Незаўважны юбілей

Яшчэ гадоў дзесяць-пятнаццаць таму за колькі тыдняў да гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у беларускім  дэмакратычным асяродку ўсё б віравала і кіпела.

Яшчэ гадоў дзесяць-пятнаццаць таму за колькі тыдняў да гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у беларускім  дэмакратычным асяродку ўсё б віравала і кіпела. Традыцыйны “Чарнобыльскі шлях, міжнародныя кангрэсы “Свет пасля Чарнобыля, ладжаныя з ініцыятывы Беларускага дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобыля і яго замежных партнёраў па ўсім свеце, “круглыя сталы і канферэнцыі, прысвечаныя пытанням ліквідацыі жудасных наступстваў самай страшнай тэхнагеннай трагедыі дваццатага стагоддзя, выставы, іншыя людныя мерапрыемствы былі неад’емнай часткай красавіка любога году пасля 1989. Набліжаецца 25-я гадавіна Чарнобыля, а ў Беларусі – амаль цішыня.

Так, створаны аргкамітэт па правядзенню “Чарнобыльскага шляху 26 красавіка, узначалены вядомым навукоўцам, палітычным і грамадскім дзеячом Юрыем Хадыкам. Пададзена заяўка ў Мінскі гарвыканкам на правядзенне вулічнага шэсця і мітынгу. Рэгіянальныя дэмакратычныя актывісты рыхтуюць пікеты да чарнобыльскіх угодкаў. Пэўна, будуць яшчэ кольвеч якія мерапрыемствы да гэтай чорнай даты ў гісторыі Беларусі. Магчыма. Але адчування, што 26 красавіка споўніцца ЧВЭРЦЬ СТАГОДДЗЯ з пачатку чарнобыльскае навалы, што гэта дата агульнанацыянальнага маштабу, няма. Прынамсі, у мяне.

Амаль няма публікацый на менавіта чарнобыльскую тэматыку як у дзяржаўнай, так і незалежнай прэсе. Што тычыцца дзяржавы, то тут усё абсалютна зразумела: навошта закранаць пытанне “мірнага атаму, наступстваў чанобыльскай катастрофы, калі дзяржаўныя мужы рыхтуюуць свайму народу жахлівы па сваім патэнцыяльным наступствам падарунак – атамную электрастанцыю, якую плануецца збудаваць у самым экалагічна чыстым раёне Беларусі – на Астравеччыне (Гродзенская вобласць). Улады не бяруць да галавы (ці не хочуць браць), што Расія ў асобе “Росатама, якая збіраецца “пасадзіць тут АЭС, праводзіць эксперымент, бо такія рэактары, якія мяркуецца збудаваць на тутэйшай атамнай станцыі, яшчэ нідзе не выпрабоўваліся. Такім чынам, беларусы зноў робяцца “падвопытнымі трусікамі.  

Што тычыцца апазіцыі і дэмакратычнага лагера ўвогуле… Натуральна, ёсць такі чыннік, як трагедыя 19 снежня 2010 году, наступствы якой, як і трагедыі чарнобыльскай, беларускае грамадства будзе разграбаць яшчэ вельмі доўга. Эксперты-палітолагі сцвярджаюць, што падзеі, якія адбыліся пасля апошніх выбараў прэзідэнта, надоўга адцягнулі ўвагу грамадства ад усіх іншых праблем, у тым ліку і чарнобыльскай.

Часткова з гэтым можна пагадзіца. Але ж палітычная навала праходзіць, а наступствы катастрофы на ЧАЭС застаюцца. Улады спрытна скарыстоўваюць сітуацыю, калі чарнобыльская праблематыка адыходзіць на другі і нават на трэці план, таму сёння і засяваюцца збожжам яшчэ ўчора прызнаныя бруднымі і небяспечнымі пашы, быдла выводзяць пасвіцца на яшчэ ўчора называныя кантамініраванымі палі. Гэта называецца ў чыноўнікаў “вяртаннем зямель у сельскагаспадарчае абарачэнне. Пра тое, што на бруднай зямлі нельга вырасціць чыстую прадукцыю, - амаль ні гу-гу.

“Чарнобыльцаў пазбавілі ільгот – пашумелі-паабураліся і… зноўку  забыліся, прывыклі. І так з усім, што тычыцца пытанняў радыяцыі, радыёнуклідаў, Чарнобыля ўвогуле.

Як жа сёння не хапае прафесара Івана Мікалаевіча Нікітчанкі, многія гады бяззменнага старшыні аргкамітэту па правядзенню “Чарнобыльяскага шляху, які летась трагічна пайшоў з жыцця! Ён быў, бадай, апошнім з “чарнобыльскіх магіканаў, які гучна і абгрунтавана ўздымаў свой голас супраць “мірнага атаму, апеляваў да свету з тым, што нельга забывацца на Чарнобыль, што яго наступствы працягваюць заставацца жахлівымі і ўяўляюць па-ранейшаму вялікую небяспеку для жыцыця людзей, асабліва дзяцей. Не стала Івана Нікітчанкі, як не стала дырэктара “Белрада прафесара Васіля Несцярэнкі, і антычарнобыльская хваля можа знікнуць.

Але ж Чарнобыль нікуды не падзеўся і не падзенецца яшчэ стагоддзі. Наступствы катастрофы на ЧАЭС нельга зліквідаваць, але можна мінімізаваць, была б такая зацікаўленасць у адпаведных структур, перш за ўсё дзяржаўных.

Але і грамадства не мае права ў гэтым пытанні заставацца ў баку. Чарнобыль – не той выпадак, калі лепшым доктарам з’яўляецца час. Час не можа прадухіліць уплыў на арганізм малых доз радыяцыі, час сам па сабе не можа вывесці шкодныя рэчы, у тым ліку нукліды з чалавечага цела, тут павінна быць нешта больш матэр’льнае, нешта, што можа і павінен рабіць сам чалавек. На дзяржаву, якая парынула ў ёй самой жа створаных праблемах, спадзявацца не выпадае. Ратаваць сябе могуць толькі самі людзі, само грамадства, якое па сваёй прыродзе больш мабільнае і адказнае ў параўнанні з дзяржавай беларускага тыпу. Так што нельга забывацца на Чарнобыль і нават проста аслабляць увагу да яго. Гэта ў інтарэсах усіх і кожнага з нас. Калі, канешне, мы яшчэ хочам жыць самі і хочам, каб жылі нашы нашчадкі.   
 

Каментаваць