рэформаў, лідары гэтых краінаў не нагадваюць Лукашэнку пра неабходнасць адмены смяротнага пакарання. То бок, поўны псіхалагічны камфорт.

 

Але якія вынікі такіх візітаў і высілкаў, у тым ліку і эканамічнага супрацоўніцтва з дзяржавамі «далёкай дугі»? Як той казаў, нуль без палачкі. Куды толькі ні лётаў беларускі правадыр са шматлікімі світамі! І Венесуэла, і В’етнам, і М’янма, І Паўднёвая ды Цэнтральная Амерыка, іншыя далёкія рэгіёны. Хіба што з пінгвінамі (у адрозненне ад расійскага патрыярха Кірыла) у Антарктыдзе не сустракаўся.

 

І што? З той жа Венесуэлай падчас кіравання гэтай краінай «сябра Уга» (Чавэса) былі такія напалеонаўскія планы, што хоць святых вынось. І распрацоўкі нафтавых радовішчаў, і свопавыя пастаўкі венесуэльскае нафты, каб замяніць расійскую (ва ўмовах чарговай нафтавай вайны паміж Мінскам і Масквою), і наладжванне вытворчасці (зборкі) беларускай аўтамабільнай ды сельскагаспадарчай тэхнікі ў Венесуэле.

 

Хто і калі апошнія гады штосьці чуў пра рэалізацыю гэтых праектаў? Можна толькі нагадаць, што пастаўкі венесуэльскай нафты прынеслі Беларусі велізарныя грашовыя страты. Таму пра гэты праект бакі вырашылі нават не згадваць, ціхай сапаю прыкрыўшы яго. І адказнасць за вялікі фінансавы ўрон не панёс ніхто з высокага начальства. Як кажуць, «бюджэт і лехтарат» усё сцерпяць.

 

Але тут і яшчэ адзін момант. Хто і калі паведаміў шырокай грамадскасці, у колькі абыходзяцца таму ж бюджэту і падаткаплатніку такія далёкія і практычна безвыніковыя візіты беларускага кіраўніцтва?

 

Гэта ж не бясплатна можна накіраваць прэзідэнцкі Боінг за тысячы кіламетраў — толькі паліва на адзін такі пералёт каштуе дзясяткі тысяч долараў. А яшчэ ж трэба і карміць усё гэтае «кумпаньства», плаціць за пражыванне, за перасоўванне па зямлі, аплачваць сувеніры «шаноўным гаспадарам» і гэтак далей. І яшчэ «камандзіровачныя» выдаць. Што, са сваёй уласнай кішэні плацяць гэтыя высокапастаўленыя беларускія «вандроўнікі»? Не смяшыце гусей.

 

Змена абстаноўкі кіраўніку Беларусі заўсёды падабаецца. Асабліва ў той час, калі жыццё ў падначаленай яму краіне гібее з кожным днём, і флюіды ў паветры вітаюць зусім не станоўчыя. Відаць, правадыр здагадваецца, што пра яго і ягонае атачэнне на кухнях і ў курылках кажуць простыя грамадзяне, якія вымушаны эканоміць практычна на ўсім у той час, калі афіцыйны кіраўнік нават казаць і чуць нічога не жадае ні пра крызіс, ні пра неабходныя рэформы. У такіх умовах лепш матануць да «сябраў Рауля і Фідэля» ці, у крайнім выпадку, у Сочы. Падалей ад адмоўнай энергетыкі. А пасля як карта ляжа.

 

 



 

Каментаваць