«Шпіён»-пралетарый?

Апошнія падзеі ў Віцебску, звязаныя з арыштам наваяўленага «шпіёна» Андрэя Гайдукова, чымсьці нагадваюць «кінашэдэўр» савецкага кінематографа «ТАСС упаўнаважаны заявіць». Тамака герой — агент заходніх выведак, ролю якога ў серыяле выканаў знакаміты актор Барыс Клюеў, таксама закладваў тайнік для заходніх спецслужбаў. Але той кіношны шпіён быў даволі высокапастаўленай і дасведчанай у сваёй справе асобаю. У Беларусі ж на ролю «агента» абралі звычайнага слесара.
 

Андрэй Гайдукоў, які нібыта з’яўляецца намеснікам старшыні моладзевай суполкі «Саюз маладых інтэлектуалаў» (шчыра кажучы, аўтар гэтых радкоў дасюль нічога не чуў пра існаванне такой арганізацыі і тым больш пра аднаго з яе кіраўнікоў), быў затрыманы ў Віцебску 8 лістапада.


Зыходзячы са сціплай афіцыйнай інфармацыі, беларускія чэкісты абвінавачваюць маладога чалавека ў тым, што той меўся заключыць пагадненне з замежнымі спецслужбамі. Ды не проста з нейкімі там, а з самім амерыканскім ЦРУ. І ледзьве не рыхтаваўся забіць «закладкі» для замежных «шпікоў-профі».


Вось толькі ўзнікае пытанне, якім чынам Гайдукоў, які, дарэчы, зараз знаходзіцца з следчым ізалятары КДБ у Мінску, мог ажыццявіць свае намеры? З якога панталыку амерыканская выведка магла б быць зацікаўленая ў паслугах чалавека, які ёсць простым слесарам на наваполацкім «Нафтане»? Што за сакрэты мог перадаць амерыканцам маладзён, які, паводле словаў яго знаёмцаў, нават англійскай мовы не ведае?


Выказваюцца меркаванні, што незадаволенасць уладаў магла б узнікнуць з самой дзейнасці вышэй згаданага «Саюза маладых інтэлектуалаў»: маўляў, тыя бралі ўдзел у «маўклівых» ці «пляскаючых» акцыях пратэсту, у «рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі» і гэтак далей. Але ж па аналагічных справах у тым жа Мінску хапалі і штрафавалі ці саджалі на суткі дзясяткі і дзясяткі людзей. Аднак жа ж да шпіёнаманіі справа не даходзіла. А вось у Віцебску гэта адбылося.


Узнікае падспуднае пытанне: а ці не зашмат чаго дзіўнага апошнімі гадамі адбываецца ў тым жа Віцебску? І «тэрарысты-бамбісты» тамтэйшага паходжання, якія і пад стэлай у Мінску ў 2008 годзе выбух нібыта здзейснілі, а да таго разнастайнымі выбухоўкамі «трымалі ў страху» жыхароў абласнога цэнтру, а потым і ў Мінску метро ўзарвалі. Дык галоўныя абвінавачаныя па тых справах Дзмітры Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў ужо расстраляныя, але надзвычайныя здарэнні працягваюцца.


Вось і каля будынку мясцовага КДБ нехта ўчыніў выбух. Кажуць, што ўжо затрыманыя тры чалавекі, прычым адзін з іх нібыта вар’ят. Больш шырокай інфармацыі няма.


Але вернемся да нашых «шпіёнаў». Прынамсі, апроч Андрэя Гайдукова 8 лістапада быў затрыманы яшчэ і Ілля Багданаў, які пазіцыянуецца як сябра пакуль што не зарэгістраванай «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі». Яго, праўда, пасля допыту «чэкісты» адпусцілі, забараніўшы разгалошваць інфармацыю пра «мірныя гутаркі ў «амерыканцы».


Дарэчы, калі КДБ давядзе справу Гайдукова да лагічнага, з пункту гледжання спецслужбы, канца, то небараку можа пагражаць зняволенне на тэрмін ажно да пятнаццаці гадоў (артыкул 365 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Здрада дзяржаве»). Пакуль жа маладзён застаецца за кратамі, і нават ягоныя сваякі не ведаюць, на які час затрыманы іх блізкі чалавек.


Каму гэта трэба? Хто зацікаўлены ў чарговым «дэтэктыве па-беларуску»? Уцямнага адказу на гэтае пытанне ад адмыслоўцаў ды экспертаў пакуль няма.


Зноўку звярну ўвагу, што неяк усё дзіўным чынам «віруе» вакол Віцебска і рэгіёну. Мо, было б мэтазгодна перавесці КДБ з Мінску ў гэты абласны цэнтр, каб згаданая ўстанова працавала «не адыходзячы ад касы»? А то менавіта там, бач ты, множацца «шпіёны і тэрарысты» ў асобах электрыкаў, слесараў ды іншых пралетарыяў. Непарадак!


Як той казаў, «усё гэта было б смешна, каб не было так сумна».

 
 

Каментаваць