Няўдачы на кожным кроку

Пачаўся 2016 год нявесела. І не проста для шараговых беларусаў, але і для ўладнага істэблішменту. Нацыянальная валюта абвальваецца (выключэнне ад пачатку года — аўторак, 19 студзеня, Вадохрышча, калі долар і еўра крышачку патаннелі да “зайца”); Расія зноў спыняе беларускі харчовы экспарт, знешніх крэдытаў не відно, але трэба тэрмінова сплачваць мільярдныя  пазыкі. І

Пачаўся 2016 год нявесела. І не проста для шараговых беларусаў, але і для ўладнага істэблішменту. Нацыянальная валюта абвальваецца (выключэнне ад пачатку года — аўторак, 19 студзеня, Вадохрышча, калі долар і еўра крышачку патаннелі да “зайца”); Расія зноў спыняе беларускі харчовы экспарт, знешніх крэдытаў не відно, але трэба тэрмінова сплачваць мільярдныя  пазыкі. І гэта толькі частка непрыемнасцяў, якія зведвае “ўнікальная беларуская сацыяльная мадэль” у асобе дзяржавы з яе бяззменным правадыром.

У тры разы з Новага году падаражала вада. Імкліва растуць кошты на праезд у міжнародным і міжгароднім транспарце. Вядзецца гаворка пра павелічэнне пенсійнага ўзросту на тле скарачэнняў працоўных месцаў на прадпрыемствах, пераходу на няпоўны працоўны тыдзень “флагманаў” айчыннае вытворчасці, звёртвання дзейнасці тысяч прадпрымальнікаў пасля ўвядзення ўказу № 222 і гэтак далей.

Улада нібыта імкнецца стацца часткаю цывілізаванага свету, хоць яе правадыр кольвеч заяўляў, што не павядзе “свой народ” за гэтым самым цывілізаваным светам. Падаецца, што тутэйшая дыпламатыя дасягнула пэўных поспехаў. Лукашэнка ўжо больш за год не “апошні дыктатар Еўропы” (на Захадзе, відаць, пра гэтае вызначэнне ў дачыненні да вечнага кіраўніка Беларусі ўжо забыліся — куды яму да Пуціна?!), нехта Лукашэнку называе нават “міратворцам” пасля прыезду ў Мінск лідараў Францыі і Германіі, Украіны і Расіі дзеля спробы ўрэгулявання расійска-ўкраінскага крызісу (чытай, вайны).

Захад так злітасцівіўся з таго, што падчас кастрычніцкіх выбараў тутэйшы рэжым нікога не кінуў у “амерыканку” ці “валадарку”, што нават адыёзная кіраўнічка Цэнтрвыбаркаму і галоўная “баршчаварка” краіны Ярмошына, пры якой ніводная выбарчая кампанія не была прызнаная міжнароднай супольнасцю, змагла атрымаць шэнгенскую візу і наведаць Францыю ды Італію. Сцяг у рукі, як той казаў.

Але ўсё гэта не ёсць бальзамам на сэрца правадыру. Дзе браць грошы для сплаты даўгоў і падтрымання здранцвелых дзяржаўных прадпрыемстваў? Чым карміць народ? Дзе браць валюту, каб “народзец” не падушыўся каля абменнікаў? Ці, не да ночы будзе сказана, не выйшаў на плошчы і вуліцы? Чым залашчыць Пуціна, каб той даў крэдыт, бо інакш хутка хана, то бок, дэфолт? Пытанні, пытанні, пытанні... Куды яшчэ можа злётаць, каму пакланіцца “Ненахільны”, каб ратаваць сябе і свой дзяржаўны лад? Зноў пытанне...

А тут яшчэ, апроч гэтых сумных “дзяржаўных” думак, любімае “дзецішча” — хакей зжырае нервы “нумару адзін”. Фронт-клуб айчыннага хакея — ганарлівыя “Зубры” (“Дынама”-Мінск) — 17 студзеня катастрафічна прайгралі омскаму “Авангарду” з лікам 1:8. Такой ганьбы айчынны хакей не зведваў даўно. (Дарэчы, з 9 апошніх гульняў мінчукі прайгралі 8). І хто цяпер узгадае пра перамогу беларусаў на афіцыёзным калядным хакейным турніры (ці то аматарскім, ці то паўпрафесійным — халера не разбярэ), дзе чарговым разам перамагла каманда Лукашэнкі, за што на стары Новы год яе гульцы атрымалі “падзяку прэзідэнта”?

Ды і біятланісты-біятланісткі без Дар’і Домрачавай уяўляюць сабою нешта такое, што “абняць бы ды плакаць”. Так што адны расчараванні ў таго, хто “вышэй за Бога”. І гэта толькі пачатак году!

Што ж, “праваслаўны атэіст” сам сабе летась напрарочыў “цяжкі 2016 год”. Агідна і небяспечна, крыўдна і брыдка тое, што менавіта ад гэтай асобы залежыць вельмі і вельмі шмат таго, калі не ўсё, што адбываецца ў Беларусі. А шараговец нічога не можа зрабіць. А апазіцыя — не ў стане. Вось такая невясёлая сітуацыя.

Аднак, на Вадохрышча, як і на Каляды, хочацца верыць у цуды. Усё ж, кольвеч і яны здараюцца.      

     

Каментаваць