Паўгады пасля Плошчы

19 снежня 2010 года ўвайшло ў найноўшую гісторыю Беларусі. Але не таму, што ў той дзень адбываліся чацвертыя прэзідэнцкія выбары. Тая марозная нядзеля запомніцца самым жорсткім за дваццаць год незалежнасці разгонам “сілавікамі мірнай акцыі пратэсту, у якой узялі ўдзел дзясяткі тысяч мірных грамадзян нашае краіны.

19 снежня 2010 года ўвайшло ў найноўшую гісторыю Беларусі. Але не таму, што ў той дзень адбываліся чацвертыя прэзідэнцкія выбары. Тая марозная нядзеля запомніцца самым жорсткім за дваццаць год незалежнасці разгонам “сілавікамі мірнай акцыі пратэсту, у якой узялі ўдзел дзясяткі тысяч мірных грамадзян нашае краіны.

Больш за 700 чалавек былі затрыманыя, збітыя і асуджаныя на буйныя штрафы і суткі арышту па адміністратыўных справах. Дзясяткі прадсталі перад судамі па крымінальных справах “аб масавых беспарадках і за “арганізацыю альбо актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Да рэальнага пазбаўлення волі прыгавораны дзясяткі людзей, у тым ліку і тры экс-кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў (5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму), Мікола Статкевіч (6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму) і Дзмітрый Ус (5,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму). Ніводная еўрапейская і нават постсавецкая краіна не ведала такога, каб за кратамі адразу пасля выбараў апынуліся сем прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду ў дзяржаве, якія апаніравалі прэтэндэнту ад улады (ён жа бяззменны кіраўнік краіны). 

Застаецца шмат пытанняў. Хто зладзіў правакацыю ля Дома ўраду? Хто аддаваў загад на брутальныя дзеянні спецназу ў дачыненні да бяззбройных людзей, якія ў абсалютнай большасці не рабілі нічога супрацьзаконнага? Чаму так званыя праваахоўнікі хапалі грамадзян далёка ад Плошчы Незалежнасці, у выніку чаго ў пастарунках апынуліся многія дзясяткі тых, хто не меў аніякага дачынення да згаданых падзей? Чаму суды на наступны дзень пасля “крывавай нядзелі працавалі нібы канвейер, а на разгляды адміністратыўных спраў на чалавека хапала дзвюх-трох хвілін і нават меней? Чаму людзі ў мантыях, якія называюць сябе суддзямі, не бралі да ўвагі паказанні затрыманых і не дапускалі ці не слухалі  сведкаў, якія маглі пацвердзіць невінаватасць фігурантаў адміністратыўных спраў, а кіраваліся толькі часам супярэчлівымі і нават відавочна ілжывымі паказаннямі міліцыянтаў? Пытанні, пытанні, пытанні…

Падавалася, што пасля тых трагічных падзей апазіцыя мусіла б зрабіць высновы, чаму такое стала магчыма, чаму зноў не атрымалася сканцэнтравацца на дасягненні агульнай мэты і вылучыць адзінага кандыдата ў прэзідэнты, вызначыцца, што трэба рабіць далей і як аб’яднаць высілкі дзеля змянення сітуацыі ў краіне. Аднак, на вялікі жаль, нічога падобнага не адбылос і не адбываецца.

Затое стала відавочна, што ў Беларусі пасля 19 снежня 2010 году  з’яўляецца новая грамадзянская супольнасць. Акцыі салідарнасці з арыштаванымі ў першыя дні пасля “крывавай нядзелі, мірныя акцыі пратэсту новага флэшмобнага фармату, арганізаваныя не палітычнай апазіцыяй, але да нядаўняга часу апалітычнай супольнасцю, выявы пратэстных настрояў на межах Беларусі і зноўку акцыі салідарнасці з тымі, хто прадстаў перад судамі і атрымаў велізарныя штрафы ў Гродна, нарэшце, акцыя “Стоп-бензін, якая вельмі ўзбударажыла ўладу. А, і яшчэ тое, як жанчыны на Нямізе заступіліся за мужчыну, якога беспадстаўна збівалі “бравыя супрацоўнікі міліцыі толькі за тое, што той, у сваю чаргу, у аўтобусе заступіўся за студэнта-безбілетніка. 

Аб’ектыўна шматгадовыя праціўнікі рэжыму “залізваюць раны пасля 19 снежня, многія яшчэ адыходзяць ад месяцаў, праведзеных у следчых ізалятарах, многія пакінулі краіну. Але так расштурхоўвацца можна і гадамі, а сітуацыя ў краіне пагаршаецца і можа выйсці з-пад кантролю ўладаў, а апазіцыя можа спазніцца перахапіць гэты кантроль, пра што шматкроць казалі недзяржаўныя палітолагі.

У мяне часам складваецца ўражанне, што ў Беларусі не дзейнічаюць ні законы эканомікі, ні законы палітыкі, ні законы прыроды чалавечага існавання ўвогуле. Куды ні кінь – усюды мы нейкія асаблівыя, адмысловыя і нелагічныя, дзівакаватыя. Шмат хто з замежнікаў, якія блізка ведаюць нашу краіну, кажа, што беларусаў яшчэ цяжэй зразумець, чымся рускіх. Для тыповых заходнікаў беларусы яшчэ больш загадкавыя, чымся нашы ўсходнія суседзі. Нічым, маўляў, беларусаў не проймеш! 

Яны маюць рацыю. Мы самі не можам разабрацца ў саміх сабе. Мы не ведаем чаго хочам, ці нават не хочам гэтага ведаць. Мы разлічваем, чакаем, што нехта прыйдзе і зробіць наша жыццё лепшым, такім, якое яно ёсць у цывілізаваных краінах, хоць і там сваіх праблем багата. Мы можам лаяць чыноўнікаў, уладу, але на кухнях. У лепшым выпадку ў чэргах, хто смелы. Ці ў грамадскім транспарце.

Магчыма, нешта ўжо пачынае мяняцца. Людзі (маладыя) шукаюць новыя магчымасці самавыяўлення, выказвання сваёй пазіцыі. Сёння гэта адбываецца праз сацыяльныя сеткі. Што будзе заўтра,  прадказаць цяжка. Некаторыя кажуць, што трэба пачакаць восені, калі народ вернецца з адпачынкаў (хто змог вырвацца і каму хапіла сродкаў), з лецішчаў і вёсак, калі атрымае новыя жыроўкі пасля пачатку новага ацяпляльнага сезона, калі, у рэшце рэшт, у народа закончацца “заначкі у панчохах. Тады, маўляў, можа і сацыяльны выбух адбыцца. Не ведаю. Але і не выключаю, што для кагосці гэтая восень можа стацца апошняй “восенню патрыярха. Жыццё пакажа.  

 

Каментаваць