Нічога не мяняецца

Давялося чарговым разам пералістаць зборнік «Чорным па белым», у якім змешчаны найлепшыя артыкулы забітай дзесяць гадоў таму нашай калегі, журналісткі Веранікі Чаркасавай. Аказваецца, тое, пра што яна пісала ў той час, застаецца актуальным які ніколі менавіта сёння. Гэта, найперш, тычыцца ладу і ўмоваў жыцця беларусаў.



Я не маю за мэту пералічваць, называць ці цытаваць публікацыі гэтай адной з найлепшых журналістак сучаснасці. Вераніка пісала пра набалелае. А набалелым было і, на вялікі жаль, застаецца наша жыццё, як не банальна гэта гучыць. 

Растуць кошты. Ад 1-га лістапада народ будзе ашчасліўлены ўрадам чарговым павышэннем цэн на цыгарэты (дарэчы, смелы крок, хоць і не першы ў гэтым кірунку, бо пры канцы Перабудовы павышэнне коштаў у тым ліку і на папіросы ды цыгаркі абярнулася камуністычнаму рэжыму поўным крахам). Новыя кошты на камуналку. У блізкай перспектыве — рост падаткаў, цэн на праезд у грамадскім транспарце.

Дзяржаўныя мужы кшталту віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка, відаць, спяць і трызняць пра тое якім яшчэ чынам абкласці аброкам тутэйшых насельнікаў. У тым ліку, аброкам на вышэйшую адукацыю, на дзіцячыя садкі, на наведванне паліклінік. Эт сэтэра, эт сэтэра.

Улада даўно адасобілася ад насельнікаў, яна даўно, але асабліва апошнія дваццаць гадоў, жыве сваім не вельмі мудрагелістым, але добра забяспечаным жыццём. І пляваць, што многія заможныя на сёння ўладатрымцы час ад часу не спяць па начах – а, мо, хто з новых «варанкоў» прыедзе-прыйдзе? У «амерыканцы» ды на «валадарцы» месцаў хопіць. Пасля бяссонніцы можна каўтнуць літровік «бурбону» ці «скотчу» (не блытаць з канцылярскай прыладай!) і спаць спакойна да працверазення. А там, мо, і пранясе. Усіх не перасаджаеш.

Дык пра што гэта я? А пра жыццё наша надзённае. І пра, даруйце мне, зноўку рост коштаў. Шарагоўцы нашага абывання часта хапаюцца за галовы пры наведванні рынкаў ці звычайных крамаў. Схапіўся надоячы за галаву і аўтар гэтых радкоў, убачыўшы ў простай крамцы сасіскі не самага вядомага вытворцы за 97.590 рублёў за кіло. Файна? Так. Афігенна. Сядаем на дыету ўсім нашым калгасам пад назовам «Беларусь», бо яшчэ не так даўно сасіскі былі ледзьве не самым народным пачастункам. Зараз – дэлікатэс, хоць і часам мярзотнай якасці. Кошты на многія іншыя прадукты называць,  характарызаваць і каментаваць не збіораюся. Самі ўсё ведаеце і бачыце.

Яшчэ восень, таму садавіна і гародніна застаюцца (ці надоўга?) пакуль што больш ці менш даступнымі для электарата. Як яно будзе напярэдадні Калядаў? Здагадайцеся самі.

А што ў нас робіцца з малым бізнэсам? У разуменні ўладнікаў прадпрымальнікі, хоць і негалосна, але ўсё ж застаюцца, з падачы Правадыра, «вашынымі блохамі». Самі ведаюць пра гэта, але маўчаць.

Не ўстрымаюся ўсё ж ад цытаты Веранікі Чаркасавай з яе артыкула «Слуцкий мечтатель» («Салідарнасць», 17 кастрычніка 2003 году), у якім ідзе гаворка пра слуцкага прадпрымальніка Анатоля Самусевіча, які трымаў годны бізнэс, але потым, «дзякуючы» уладнай сістэме, быў вымушаны звярнуць сваю вытворчасць і звольніць 150 (!) чалавек, якія апынуліся на працоўный біржы. І гэтая цытата, на вялікі жаль, і цяпер тычыцца многіх і многіх з нас: «Это у нас жизнь коротают, как пожизненное заключение в тюрьме строгого режима, встречая конец, как долгожданную амнистию. За границей ее проживают осознанно и со вкусом. В таких условиях человеку должно быть очень страшно умирать».

Не. Паміраць страшна і ў нас. Бо жыццё даецца Богам толькі раз. Прынамсі, жыццё на гэтай грэшнай Зямлі. Толькі ці можна многім з беларусаў іх існаванне назваць жыццём? 

Каментаваць