Нявыхаваныя недараслі

Не толькі высокапастаўленыя дзяржаўныя дзеячы могуць адлюстроўваць сваімі выказваннямі стаўленне да іншых народаў, нават калі афіцыйна клянуцца ў братэртве і павазе адзін да аднога. Сапраўднае стаўленне і выхаванне выяўляецца не ў дарослых, але ў маладога пакалення, якое капіруе паводзіны і думкі сваіх папярэднікаў. Прыклад бязвіннага футбольнага турніра ў Пінску стаў абразчыкам таго, як ставяцца да нас нашчадкі «старэйшага брата».



Пра што гаворка? А вось пра што. Ад 12 да 15 жніўня ў Пінску праходзіў дзіцячы (!) футбольны турнір на памяць аб знаным мясцовым трэнеры Уладзіславе Леўнікаве, паведаміла by.tribuna.com.

Узрост удзельнікаў спаборніцтваў — 14-15 гадоў. У турніры бралі ўдзел выхавальнікі Пінскай адмысловай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерва, юнакі з каманды мінскага «Дынама», а таксама спартовых школ «Страгіно» (Маскоўская вобласць Расійскай Федэрацыі) і каманда Санкт-Пецярбургу (таксама Расія).

Што ж здарылася? У фінальным паядынку каманда гаспадароў (Пінск) змагалася з камандаю масквічоў і пачала перамагаць з лікам 3:2. Раптам 14-гадовы падлетак з расійскай каманды стаў абражаць суддзю, у выніку чаго быў выдалены з поля. Пасля гэтага на суддзю з нецэнзурнаю лаянкаю абрынуўся яшчэ адзін гулец расійскай юнацкай дружыны і, лагічна, малагадовы хам таксама быў выдалены з поля.

Ці зрабілі належныя высновы з паводзінаў сваіх вельмі і вельмі маладых падначаленых расійскія трэнеры? Нават і не падумалі. Больш за тое, «правадыр» расійскай каманды загадаў сваім «малым» спыніць гульню і скіраваў іх у распранальню.

Наступны момант ужо цягне сама мала на адміністрацыйнае правапарушэнне. Адзін з расійскіх гульцоў, калі накіроўваўся ў распранальню, перавярнуў стол, на якім знаходзіліся ўзнагароды, і разбіў кубак.

Як сведчаць пінскія трэнеры, цягам усяго турніра масквічы паводзілі сябе хамавіта і абзывалі беларусаў «калгаснікамі». У выніку гэтых «некалгаснікаў» папросту выдалілі з турніра.

Што гэта было?

А ўсё проста. Новае пакаленне расійцаў вучыцца на паводзінах сваіх бацькоў, палітыкаў, кіраўнікоў дзяржавы. Страчана элементарная  мараль. Гэта і паводзіны іхніх футбольных «куміраў», якія аблажаліся напоўніцу на апошнім, сёлетнім чэмпіянаце Еўропы, а потым «гасілі» свае «поспехі» «шампусікам» на сотні тысяч еўра. Гэтыя «куміры», якія нахабна паводзяць сябе і ва ўнутраным першынстве, не з’яўляюцца станоўчым прыкладам да маладзейшага пакалення.



Апроч таго, палітыка расійскага кіраўніцтва апошніх гадоў навучыла падлеткаў лічыць сябе за «звышнацыю», якая «паўстала з каленяў», якая можа паводзіць сябе па-за межамі міжнароднага права і нормаў культуры.

Называючы беларусаў «калгаснікамі», маладыя расійсцы дэманструюць сапраўднае стаўленне да нас, грамадзян сінявокай,  усмактаўшы ў сябе як губка самрэчныя адносіны да сваіх «малодшых братоў» з боку расійскага істэблішмента. Узгадайце, колькі разоў называў тутэйшага правадыра «калгаснікам» і «пастухом» беснаваты фюрэр ЛДПР Жырыноўскі. А беларускі правадыр усё гэта праглынаў, а потым ручкаўся і ледзь не лабызаўся з «Жырыкам», калі таго патрабавала палітычная кан’юнктура.

Паводзіны расійскіх футбалістаў-падлеткаў зусім не выпадковыя. У іх ужо сфармавана стаўленне да іншых «калегаў», да іншых нацый, якія «ніжэй за рускіх». І гэта вельмі небяспечна. Варта ўзгадаць яшчэ адзін прыклад: як мярзотныя паводзіны расійскіх фанатаў на згаданым першынстве кантынента па футболе ўхвалялі высокапастаўленыя дзяржаўныя асобы на ўзроўні расійскага віцэ-прэм’ера Рагозіна. Таксама «стымул» паводзіць сябе вульгарна і хамавіта. А то ж !

І тут трэба задумацца ўжо нашым спартовым і не толькі функцыянерам — ці варта ўвогуле запрашаць да нас на спаборніцтвы  невыхаваных неадэкватаў, якія абражаюць гасцінных гаспадароў. Пытанне адно: што для беларускіх чыноўнікаў больш важнае — мараль, нацыянальная годнасць ці геапалітыка?


Каментаваць