Не шчасціць дык не шчасціць

Вельмі валідольнай атрымліваецца цяперашняя Алімпіяда для беларускіх аматараў спорту ды саміх спартоўцаў, якія атрымалі магчымасць (і гонар) прадстаўляць Беларусь на галоўных спаборніцтвах чатырохгоддзя.

Фота www.pressball.by


Сёння ўначы заставалася толькі глытаць валяр’янку ці штось іншае па заканчэнні гульні вельмі някепскай нацыянальнай зборнай Беларусі па баскетболе на чале з нашым выбітным трэнерам Анатолем Буяльскім. Надоечы ва ўпартай барацьбе нашы саступілі на апошніх хвілінах камандзе Японіі, а вось як аддалі перамогу зборнай Францыі — чысты галівуд. Калі не памыляюся, гэтая вікторыя францужанак увойдзе ў аналы алімпіядаў — беларускі саступілі ім 2 балы (сваю перамогу) за 0,2 (!!!) секунды да заканчэння гульні. Нават суддзя быў вымушаны прымаць рашэнне пры дапамозе тэхнічных сродкаў і сваіх калегаў.

Шкада нашых спартовак, якія насамрэч б’юцца вельмі аддана. Гэта не апошняя гульня для іх у Рыа, але шанцаў прайсці групавы турнір усё менш. Тым не менш, кідаць камень у гарод Буяльскага і яго выхаванак рука не падымаецца.

Не парадавалі і беларускія дзюдаісты. Пасля першага ж матчу вылецеў з Алімпіяды былы алімпійскі чэмпіён у міксце (разам з Вікторыяй Азаранка ён заваяваў золата ў 2012 годзе) Максім Мірны.  

Зламаўся задоўга да фінішу ровар у сцяганосца (і адначасова сцвярджальніка пра “мёртвасць беларускай мовы”) Васіля Кірыенкі. Дарэчы, асаблівых шкадаванняў з гэтае нагоды ў байнэце не назіралася. “Падкачалі” і нашы маладыя плыўцы-мужчыны, якія мусяць кіравацца дахаты пасля першых жа папярэдніх спаборніцтваў.

Хто парадаваў? Пакуль што Вікторыя Паўловіч — нашая добрая майстрыца ў настольным тэнісе. Пасля валявой перамогі над расійскай суперніцай (4:2) яна здолела выйсці ў трэці раўнд спаборніцтваў. Прычым, прадэманстраваўшы сапраўдную волю, бо пасля першых дзвюх партыяў Віка саступала расіянцы (0:2), але потым узяла сябе ў рукі і прадэманстравала цудоўную і валявую, а галоўнае, якасную і выніковую гульню.

На каго яшчэ спадзявацца? Хіба што на нашу “залатую рыбку” Аляксандру Герасіменю. Але Алімпійскія гульні — такія непрадказальныя, што рабіць нейкія прагнозы тут справа няўдзячная. Ну, хто б мог падумаць, што ўжо ў першым матчы на тэнісным турніры прайграе пасеяны пад першым нумарам серб Новак Джокавіч (першая ракетка свету)? Так што тут хто заўгодна можа “стрэліць”. Таму будзем глядзець Алімпіяду далей. І заўзець за нашых. За тых, хто яшчэ застаецца ў Рыа.  




Каментаваць