Плюралізм у адной галаве

Калісьці паабяцаў сабе, што не буду ўзгадваць у сваіх публікацыях Андрэя Дзмітрыева — менавіта тую асобу, што ў 2010 годзе здрадзіла кандыдату ў прэзідэнты Уладзіміру Някляеву, а потым правяла практычна няўдалую кампанію Таццяны Караткевіч ужо ў 2015 годзе.

І гэтыя абодва разы — у якасці кіраўніка перадвыбарчых штабоў прэтэндэнтаў на самую галоўную пасаду ў краіне. Але “тэзісы” Дзмітрыева, распаўсюджаныя ў СМІ, зноў вымушаюць згадаць гэтага персанажа.

Гэтым разам А. Д. вырашыў павучыць розуму Захад. Прынамсі, даць шэраг парадаў таму ж Еўрапейскаму саюзу: як той мае паводзіць сябе ў дачыненні да афіцыйнага Мінска. Агульнае ўражанне ад парадаў Дзмітрыева: елка мусіць мець шышкі. Дык елка і сама на генетычным плане ведае, што ў яе будуць шышкі, гэта да бабулі не хадзі. Гэта закон прыроды. А вось Дзмітрыеў вучыць гэтаму закону “тупых” заходнікаў.

Не буду спыняцца на ўсіх рэкамендацыях гэтага (каля)палітычнага гульца.

Мяне абурыў адзін пункт. Менавіта той, што тычыцца смяротнага пакарання. Так, Дзмітрыеў зараз настойвае на ўвядзенні хаця б мараторыя на расстрэлы. Добра, нарэшце саспеў! Калі, спраўды, саспеў. Але ж што ён казаў не так даўно?

Звернемся да недалёкае гісторыі.

Травень 2014 года. Андрэй Дзмітрыеў ад імя кампаніі “Гавары праўду”, якую на той час яшчэ ачольваў Уладзімір Някляеў, выкладае ў інтэрнэт відэазварот ад імя гэтай самай кампаніі, дзе заклікае ўлады расстрэльваць распаўсюднікаў наркатычных рэчываў. “Трэба зрабіць больш жорсткім пакаранне за распаўсюд наркотыкаў да 10–15 гадоў, у выключных сітуацыях — да смяротнага пакарання”, — заявіў тады гэты “дэмакрат”.

Так, распаўсюд наркотыкаў — страшнае злачынства, але ў беларускім крымінальным заканадаўстве прадугледжана пажыццёвае зняволенне ў якасці найвышэйшай меры пакарання. Гэта так, да ведама А. Д.

У той час, калі гэтая асоба разразілася відэазваротам, у нашай краіне ўжо існавала кампанія супраць смяротнага пакарання, якую ініцыявалі беларускія праваабаронцы і якую падтрымалі тысячы годных людзей, уключна лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлану Алексіевіч, што далучылася да адпаведнай петыцыі гуманізму яшчэ ў 2009 годзе. Відаць, паспяховы прадпрымальнік і палітык А. Д. пра гэта не ведаў.

Сёння гэтая ж асоба ўжо заклікае да мараторыя на смяротнае пакаранне. Перавыхаваўся, пераасэнсаваў, перадумаў? Не веру.

Нагадаю словы Дзмітрыева (пра смяротнае пакаранне) — “у выключным выпадку”. І спашлюся на гістарычны досвед. Пасля вайны ў СССР было адменена смяротнае пакаранне. Але здарылася “Ленінградская справа”, калі з падачы Берыі, Хрушчова і Молатава ў вушы Сталіна ўвялі, што ў “паўночнай сталіцы”, як яе цяпер клічуць, рыхтуецца дзяржаўна-партыйны пераварот. І тады, каб знішчыць чарговых “ворагаў народа і партыі”, менавіта пад гэтую справу зноў аднавілі смяротнае пакаранне. І “ворагаў народа і партыі” расстралялі ў той жа дзень, адразу па вынясенні расстрэльнага выраку. Гэта так, проста для ўзгадкі гісторыі. Персанальна для А. Д. і яго “выключнасці”.

Цяпер адважуся таксама даць парады Еўрасаюзу і іншым “заходнікам”. Думайце, з кім маеце справу з Беларусі. Сумнеўных асобаў хапае паўсюль, і Сінявокая — не выключэнне. Шмат хто з тых, хто малюе сябе ў дэмакратычныя фарбы, гэтымі фарбамі плюецца пад коўдрай. Публічная змена пазіцыі і стаўлення да асобных тэмаў і пытанняў часам не з’яўляецца пераасэнсаваннем уласных каштоўнасцяў, а толькі кан’юнктурай дзеючага моманту. І я асабіста ўпэўнены, што згаданы персанаж належыць менавіта да гэтай катэгорыі палітычных гульцоў. Хоць хацелася б і памыліцца.

Каментаваць