Інфармацыйная атака ўзмацняецца

Кола расійскіх сродкаў масавай інфармацыі, якія вядуць сапраўдную інфармацыйную вайну супраць дзейнага кіраўніка беларускае дзяржавы, пашыраецца. Так, да тэлеканалаў, якія ўжо напоўніцу выбухнулі ў бок прэзідэнта Беларусі — Першы (ОРТ) і НТВ, — далучыўся і тэлеканал «Россия» ў выглядзе праграмы «Вести».

Кола расійскіх сродкаў масавай інфармацыі, якія вядуць сапраўдную інфармацыйную вайну супраць дзейнага кіраўніка беларускае дзяржавы, пашыраецца. Так, да тэлеканалаў, якія ўжо напоўніцу выбухнулі ў бок прэзідэнта Беларусі — Першы (ОРТ) і НТВ, — далучыўся і тэлеканал «Россия» ў выглядзе праграмы «Вести».

Чарговую порцыю раздражнёнасці расійскіх медыйшчыкаў выклікала з’яўленне на Першым канале Беларускага тэлебачання прэзідэнта Грузіі. Вядучы тэлеканалу Дзяніс Кур’ян запісаў гадзіннае інтэрв’ю з афіцыйным грузінскім лідэрам у яго тбіліскай рэзідэнцыі, у выніку чаго атрымалася трынаццаціхвілінная тэлеразмова з Міхаілам Саакашвілі, які казаў, у тым ліку, і пра стасункі яго дзяржавы з Беларуссю і Расіяй.

Як рэакцыя на гэтае інтэрв’ю — негатыўныя выказванні ў бок Аляксандра Лукашэнкі ад дэпутатаў Дзяржаўнай думы і Савета федэрацыі, ад палітычных лідэраў і гэтак далей. Прычым, у негатыве ўз’ядналіся і правыя, і левыя, нават з боку КПРФ, якая заўжды абараняла Аляксандра Лукашэнку «ад нападак Крамля», паследавалі жорсткія ацэнкі дзеянняў і палітыкі беларускага кіраўніцтва. І крытыку гэтую выказаў ні хто-небудзь, але «правая рука» Генадзя Зюганава дэпутат Дзярждумы Мікалай Харытонаў.

Можна казаць пра тое, што ўсе палітычныя суб’екты Расійскай Федэрацыі «глядзяць у рот» Пуціна і Мядзведзева. Але не толькі асабістае негатыўнае стаўленне дуумвірата да беларускага кіраўніка вызначае сённяшнюю расійскую рыторыку. Мне падаецца, што калі хоць на ёту закранаюцца імперскія інтарэсы «Трэцяга Рыма», тут адразу любы сябар пераўтвараецца ў ворага — ні многа ні мала!

Уся палітыка Расіі апошніх месяцаў была скіраваная на тое, каб даказаць, хто гаспадар на постсавецкай прасторы. Гвалтоўнае (без перавелічэння) уцягванне Беларусі ў чарговы расійскі інтэграцыйны праект пад назвай «Мытны саюз Расіі, Беларусі і Казахстана» з выкарыстаннем усіх магчымых прыстойных і не вельмі метадаў з боку «вялікага брата» і з нічога справакаваная газавая вайна — толькі сведчанне такой палітыкі. А колькі гэтых «войнаў» ужо было за апошнія гады!

А афіцыйны Мінск нарваўся на тое, на што ішоў апошнія шаснаццаць гадоў. Кідацца ў абдымкі імперскага волата, якім з’яўляецца постсавецкая Расія, — справа вельмі небяспечная. Калі нават і прыносіць часовыя эканамічныя дывідэнды. А калі гэтаму волату нешта недаспадобы, ён пачынае сябе паводзіць зусім па-іншаму.

Не будзем кранацца пытанняў разыходжанняў паміж Мінскам і Масквой, пра гэта напісана і прагаворана ўжо вельмі шмат. Папросту тут будзе да месца расійская прымаўка — «За что боролись, на то и напоролись». Мядзведжыя абдымкі Расіі не вытрымае ніводзін хрыбет, тым больш такі кволы, як беларускі. Проста яшчэ паўтара дзесяткі гадоў трэба было думаць пра гэта. І калі сёння ў дачыненні да Расіі афіцыйны беларускі кіраўнік пачынае гаварыць словамі Зянона Пазьняка дваццацігадовай даўніны, то, значыць, прыпёрла не на жарт. А будзь беларускае кіраўніцтва дальнабачным ад самага свайго прыходу да ўлады, нічога падобнага на сённяшнія падзеі не было б. Але, відаць, позна піць баржомі…
 

Каментаваць