Мяне не перастаюць здзіўляць парады нашым людзям з боку некаторых высокапастаўленых чыноўнікаў. Калісьці вядомы намеснік міністра заяўляў не менш вядомаму блогеру, што той жыве не па сродках. Іншым разам самы галоўны чыноўнік патрабаваў ад беларусаў «перастаць жэрці мяса на ноч».


Цяпер чарга дайшла да міністаркі, якая па сутнасці сваёй пасады мусіла б абараняць працоўны люд. Таму яе заявы патыхаюць сапраўдным цынізмам. Гаворка ідзе пра міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Марыяну Шчоткіну. Падчас наведвання Гродзенскай фабрыкі “Нёман” спадарыня высокая чыноўніца абурылася тым фактам, што 93 % беларусаў працуюць на адной працы.

“Мы паглядзелі, што амаль 93 % беларусаў працуюць толькі на адной працы, але гэта і мужчыны. Але калі мама займаецца дома дзецьмі, дык няхай тата “пакруціцца”, — параіла Шчоткіна.
Замест таго, каб дабівацца ад ураду годных заробкаў для працоўных ва ўмовах крызісу, міністарка раіць ім працаваць болей. Складваецца ўражанне, што седзячы ў мяккай міністэрскай фатэлі, чыноўніца не ў курсе, што робіцца на беларускім працоўным рынку.

Колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных у святле новапрынятага дзяржаўнага акта “аб лайдаках” павялічылася ў разы. Прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку “флагманы эканомікі”, пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень. На некаторых фабрыках і заводах працоўных адпраўляюь у адпачынкі за ўласны кошт. На многіх прадпрыемствах затрымліваюць заробкі альбо ўвогуле месяцамі іх не плацяць. Прадпрымальнікаў заціснулі так, што яны самі не ведаюць, як жыць далей, і шмат дзе зварочваюць свой бізнэс. І дзе, пані Шчоткіна, вы параіце дадаткова працаўладкавацца паспалітаму люду?

Часам лепш маўчаць, чым гаварыць. Гэта тычыцца і высокапастаўленых асобаў, як бы высока па ўладнай лесвіцы яны не заскочылі. Бо такія парады з вуснаў міністаркі САЦЫЯЛЬНАЙ АБАРОНЫ  могуць выклікаць у шараговых працоўных непадробнае абурэнне. Шмат знаёмцаў аўтара гэтых радкоў і так працуюць у двух-трох месцах, і грошай усё роўна ледзь хапае на больш-менш бязбеднае жыццё.

Афіцыйная статыстыка даводзіць, што сяродні заробак па Мінску складае цяпер больш за 9 мільёнаў тутэйшых рублёў. Але я б параіў той самай чыноўніцы праехацца па сталічных прадпрыемствах і запытацца, хто з рабочых атрымлівае такія суммы. Мяркую, такая сума складаецца і з заробкаў дэпутатаў, банкіраў, дырэктарату, тых жа ўрадоўцаў, уключаючы Шчоткіну. Таму гэта зноўку атрымліваецца “сярэдняя тэмпература па шпіталі”.

Пасадзіць бы Шчоткіну на рэальны сярэдні заробак у беларускіх установах з васьмігадзінным працоўным днём, а потым яшчэ і прымусіць знайсці дадатковую працу і пакруціцца там яшчэ некалькі гадзінаў на дзень. Думаю, “песня” гэтай урадавай дзяячкі была б сузім іншай.


Каментаваць