Не страляйце!!!

30 лістапада суддзя Вярхоўнага суда Беларусі Аляксандр Федарцоў агучыць прысуд па, бадай, самай рэзананснай справе апошняга дзесяцігоддзя па справе аб выбуху на станцыі “Кастрычніцкая мінскага метрапалітэну. Трагедыя, якая надарылася за некалькі хвілін да шостай гадзіны вечара 11 красавіка 2011 года, у “час пік, каштавала нам 15 жыццяў і сотні параненых.

30 лістапада суддзя Вярхоўнага суда Беларусі Аляксандр Федарцоў агучыць прысуд па, бадай, самай рэзананснай справе апошняга дзесяцігоддзяпа справе аб выбуху на станцыі “Кастрычніцкая мінскага метрапалітэну. Трагедыя, якая надарылася за некалькі хвілін да шостай гадзіны вечара 11 красавіка 2011 года, у “час пік, каштавала нам 15 жыццяў і сотні параненых.

Дзіўным чынам злачынства, паводле беларускага кіраўніка, было раскрытае ўжо праз меней як два дні. Праз колькі месяцаў пачаўся суд, які, з гледзішча назіральнікаў, не даў магчымасці выкрыць сапраўдных злачынцаў. Ні сваякі, ні чужыя сем’ям Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва людзі не ўпэўнены, што менавіта гэтыя два дваццаціпяцігадовыя хлопцы здзейснілі тое жахлівае злачынства. Не веру ў гэта і я. І тут ёсць некалькі довадаў, на якія хацелася б звярнуць увагу суддзі, які будзе 30 лістапада зачытваць прысуд маладым віцяблянам.  

Па-першае, караць смерцю — артэфакт, які не ўласцівы нават усходнім постсавецкім рэжымам. Па-другое, тыя, хто сачыў за ходам гэтага судовага працэсу, разумеюць, што вядзецца нейкая кепска прыхаваная гульня. Па-трэцяе, не верыцца, што гэтыя хлопцы, якія, прынамсі, зусім не ёсць анёламі, маглі здзейсніць тое, што ім інкрымінуецца. Па-чацвёртае — дакладных доказаў у судовым працэсе віны Кавалёва і Канавалава не прагучала. Наадварот, адвакаты абвінавачваемых, як мне падаецца, не пакінулі камяня на камні ад довадаў пракурора Стука.

Таму мой асабісты зварот як грамадзяніна пакуль яшчэ незалежнае Беларусі тычыцца менавіта суддзі. Спадар Федарцоў! Не бярыце граху на душу. Не дазвольце стрэліць у патыліцы хлопцам, чыя віна, я думаю, і Вам бачыцца недаказанаю. Ажывіць пасля смерці чалавека яшчэ не даводзілася нікому. Судовая сістэма Беларусі ўжо паказала сябе на прыкладзе "віцебскай справы", калі замест вар'ята Міхасевіча расстралялі нявіннага чалавека. І рэабілітацыя забітага воляю дзяржавы чалавека нікому не палегчыла жыццё.

Любоў Кавалёва, маці Уладзіслава, прапанавала расстраляць яе замест яе хлапчука. Яна не верыць у віну Уладзіслава, як не вераць у яе дзясяткі тысяч грамадзян не толькі Беларусі, але і іншых краінаў свету. Ці пойдзеце Вы, спадар Федарцоў, на смяротны прысуд людзям, вінаватасць якіх не даказаная следствам? Уявіце сябе на месцы Любові Кавалёвай. Вы ж не тыран і не забойца, Вы — той, хто вырашае лёсы людзей. Застаньцеся чалавекам, не цалуйце кулю, якая можа адабраць у сваякоў сыноў, братоў, пляменнікаў. Прашу Вас, спадар Федарцоў, узгадайце Бога, запаветам якога ёсць: "НЕ ЗАБІ!" Прашу Вас…
 

Каментаваць