Саюз-прывід

Ад самага ранку 2 красавіка афіцыйныя беларускія электронныя  сродкі масавай інфармацыі далдонілі пра так званы дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Кіраўнікі дзвюх дзяржаваў нават абмяняліся тэлеграмамі з адпаведнымі віншаваннямі. Але ці вераць яны самі, што яшчэ існуе так званая саюзная дзяржава (СД)?

Бадай, адзінай прыкметай таго, што такая дзяржава нібыта існуе, з’яўляецца адсутнасць мяжы паміж дзьвюма краінамі, адсутнасць візавага рэжыму. Але што далей?
 
 
За ўсе гады існавання СД не было ніводнага больш-менш працяглага перыяду, калі б паміж кіраўніцтвамі суб’ектаў гэтай мітавай дзяржавы не ўзнікалі істотныя канфлікты, якія палітолагі называлі войнамі — нафтавай, газавай, малочнай, цукровай, мясной і гэтак далей. 
 
 
Ці сёння змяніліся сітуацыя? Адназначна, не. Ледзь не штодня з’яўляюцца паведамленні, што ў Расіі затрыманыя грузы з Беларусі — садавіна, гародніна, сыры, малочная прадукцыя, у якіх санітарныя службы РФ знаходзяць усялякую атруту ды іншую поскудзь, якая быццам бы небяспечная для жыцця і здароўя спажыўцоў. Гэтая прадукцыя знішчаецца публічным чынам, праводзяцца кантролі ды праверкі, якія каштуюць не толькі нерваў, але і немалых грошай, што, улічваючы гаротны стан абедзьвюх эканомік, зусім не лішнія. І тым не менш.
 
 
Нягледзячы на запэўніванні вышэйшага беларускага кіраўніцтва пра падтрымку знешняй палітыкі Расіі з боку Беларусі, гэта далёка не так. Афіцыйны Мінск адмежаваўся ад палітыкі Масквы ў дачыненні да Грузіі (2008 год) пасля ваеннага канфлікту, у выніку чаго ад Грузіі адарвалі Абхазію і Паўднёвую Асецію. Аляксандр Лукашэнка дагэтуль не прызнаў незалежнасць і дзяржаўнасць гэтых сумнеўных утварэнняў.  
 
 
Аналагічнай пазіцыі афіцыйны беларускі лідар прытрымліваецца і дачынна да расійска-ўкраінскага канфлікту. Лукашэнка афіцыйна не прызнаў прыналежнасць Расіі анексаванага Крыма, хоць і казаў, што “Крым ФАКТЫЧНА належыць сёння Расіі”. Пра законнасць такіх дзеянняў Крамля беларускі правадыр не выказваўся. Але ж даў зразумець, што з’яўляецца прыхільнікам ідэі захавання тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны (улічваючы спробы адарваць ад яе Данецкую і Луганскую вобласці). 
 
 
Дык дзе ж тут еднасць пазіцый? Нідзе. Апроч таго, Мінску даводзіцца літаральна выбіваць фінансавую падтрымку з боку Масквы ў выглядзе крэдытаў, льготных коштаў на энэрганосьбіты і гэтак далей. Пуцін і кампанія, канешне, ідуць насустрач Лукашэнку, але пасля таго, як памурыжаць таму і ягонаму атачэнню нервы па поўнай праграме. 
 
 
І то не заўжды гэтая дапамога аказваецца. Ужо некалькі месяцаў беларускія ўрадоўцы стараюцца дабіцца зніжак на расійскі газ, але беспаспяхова. Масква таксама ўмее лічыць грошы. “Дружба дружбой, а табачок врозь”, як кажуць у Расіі. 
 
 
І яшчэ. Мінск спрабуе, пакуль што паспяхова, адбіцца ад размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскай ваеннай авіяцыйнай базы. Хаця, калі б гаворка ішла пра сапраўды саюзную дзяржаву, то гэтае пытанне нават не выносілася б на абмеркаванне. Але пакуль што Расія не можа не толькі прыгнаць у Сінявокую свае ваенныя самалёты, але нават і набыць больш-менш вартыя ўвагі прамысловыя прадпрыемствы. “Пяць інтэграцыйных праектаў”, пра якія гаворка вядзецца ўжо каля чатырох гадоў, ніяк не рэалізаваныя, а Расія паступова губляе цікавасць да прыватызацыі беларускае ўласнасці. У самрэчнай саюзнай дзяржаве было б крыху інакш. 
 
 
Разнабой у заканадаўстве, адсутнасць адзіных правілаў гульні у “саюзнай дзяржаве”. А Лукашэнка з Пуціным і іх памагатыя кажуць пра тое, што досвед СД трэба пераносіць яшчэ і на Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС), плёну з якога пакуль што нібы з казла малака. Дык які досвед пераносіць на “саюз пяці”, калі ў “саюзе двух” няма паразумення па важных пытаннях?   
 
 
І яшчэ адзін момант. Усё менш беларусаў жадалі б уваходжання нашае краіны ў склад Расіі. Асабліва моладзь з большым задавальненнем глядзіць на Захад, бо адчувае, што ў цывілізаваным свеце, а не ў азіяцкай замшэласці, у яе, як і ва ўсёй Беларусі, ёсць перспектывы. Дык пра якое “яднанне народаў Беларусі і Расіі” можа ісці гаворка? Гэта проста палітычная інэрцыя збанкрутаванай ідэі ды яе аўтараў і нічога болей. І ўсе гэтыя патугі палітыкаў сцвярджаць пра жыццяздольнасць мёртванароджанага ўтварэння выклікаюць не толькі смех, але і шкадаванне. Шкадаванне за патрачаныя грошы, за згублены час і за тумал, якія “інтэгратары” шмат гадоў уносяць у галовы грамадзян дзвюх краінаў. 
 

Каментаваць