“Новая дзяржава” Раскрымкрымбрыд

Тое, што расійскае кіраўніцтва зляцела з катушак, было зразумелым яшчэ ў жніўні 2008 году, калі “спяшчая красавіца” — тагачасны прэзідэнт Расіі Мядзведзеў пад рэгентствам няўтопнага гэбэ-цень-кардынала Пуціна фактычна абвесціў вайну Грузіі ды адкалупаў ад гэтай незалежнай дзяржавы Абхазію і Паўднёвую Асецію. Цяпер гісторыя паўтараецца з Украінай, але ў больш трагічным адценні.

Расія ніколі не хавала сваіх імперскіх амбіцыяў. Але пасля 2008 году, калі Захад фактычна спусціў на тармазах расійска-грузінскую вайну, падавалася, што, нягледзячы ні на што, такая трагічная недарэчнасць больш не паўторыцца. Тым больш што за пэўныя пернікі пуцінскай імперыі дазволілі правесці зімовыя Алімпійскія гульні 2014 года, а наперадзе яшчэ і Чэмпіянат свету па футболе.

Ну хто мог яшчэ паўгода таму сказаць ці прадказаць, што на пачатку 2014-га свет апынецца на мяжы новай вайны, якую ініцыюе Пуцін з ягонымі хаўруснікамі? Хаця, хто тыя хаўруснікі, трэ яшчэ высветліць дасканала. І ці ёсцяка яны ўвогуле?

Расія доўга, прыкметна-непрыкметна выпестоўвала пятую калону на тэрыторыі Украіны. І нядзельна-панядзелкавыя бравады так званых кіраўнікоў “Крымскай аўтаномнай рэспублікі” на чале з бандзюганамі не горш за Януковіча абвяшчаюць пра “вяртанне дадому” — ва ўлонне “Першапрастольнай”. “Турма — твой дом”, — казаў кольвеч герой майго любімага актора Анатоля Папанава ў кінакамедыі “Сцеражыся аўтамабіля”. І вось цяпер сапраўдныя зэкі выходзяць на авансцэну ў Крыме. І будуць спяваць алілую ды цалаваць філейныя часткі таму, хто стаіць на вяршыне ўлады ў Расіі ды таксама не цураецца зэкаўскага лексікону.

А што “крымскі” народ? А што народ… У генетычным запале імперскасці выхадцы з Расіі (за грошы ці не — гэта не так ужо цяпер і важна) пляскаюць у ладкі, абмотваюцца расійскімі сцягамі, равуць пра тое, што вяртаюцца дамоў. А што, пры Украіне Крым не быў вашым домам? Ну-ну.   

Татары, украінцы, нават многія рускія, якім лёсам было наканавана жыць ва ўлонні “Нэнькі Украіны”, не жадаюць падпадаць пад дах пуцінскай імперыі, дзе не гарантаваныя на правы, ні нават абавязкі простага чалавека. Украіна ўсё ж бліжэй да цывілізаванага свету, чым артэфакты Візантыі ў асобе расійскага кіраўніцтва, якое дзеля сваіх пачварных мэтаў выкарыстоўвае падуладныя сродкі масавай дэзінфармацыі, увасобленыя адыёзным монстрам Д. Кісялёвым і аналагічнымі істотамі, якія даказалі, што найбліжэйшы прыспешнік Гітлера Гёбельс — іх найлепшы настаўнік і духоўнік. Толькі вось пасля апошніх засталіся мільёны закатаваных у канцлагерах, спаленых у вёсках і забітых на палёх вайны ахвяраў. Кісялёў, Міткова і кампанія хочуць таго ж?

Хочуць таго ж і тыя “дзеячы культуры” (прызнаюся, як шкада заносіць у коскі некаторых з тых, каго лічыў добрымі, таленавітымі і сумленнымі людзьмі!), якія падпісаліся ў падтрымку крыважэрных планаў Пуціна? Культура стаіць на службе ў цывілізацыі і дабрыні. А вось яны вырашылі стаць адэптамі пуцінізму на другім дзясятку новага тысячагоддзя. Божухна, куды Ты глядзіш? Вярні мазгі ў вытокі!

Страшна. Страшна тое, што адбываецца, і тое, што можа яшчэ адбыцца. Нават у жахлівым трызненні немажліва было ўбачыць, што вайна сёння зноўку становіцца рэальнаю. Што наноў на подыюм сусветнай гульні з усходу выходзяць чарговыя “іваны жахлівыя” ды “пятры”, сталіны і іншыя падхмарнікі “трэцяга рыму”. На вялікі жаль, Расія, якая на пачатку 90-х гадоў мінулага веку многім падавалася ледзьве не крыніцаю сучаснае дэмакраты, выявіла свой сапраўдны твар. Які, аказваецца, не мяняецца ўжо многія стагоддзі. Толькі хаваецца пад рознымі рызамі. І ў выніку сёння свет атрымлівае новую псеўдаімперыю — Раскрымкрымбрыд (Расійска-крымская крымінальная брыдота).   

Каментаваць