Па заслугах!

Нячаста даводзіцца пагаджацца з дзеяннямі галоўнага палітычнага гульца на беларускай арэне. Але тое, што Лукашэнка даў званне “Герой Беларусі” “залатой Дашы” — нашай цяпер ужо сапраўды славутай біятланісцы Дар’і Домрачавай, на маю персанальную думку, ёсць правільным. Тры Алімпійскія “золаты” за адныя гульні — яно таго варта.

Шчыра прызнаюся: для мяне біятлон — настойлькі валідольны від спорта, асабліва з удзелам Дашы Домрачавай, што не магу яго глядзець. Дакладней, не мог. Ачсабліва падчас “агнявых рубяжоў”. Асабліва гэта было да апошніх Алімпійскіх гульняў. Наша Даша прывучыла нас да таго, што можа ляцець нібы ракета па трасе, а потым паліць у чужую мішэнь, ці пераблытаць лёжку са стойкай. І ўсё роўна паказаць годны вынік. Але ж колькі гэта каштавала нерваў, прычым і ёй самой, і яе заўзятарам!

  

Аднак жа ж, не заўсёды, мякка кажучы, стабільная страляніна не перашкаджала ёй выйграваць гонкі на этапах Кубку свету і нават стаць Чэмпіёнкай сусветнага спаборніцтва. Каштоўным падарункам аматарам спорту сталася “бронза” Дашы на мінулай зімовай Алімпіядзе. І хто мог тады падумаць, што праз чатыры гады наша прыгажуня станецца сапраўднай Каралевай біятлону? Думаю, што нават пасля першага “золата” на персьюце (гонцы пераследу) нямногія адважыліся б сказаць, што наступныя дзве гонкі Дашы таксама стануць “залатымі”. 

Але так сталася. Тройчы Алімпійская чэмпіёнка! Калі нават неверагодная нарвежка Тура Бергер прызнаецца, што цяперашнім часам змагацца з Домрачавай бессэнсоўна, то гэта многага каштуе. І тут кольвеч у струмень патрапіў і сам “адзіны палітык”, надаўшы Дар’і Домрачавай званне Героя Беларусі. За заслугі, пагодзімся. Сапраўдныя заслугі. А не за неспаўзаючую з твару ўсмешку “хросных бацькоў дэвальвацыяў”.

Алімпіяда яшчэ не скончылася, наперадзе ў Дашы яшчэ два старты. Удачы, залатая ты наша ва ўсіх сэнсах!  

Каментаваць