Пуціліон Недабанапарт

Паводзіны Пуціна ўжо даўно нікога не здзіўляюць. Пра тое, што ягонае стаўленне да іншых калегаў па пасадзе ды падначаленых, да апанентаў ды “замежных партнёраў” вылікае шмат пытанняў і яшчэ больш абурэнняў, казалася і пісалася ўжо шмат. Але гэты самы высокапастаўлены расійскі чыноўнік, які спакусіўся на лаўры Пятра Першага ды іншых сусветных вядомых дзяржаўных дзеячоў, паціху пачынае выклікаць не толькі грэблівасць, але нават нервовы смех.

Такое адчуванне, што час ад часу ў галаве расійскага правадыра пачынае панаваць плюралізм (а гэта, як кажуць псіхіятры, рэч вельмі небяспечная). Узгадаем: то ён запэўнівае, што ў Крыме не было аніводнага расійскага жаўнера, то пасля фактычнай анексіі ўкраінскага паўвострава пачынае сотнямі раздаваць дзяржаўныя ўзнагароды сваім жа вайскоўцам за “далучэнне Крыма”.

Цяперака, пасля няўцямных перамоваў у рамках Мытнае тройкі, Украіны і Еўрасаюза, што ладзіліся ў Мінску 26 жніўня, уладар Крамля кажа, што вырашаць вайсковые пытанне, альбо, калі глядзець праўдзе ў вочы, пытанне прарасійскіх сепаратыстаў Расія не ў стане, маўляў, гэта ўнутраная права Украіны, а Першапрастольная не мае да гэтай праблемы ніякага дачынення.  

Лухта, як мне падаецца. Чаму ж тады сілы ўкраінскай Антытэрарыстычнае аперацыі, як і замежнікі, пастаянна фіксуюць перасоўванні ў прымежных і ваюючых раёнах расійскай вайсковай тэхнікі і дэсантнікаў, наймітаў? Нават у той час, калі адбываліся перамовы ў Мінску.

Ці зацікаўлены быў Пуцін у тых перамовах, у мірнай развязцы канфлікту, які ўжо справядліва можна назваць вайной? Гледзячы па выніках мінскай сустрэчы і па выказваннях расійскага правадыра — не. Паводле ацэнак назіральнікаў, падчас сустрэчы ў Мінску ў прысутнасці Пятра Парашэнкі, трох высокапастаўленых еўракамісараў і сваіх калегаў па будучым Еўразійскім эканамічным саюзе (калі такі ўсё ж адбудзецца), Пуцін толькі каля трох адсоткаў свае прамовы прысвяціў трагічным падзеям, што адбываюцца на паўднёвым захадзе Украіны. Уласна кажучы, дзеля ўладкавання там сітуацыі і ладзілася сустрэча на такім высокім узроўні ў беларускай сталіцы.

Але ў Пуціна — свой пасьянс, свае расклады, свае намеры і свае манеры паводзінаў. “Мы, Расія” і падобныя выказванні нагадваюць пыхлівыя выступы расійскіх імператараў, кшталту “Мы, Ніколай Вторый”. Расійскі кіраўнік, добра ведаючы, дзеля чаго ладзіцца ўвесь гэты кардэбалет у Мінску, спрабаваў перавесці палітычныя і ваенныя пытанні, праблему закладнікаў у чыста эканамічнае рэчышча, зводзячы ўсё да пытання ўкраінска-еўрапейскай інтэграцыі і яе негатыўных наступстваў для расійскага рынку.

Карацей кажучы, імкнуўся задурыць мазгі і “парнёрам па перамовах”, і журналістам. Якія ледзь не звар’яцелі ў той дзень з прычыны і адсутнасці своечасовай інфармацыі, і падзелу на “набліжаных”, што сядзелі ў Палацы Незалежнасці, і “аддаленых”, якіх засунулі ў “Рамашку” (выставачны цэнтр “Экспабел”), і якія былі амаль пазбаўленыя элементарных умоваў для працы, не кажучы ўжо пра абяцаную аўдыё- ды відэатрансляцыю.

Але вернемся да Пуціна. Ягоныя нешматлікія словы пра памкненне палепшыць сітуацыю ва Украіне, спыніць там вайну выглядаюць здзекам на тле паведамленняў пра пераход расійска-украінскай мяжы з боку Расіі тамтэйшымі вайсковымі падраздзяленнямі і тэхнікай. А Пуцін, нават не чырванеючы, заяўляе, што нічога падобнага не адбываецца. А расійскія дэсантнікі, якіх захапілі ў палон украінскія вайскоўцы, нібыта патрулявалі мяжу. Толькі вось з якога боку яны яе патрулявалі?!   

Слава імператараў мінулых стагоддзяў. Відаць, не дае супакою цяперашняму расійскаму ўладару. Асабліва слава таленавітага палкаводцы і стратэга, карсіканца Напалеона Першага Банапарта. Расія імкнеццам аднавіць “рускі свет”, не разумеючы, што на дварэ — ХХІ стагоддзе. І тое, што ў свой час рабіў Банапарт або нават тыя ж Пётр ці Кацярына, сёння ўжо немагчыма. І нават думкі пра нешта падобнае ўжо з’яўляюцца маветонам. Напалеон у свой час і вызначаўся тым, што мог пралічыць многія падзеі наперад і добра імі скарыстацца. Таму і быў прызнаны вялікім гістарычным дзеячом. Хоць і ён вядома як скончыў.

Чым запомніцца Пуцін? Захопам Крыма? Спрыяннем развязвання вайны ва Украіне? “Шэрым кардынальствам” падчас расійска-грузінскай вайны 2008 года? Удушэннем дэмакратыі ва ўласным цартве? Калі б толькі гэтым. Незалежныя эксперты не выключаюць, што палітыка Пуціна можа прывесці да развалу і самой Расіі. І лёс у абодвух імператараў можа быць падобным, хоць і не аднолькавым. Бо Пуцін — не Напалеон. І памяць пра іх будез розная. І нават росту ніжэйшага за французскага імператара будзе імператар расійскі.  Паводле некаторых звестак, Банапарт меў 176 сантыметраў росту, што някепска нават для цяперашніх часоў. А расійскі Недабанапарт ледзь сягае 170 сантыметраў. Затое амбіцыяў!

Каментаваць