Сістэма бесчалавечнасці

У панядзелак, 11 чэрвеня, у Барысаве адбылося пахаванне матулі Аляксандра Малчанава, які напачатку быў асуджаны да зняволення пасля “Плошчы–2010, а цяпер зноўку маецца ў вязніцы за “крадзеж металасмецця. Хлопца на пахаванні самага роднага чалавека не было. Яго проста не выпусцілі з-за кратаў нават хоць на караценькае развітанне з маці. Маўляў, прысуд не ўступіў у сілу, таму…

У панядзелак, 11 чэрвеня, у Барысаве адбылося пахаванне матулі Аляксандра Малчанава, які напачатку быў асуджаны да зняволення пасля “Плошчы–2010, а цяпер зноўку маецца ў вязніцы за “крадзеж металасмецця. Хлопца на пахаванні самага роднага чалавека не было. Яго проста не выпусцілі з-за кратаў нават хоць на караценькае развітанне з маці. Маўляў, прысуд не ўступіў у сілу, таму…


А што таму? Інструкцыі, палажэнні, партыкуляры не дазволілі?! Чарговы раз “дзяржава для народа дэманструе сваё сапраўднае стаўленне да гэтага самага народа, дакладней, да асобных яго “звёнаў. Сітуацыя з Аляксандрам Малчанавым — далёка не першая. Можна прыгадаць, якімі высілкамі беларуская грамадскасць, нават выходзячы ў цэнтр Мінска на акцыі пратэсту, дамаглася, каб на пахаванне жонкі на той час палітвязня, экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Казуліна Ірыны Іванаўны адпусцілі яе ўдаўца. Нядаўна толькі паўгадзіны далі для развітання з памерлай, яшчэ зусім маладой, матуляй лідару “Маладога фронту Змітру Дашкевічу, які і зараз адбывае пакаранне па непрыхавана справакаванай крымінальнай справе. Не адпусцілі развітацца са смяротна хворым бацькам асуджанага на чатыры з паловай гады калоніі кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна Алеся Бяляцкага. Віктар Бяляцкі так і пайшоў з жыцця, не пабачыўшы сына. І вось зараз — Аляксандр Малчанаў. Па некаторых звестках, вязень і зараз можа нават не ведаць, што ягоная матуля адышла ў іншы свет і што яе ўжо пахавалі.  


Скура дыбіцца, калі пачынаеш думаць, што такія рашэнні — пазбавіць людзей магчымасці развітацца з самымі роднымі — прымаюць таксама людзі. Што гэта людзі дагэтуль выносяць смяротныя прысуды сабе падобным, а потым адмаўляюць родзічам у праве атрымаць цела расстралянага, пахаваць яго па-чалавечы. Што гэта людзі не паведамляюць блізкім ні даты, ні часу прывядзення антычалавечага прысуду ў выкананне, і нават не кажуць, дзе закапалі цела забітага. Ці можа нармальны чалавек калечыць іншыя лёсы, выконваць нечалавечыя загады, у выніку чаго ні ў чым не вінаватыя мужчыны і жанчыны — бацькі, мужы і жонкі, дзядулі і бабулі, браты і сёстры ды іншыя сваякі пакараных смерцю — будуць маральна і  фізічна пакутаваць да самога скону ад таго, што не развіталіся з родным чалавекам, не адправілі яго ў апошні шлях і нават не могуць пакланіцца ягонай магіле? Для кагосьці расстраляныя — гэта нелюдзі-злачынцы, але ж для сваякоў — свая крывіначка.


У некаторых выпадках, як гэта здарылася з апошнімі расстралянымі — асуджанымі за тэракт у мінскім метро Уладам Кавалёвым і Дзмітрыем  Канавалавым, засталося вельмі шмат пытанняў не толькі ў родзічаў, але і ў вялікай колькасці людзей як у Беларусі, гэтак і за мяжой. Але ніхто і нішто не зможа вярнуць да жыцця гэтых двух забітых хлопцаў з Віцебска. Маці Улада Любові Іванаўне Кавалёвай нават не аддалі дзённік сына, які ён вёў за кратамі, відаць, да самага апошняга дня. Маўляў, не было такога, і ўсё, адчапіцеся…


Візуальна стабільнае існаванне больш як дзевяцімільённага народу пад дахам васямнаццацігадовага рэжыму прыглушыла чалавечыя пачуцці ў многіх. Асабліва ў тых, хто, маючы хаця б мізэрную ўладу, распараджаецца чужымі лёсамі і нават жыццямі. Яны жывуць у сваім свеце, думаючы, што гэта назаўжды і ніколі нічога падобнага з імі не надарыцца. Але законы жыцця іншыя. І з кожным можа адбыцца самае нечаканае. І вось тады, сутыкнуўшыя з нечым падобным, выканаўцы нечалавечых загадаў і антыгуманных інструкцыяў схамянуцца. Але будзе позна. Непапраўна позна. Назаўжды.
 

Каментаваць