Папёрлі як з рога

Колькасць тых, хто жадае ўвайсці ў найноўшую гісторыю ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, імкліва павялічваецца. Калі такая тэндэнцыя захаваецца, то на дзень рэгістрацыі ініцыятыўных груп іх можа быць больш, чым у 2010 годзе. Вось толькі некаторыя імёны ні пра што не гавораць ні электарату, ні нават абазнаным у палітычным жыцці людзям.

Так, пра намер вылучыцца кандыдатам на прэзідэнта абвясціў сталічны прадпрымальнік Уладзіслаў Цітовіч. Паводле БелаПАН, гэты чалавек удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 2012 года. Патэнцыйны кандыдат нават размясціў у Фэйсбуку паведамленне пра запіс у сваю ініцыятыўную групу.

Крыху раней пра свае прэзідэнцкія амбіцыі заявілі Юры Радзькоў — дырэктар кампаніі “Цар-мёд”, аўтар міжнароднага праекта “Свет мёду і здароўя”, а таксама Віктар Цярэшчанка, які ўжо не першы раз ідзе на выбары кіраўніка дзяржавы. У спісе патэнцыйных кандыдатаў таксама ёсць беспрацоўны Юры Шульган — тыповы фрык.

Ну, і, апроч Аляксандра Лукашэнкі (хто б сумняваўся, што ён пойдзе на чарговае пераабранне) пра свае намеры ўдзельнічаць у кампаніі заявілі актывістка кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін ды спрадвечны спрынг-партнёр бяззменнага правадыра (за выключэннем кампаніі 2010 года) першая асоба ЛДП Сяргей Гайдукеквіч.  

Выбачайце, но гэтая прэзідэнцкая кампанія можа ператварыцца яшчэ ў большы фарс параўнальна з кампаніяй мінулай. Тады выбарцы хоць некія кроплі ведалі пра кандыдатаў у прэзідэнты (за выключэннем бадай што Уса). Цяпер жа хто шмат чаго можа сказаць пра Цітовіча, Радзькова — “мядовага цара”, ці Шульгана? Ды нават пра тую ж Караткевіч?

Я згодны з тымі, хто кажа пра поўную дэвальвацыю выбараў у Беларусі. Усе электаральныя кампаніі перасталі мець сэнс пасля таго, як Цэнтрвыбаркам у 1996 годзе ачоліла (па сумнеўным распараджэнні Лукашэнкі) Лідзія Ярмошына. Не мне судзіць, ці варта браць удзел у чарговай кампаніі — гэта вырашаюць самі больш-менш вядомыя палітычныя суб’екты. Але вось на што разлічваюць невядомыя “новаявы”? На тое, што Лукашэнка, як гэта было ў 2010 годзе, дазволіць іх зарэгістраваць кандыдатамі ў прэзідэнты ў выпадку, калі яны не збяруць неабходныя сто тысяч подпісаў грамадзян? Засвяціцца ў кампаніі, каб потым казаць нашчадкам, што “я супрацьстаяў(-яла) на выбарах Лукашэнку”? 

Дык усё сведчыць пра тое, што тае гульні, як гэта было ў мінулы прэзідэнцкі электаральны шал, больш не будзе. А вось новыя фігуры, якія ўсплылі, дабавяць яшчэ больш ералашу ў галовы і так не вельмі дасведчаных ў палітычных гульнях людзей. Дзівосы працягваюцца. Толькі адкуль і чаму бяруцца такія вось дзівакі? І навошта? Не ведаю.  

Дарэчы, Лукашэнка першым падаў у ЦВК дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы, якую ачоліць верны прафсаюзнік Міхаіл Орда. Так што сто тысяч ці нават мільён подпісаў ягоная прафсаюзная брыгада, у складзе якой больш за 4 мільёны “штыкоў”, збярэ “на ўра”.

Хаця, улічваючы сістэму, якая склалася ў нашай краіне, і тое, хто ачольвае ЦВК, нават такія высілкі першай асобе не патрэбныя. Адданы Лукашэнку “чалавек каманды прэзідэнта” і галоўная баршчаварка краіны па сумяшчальніцтве ўсё роўна выдасць вынікі, якія ёй падкажуць “зверху”. Дык ці трэба ўладатрымцам марнаваць высілкі на нейкія там зборы подпісаў за галоўнага прэтэндэнта ды яго ініцыятыўную групу? Пытанне рытарычнае.

Каментаваць