Нішто не сведчыла пра тое, што будзе бяда

Тое, што цяпер адбываецца ў цэнтры Кіева – не проста страшна, а жахліва. Пралілася кроў. Шматлікія параненыя маюцца з усіх бакоў – ад праўладных “беркутаўцаў” да “паўстанцаў” і проста жыхароў украінскае сталіцы. Сярод забітых ёсць і беларус. Але яшчэ перад Новым годам падавалася, што такой бяды не будзе.

Разам з дзясяткам калегаў мне давялося наведаць Кіеў па прафесійных справаў пры канцы снежня мінулага году, літаральна ў апошнія дні перад навагоднімі святамі. Натуральна, быць у сталіцы Украіны і не наведаць яе цэнтр, дзе віруе палітычнае жыццё, для журналіста было б недаравальным глупствам. Два дні запар, увечары, мне даводзілася быць на Майдане.
 
 

Кіеў перад пачаткам крывавага супрацьстаяння

 
 
Старэйшы ўкраінскі калега, які непасрэдна прысутнічаў падчас брутальнага разгону спецназам людзей, пераважна студэнтаў у ноч на 1-га снежня 2013 году (гэтыя падзеі сталі падставаю для выхаду ў цэнтр Кіева паўмільёна людзей), правёў нас па месцах “гістарычных падзеяў”. Яны, калі ўзгадаць, тады адбываліся на вуліцы Банкавай, непадалёк ад прэзідэнцкага палацу. Нават амаль праз месяц пасля тых жахлівых падзеяў, калі “беркутаўцы” нагамі ды дручкамі малацілі безабаронных маладзёнаў ажно да страты тымі прытомнасці, на Банкавай заставаўся кардон міліцыі – “касманаўтаў” (як іх завуць, дрэчы, не толькі ў Кіеве), каб абараняць вярхоўную ўладу.
 
 
Але гэта быў не “Беркут”, а тыя маладзёнчыкі, якія праслужылі толькі год-два. Мы спрабавалі з імі гаварыць пра тое, што яны парушаюць Канстытуцыю, не даючы прайсці людзям па вуліцах у цэнтры горада. Але і гэтыя маліцыянцікі, і іх непасрэдныя начальнікі, якія тусаваліся там жа, толькі адварочвалі твары ды апускалі вочы долу – разумелі яны ўсё выдатна. Проста выконвалі загады, дзейнічалі па інструкцыі.
 
 
Тады яшчэ не было звярынага закона, тэрмінова прынятага Вярхоўнай радай, дакладней, яе праянуковічаўскай часткай, ад 16-га студзеня. Гэты так званы закон, які “данецкі” правадыр вокамгненна падпісаў, сур’ёзна абмяжоўвае і свабоду слова, і свабоду сходаў, і яшчэ цэлы стос свабодаў. Прынамсі, яшчэ гадоў пяць таму нават немагчыма было спрагназаваць, што ў Самасційнай з’явіцца нешта падобнае. Нават перад Новым годам ніхто, у тым ліку і мае ўкраінскія калегі, не маглі ўявіць сабе, якое развіццё падзеі набудуць літаральна праз пару тыдняў.
 
 

Пераднавагодні Майдан

 
 
Пераднавагодні Майдан быў мірным. Сотні намётаў, паўсюль гуляюць маскоткі – пераапранутыя ў Санта-Клавусаў ды зверыкаў маладыя людзі, якія віншуюць людзей з Калядамі ды надыходзячым Новым годам. Са сцэны на Майдане выступаюць палітыкі, артысты, творчыя калектывы з усёй краіны. Трансляцыя вядзецца на велізарны экран на сцяне суседняга будынка. Людзей няшмат, усяго толькі некалькі тысяч. Многія знаходзяцца ў намётах, тутака ж гатуецца ежа, сюды ж падвозяцца дровы і прадукты.
 
 
Смачны пах кашы ды гарбаты. І ніводнага п’янага. Хоць усе крамы на Майдане, на Хрышчаціку ды ў акрузе працуюць у сваім звычаным рэжыме. “Сотнікі” – так бы мовіць, адказныя за ахову парадку, пільна сочаць за тым, каб усё адбывалася цывілізавана. Ніякага смецця – для яго адмысловыя пакеты, якія перыядычна вывозяцца, на кожным кроку біяпрыбіральні. Ну, проста ідылія для цэнтра горада, які жыве ўжо не па законах краіны, але па сваіх уласных - па законах цывілізаванага супраціву.
 
 
Нейкая эйфарычная заспакоенасць была ў мяне і ў тых, хто тымі днямі завітаў на Майдан. А потым была навагодняя ноч, калі паўмільёна людзей у цэнтры горада разам спявалі нацыянальны гімн Украіны. Нішто не прадвяшчала бяды.
 
 

Кроў з абодвух бакоў

 
 
Нават сёння, гледзячы матэр’ялы калег з месца падзеяў, не магу сабе ўявіць, што ўсё гэта адбываецца насамрэч. Што ў цэнтры Кіева ідзе сапраўдная вайна. Што ёсць забітыя і сотні параненых. Што “кактэйлі Молатава” набылі такі ж часты ўжытак, як і пляшкі з півам ці мінералкаю. Што больш за чатыры дзясяткі журналістаў ужо пацярпелі ў выніку гэтых “баявых дзеянняў”, у тым ліку і нашы, беларусы – Сяргей Грыц, Васіль Фядосенка.
 
 
Апазіцыя спрабуе ладзіць нешта кшталту дыялогу з уладамі, але падаецца, што на поспех няма аніякіх спадзяванняў: Януковіч не пойдзе на датэрміновыя выбары і нават на адстаўку ўраду Азарава, а апаненты ўладаў не гатовыя пайсці на саступкі, каб не паказаць сваю слабаць, бо ўжо нават Віталь Клічко не ўсемі ўспрымаецца як даволі важкая персона ў кіраўніцтве апазіцыі. Хаця, паглядзім.
 
 
Захад зноў пачынае енчыць пра нейкія санкцыі ў дачыненні да ўкраінскіх уладаў. Да прыкладу, ЗША скасавалі візы некаторым афіцыйным украінскім дзеячам, якія спрычыніліся да гвалту ў цэнтры Кіева. Відаць, тыя ажно да смерці напалохаліся гэтых санкцыяў! Пра нейкія магчымыя санкцыі кажуць і ў кіраўніцтве Еўрапейскага Саюза. Але пра эфектыўнасць такіх санкцыяў лепш за ўсё сведчыць досвед Беларусі – на тутэйшае кіраўніцтва дзе селі, там і злезлі шаноўныя еўрапейскія чыноўнікі.
 
 
Што будзе далей ва Украіне - бадай, вядома аднаму Богу. Вельмі хочацца, каб больш не было ні забітых, ні параненых. Ніякая ідэя не вартая чалавечага жыцця. Калі гэта зразумеюць усе бакі ўкраінскага супрацьстаяння, тады, магчыма, атрымаецца пазбегнуць грамадзянскай вайны. Дай, магутны Божа, каб было менавіта так.

Каментаваць