Назвалі Панікоўскім

Расійскі агітпроп рэзка ажывіўся на тле мала чаканага візіту ва Украіну афіцыйнага беларускага лідара ў гэты панядзелак. І асабліва на тле таго, што ў аўторак у Кіеў меў заявіцца (і заявіўся) ўласнай персонай і прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Дарэчы, гэтыя візіты адбыліся акурат напярэдадні прыезду Лукашэнкі і Назарбаеву ў Маскву на саміты інтэграцыйных структураў, якія маюць адбыцца 23 снежня.

І Лукашэнка, і Назарбаеў выказалі сваю прыязнасць да ўкраінскага кіраўніцтва. Беларускі правадыр нават паабяцаў “цягам сутак” выканаць усё, што папросіць яго афіцыйны Кіеў. Хоць і параіў не ўсё пажаданае і прапанаване выносіць на публіку. Таму можна толькі здагадвацца, што знаходзіцца ў “партфелі прапановаў” для Украіны ў афіцыйнага Мінска.
 
 
Назарбаеў, у сваю чаргу, не толькі сказаў прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку пра свае патэнцыйныя пасрэдніцкія функцыі па ўрэгуляванні канфлікту (чытай, вайны) з Расіяй, але і выставіў канкрэтныя рэкамендацыі, да прыкладу, пастаўляць ва Украіну казахстанскі вугаль, каб нівеляваць страты ад таго, што адбываецца на Данбасе, дзе Кіеў зараз мае недастатковы, калі не сказаць, амаль ніякі ўплыў. А Данбас – вугальны рэгіён, ад якога шмат у чым залежыць эканоміка Украіны. Таму дапамога з боку Астаны ў гэтым пытанні была б не залішняй.
 
 
Што яшчэ абмяркоўвалася падчас гэтых візітаў, мала вядома. Але можна не сумнявацца, што пытанні для перамоваў былі важныя.
 
 
У гэтым не сумняваецца і Масква. Таму расійскія электронныя СМІ напярэдадні візітаў Лукашэнкі і Назарбаева “пусціліся ва ўсе цяжкія”. Ледзь стрымліваючы эмоцыі (бо ўсё ж на носе прыезд у Маскву высокапастаўленых асобаў, пра якіх вядзецца гаворка ў рэпартажах і якія вельмі добра ўмеюць крыўдаваць), прапагандысты ад расійскай тэлевізіі не стрымаліся.
 
 
Наведванню Кіева Аляксандрам Лукашэнкам другія суткі прысвячаюць свае “рэпартажы і каментары” “языкі і твары” дзяржаўных расійскіх тэлеканалаў, трактуючы падзею ледзь не як здраду Мінска маскоўскаму саюзніку.
 
 
А тэлеканал, які ўсё яшчэ лічыцца больш-менш ліберальным - РБК (ён знаходзіцца пад кантролем мільярдэра Міхаіла Прохарава), увогуле вызначыўся выказваннем аднаго запрошанага ў эфір 22 снежня эксперта. Той параўнаў афіцыйнага беларускага лідэра з Панікоўскім, які “считает всех окружающих никчемными и ничтожными личностями, но все время просит миллион”.
 
 
Зразумела, што наведванне Кіева напярэдадні прыезду ў “Белакаменную” прэзідэнтамі Беларусі і Казахстану не надало настрою ўладарам Крамля. Таму і пырскаюць слінаю іх штатныя прапагандысты. Гэта робіць яшчэ больш цікавым тое, што давядзецца назіраць у аўторак, і якімі будуць вынікі гэтых маскоўскіх самітаў інтэграцыйных постсавецкіх структураў.

Каментаваць