Паўтары гадзіны шчасця

Тое, што мне давялося перажць увечары ў нядзелю, 4 верасня, у Падляшскай оперы ў Беластоку, не параўнаць ні з чым. Прынамсі за апошнія гады. 

Там адбывалася падзея, пра якую аўтар гэтых радкоў і ўжо і не марыў, — спектакль «Народны альбом — 20» з удзелам амаль усіх тых, хто спрычыніўся да стварэння музычнага праекту. Сказаць, што гэта было класна, — не сказаць нічога. 

Гэта той выпадак, у які мала верылася. Сабраць на адной сцэне сапраўдных легенд беларускай сучаснай музыкі — дарагога варта. А тут яшчэ трэба было атрымаць магчымасць, каб аксакалы беларускага року — удзельнікі запісу “Народнага альбома”, — знайшлі час і сабраліся зноўку ў адзін калектыў праз амаль дваццаць гадоў пасля стварэння праекта. Тым больш што некаторыя, як то Вераніка Круглова, жывуць нават не ў Беларусі.

Перад пачаткам канцэрта ў цудоўнай запоўненай залі Падляшскай оперы ўзнікала хваляванне — што гэта будзе? Ці варта было дзеля гэтага ехаць дзевяць гадзінаў у аўтобусе? Адразу адкажу — варта. І той, хто не патрапіў на гэтую імпрэзу, ніколі не адчуе таго адрэналіну, што адчулі гледачы выбітнага спектакля.  

Скажу адразу, што музыкі “нацярпеліся” — цягам трох дзён па некалькі рэпетыцыяў на сцэне ад самага ранку. Рэжысёры і арганізатары літаральна “высмоктвалі ўсе сокі” з выканаўцаў, нягледзячы на тое, што галоўныя асобы альбома — сапраўдныя прафесіяналы, імёны якіх шмат гадоў вядомыя не толькі ў Беларусі: Кася Камоцкая, Лявон Вольскі, Аляксандр Памідораў, Вераніка Круглова, Зміцер Вайцюшкевіч, Сяргей Ахрамовіч, Сяргей Канановіч, гурты “Apple Tea” i “Aquarelle Quartett”. Неверагодна!




Ніякая тэлевізія (запіс канцэрту будзе паказаны на канале Белсат у навагоднюю ноч), не перадасць той атмасферы, якая панавала ў залі. Нягледзячы на тое, што кіраўнічка «Белсата» (які быў ініцыятарам і арганізатрам гэтага спектакля) Агнешка Рымашэўская-Гузы папрасіла не весці фота- і відэаздымкі, некаторыя гледачы і журналісты ўсё ж умудрыліся гэта зрабіць і нават павыкладаць некаторыя кадры ў Фэйсбук у жывым вяшчанні. Ну і няхай.


Эмоцыі перапаўнялі гледачоў, сотні з якіх прыехалі з Беларусі. Там, на канцэрце ў Беластоку, можна было сустрэць людзей, якіх не бачыў дзесяцігоддзямі. Людзі абдымаліся, размаўлялі, і было бачна, што не толькі сама імпрэза мела для іх значэнне, але і магчымасць зноўку ўбачыцца, пагаманіць, выпіць піва ці чаго іншага — вочы проста іскрыліся, а атмасфера нібы вібравала.


Дарэчы, не прамінулі наведаць пастаноўку і вядомыя асобы — першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч і Народная артыстка краіны Зінаіда Бандарэнка, экс-кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч, намеснік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч ды іншыя.


На самім канцэрце ўжо ад першай песні зала проста ашалела. Аказалася, што людзі памятаюць словы ўсіх 27 песень, што прагучалі (апошнюю кампазіцыю «Простыя словы» музыкі выканалі яшчэ і на «біс»). Заля літаральна раўла, зрываючы галасы і адбіваючы ладкі да барвовага колеру. Кожнага саліста сустракалі такімі апладысментамі, што ўзнікаў страх, каб дах не абрынуўся (нашых папсавікоў так не сустракаюць нават па разнарадках).


Атмасфера эйфарыі ды пачуццё ўдзячнасці на адрас усіх, хто спрычыніўся да гэтага свята. Хоць далося яно нялегка. Да прыкладу, музыкі на рэпетыцыях выкладваліся так, што маглі і не выйсці на сцэну. Так, за два дні да выступу ў «фронт-вумэн» «Народнага альбома» і нашай неаднаразовай рок-князёўны Касі Камоцкай сарваўся голас. Як распавялі аўтару гэтых радкоў, адна з арганізатарак з медычнай адукацыяй была гатовая ўжо рабіць ін’екцыю ў звязкі, але да пачатку канцэрта голас у Касі аднавіўся, і яна адспявала ўсе свае партыі так, што ніхто і не заўважыў, што яшчэ надоечы ў яе былі сур’ёзныя праблемы.


Пасля завярэшэння спектакля гледачы стоячы доўга пляскалі ў ладкі і выклікалі музыкаў на сцэну. Крыху пазней ўдзельнікі праекта выйшлі ў фае і размаўлялі з людзьмі, давалі аўтографы. Усмешкі не сыходзілі з твараў абсалютна ўсіх. Застаецца толькі сказаць музыкам і арганізатарам — велічэзны дзякуй за гэтыя паўтары гадзіны сапраўднага шчасця, якое завецца «Народны альбом».



Каментаваць