Наваяўлены рэктар

 Калісці слынны расійскі байкапісец Іван Крылоў казаў, што бяда, калі пірагі пачне пячы шавец, а боты “страчыць” – пірожнік. У сённяшніх беларускіх рэаліях усё магчыма. Вось і наша вышэйшая службовая асоба загаварыла пра тое, што калі-небудзь не супраць была б стаць рэктарам якой-небудзь айчыннай вну. Ну-ну.

Аляксандр Лукашэнка не выключае, что пасля адстаўкі можа заняцца выкладчыцкай дзейнасцю. Пра гэта ён заявіў 21 лістапада падчас сустрэчы з выкладчыкамі, студэнтамі ды выпускнікамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. “Для мяне самая лепшая пасада – рэктар вну, і я быў бы не супраць быць выкладчыкам. Вось завяршу сваю кар’еру (прэзідэнцкую), і калі здароўе будзе, я пайду выкладчыкам і з задавальненнем буду выкладаць”, - заявіў Лукашэнка.     
Ужо бачу аншлагі на лекцыях вялікага навукоўца сучаснасці, а таксама дрыжыкі ў каленях дзейных рэктараў айчынных універсітэтаў, на пасаду якіх можа пасквапіцца цяперашні беларускі правадыр. 
 
 
Калі сур’езна, то такія словы Лукашэнкі сур’ёзна ўспрымаць няварта. Хутчэй рак на гары засвішчыць, чым ён дабраахвотна адмовіцца быць прэзідэнтам. Такія ягоныя заявы – чарговая гульня на публіку, у дадзеным выпадку студэнтаў і выкладчыкаў. І на ўвесь электарат у цэлым, бо, без сумневу, гэтыя выказванні афіцыйнага кіраўніка шматкроць будуць пракручаны па тэлеканалах і ў радыёэфірах, а таксама растыражаваны ў прэсе.  
 
    
Па-другоге, а што ж збіраецца выкладаць патэнцыйны дацэнт-прафесар-рэктар? Анталогію паэзіі Васіля Быкава? Пецярбургскі перыяд жыцця і творчасці Францішка Скарыны? Вядома, што наш патэнцыйны рэктар – “і жнец, і швец і на дудзе (у дадзеным выпадку, на гармоніку) ігрэц”. Ён разбіраецца ва ўсім: ад бульба- і свінагадоўлі да генэтыкі, цыталогіі і транспланталогіі. І ў ваенных справах не апошні – чаго толькі вартая ягоная форма немаведама якога звання (бадай, ніяк не ніжэй за генералісімуса), калі “першы і бяззменны” прымае вайсковыя парады! 
 
 
У Расіі ў 2012 годзе адбывалася так званая ратацыя, калі “падсадная качка” Мядведзеў саступіў прэзідэнцкі трон Пуціну. Тады ўсім стала зразумела (хоць пра гэта казалася ад самага пачатку), што мядведзеўскае “прэзідэнтства (2008-2012)” – толькі захаванне цёплым месца дла Пуціна, каб не мяняць Канстытуцыю, што дазваляе адной асобе быць прэзідэнтам Расіі не больш за два тэрміны запар. 
 
 
У Беларусі гэты “анахранізм” быў пераможаны яшчэ ў 2004 годзе, калі ў выніку так званага плебісцыту, не прызнага міжнароднай супольнасцю, Лукашэнка атрымаў магчымасць “абірацца” прэзідэнтам бясконца. І што, у такой сітуацыі, калі ўсё ў краіне падначалена аднаму чалавеку, а Цэнтрвыбаркам у асобе вядомай “баршчаваркі” малюе любыя пажаданыя лічбы, правадыр адмовіцца ад “скіпетра і дзяржавы”? Ды ніколі! Хоць мне і хацелася б памыліцца. 
 
 
Так што “рэктар Лукашэнка” – гэта казка пра белага бычка, якую распавёў самы галоўны ў краіне казачнік. 
 
 
P.S.: Праўда, варта нагадаць, што ў Беларусі ўжо мелі месца моманты, калі не акадэмік (Міхаіл Мясніковіч) прызначаўся кіраўніком Нацыянальнай акадэміі навук, а асоба без вышэйшай юрыдычнай адукацыі (Віктар Шэйман) апынулася ў фатэлі генеральнага пракурора краіны. Так што тут усё магчыма.  

Каментаваць