Што я хачу пачуць у пасланні Лукашэнкі

У аўторак, 22 красавіка, афіцыйны беларускі лідар выступіць са штогадовым пасланнем да Беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Не варта чакаць з таго паслання чагосьці неардынарнага. Але, як той казаў, надзея памірае апошняй. Можа, я пачую тое, што хацеў бы пачуць з вуснаў першае асобы дзяржавы. Маіх мараў не так шмат, але яны, як мне падаецца, вельмі важныя.

Па-першае. Я хацеў бы пачуць, як дзейны кіраўнік дзяржавы абвесціць, што ў нашай краіне больш не будзе палітвязняў. Тым больш што ў палату прадстаўнікоў ужо патрапіў праект закона аб амністыі. І хочацца верыць, што ў ім закладзены пастулаты пра немагчымасць знаходжання ў месцах пазбаўлення волі тых, хто не згодны з “палітыкай партыі і ўраду”.

Па-другое. Я б хацеў пачуць з вуснаў першай асобы краіны запэўніванне, што ў нас будзе адменена смяротнае пакаранне, ці хаця б уведзены мараторый на яго выкананне. А 23-гадовы Павел Сялюн стаўся апошнім расстраляным у найноўшай гісторыі Беларусі.

Па-трэцяе. Я б хацеў пачуць, што ў нашай краіне нарэшце будзе выконвацца Канстытуцыя, якая гарантуе свабоду слова, права на мірныя сходы і дэманстрацыі, права на асацыяцыі, а міністэрства інфармацыі сыдзе ў нябыт як анахранізім-архаізм, не варты дэмакратычнай краіны, разам з усімі тымі, каго журналісты добра ведаюць.

Па-чацвертае. Я б хацеў пачуць сцвярджэнне галавы дзяржавы пра тое, што ўсе формы ўласнасці ад моманту ягонага выступу будуць мець роўныя правы; што дзяржаўныя і недзяржаўныя кампаніі, як і сродкі масавай інфармацыі, будуць працаваць у роўных эканамічных умовах.

Па-пятае. Я хацеў бы атрымаць гарантаванне таго, што малы і сярэдні бізнэс не будзе падпадаць пад прэс з боку сілавых структураў і эканамічных шызоідаў, якія ствараюць для прадпрымальнікаў невыносныя ўмовы для выжывання.

Па-шостае. Я хацеў бы пачуць абяцанне, што ўладар краіны з дваццацігадовым стажам нарэшце наведае Курапаты і не дапусціць стварэння здзеклівага з памяці беларусаў забаўляльнага цэнтра ля месца масавых знішчэнняў нашых суайчыннікаў ды людзей іншых нацыянальнасцяў падчас сталінскага генадыду яшчэ да пачатку апошняй вайны з гітлераўскім фашызмам.

Па-сёмае. Я хацеў бы пачуць словы пра тое, што Лінія Сталіна — недарэчнасць, і не трэба туды вазіць дзяцей і турыстаў, каб абалваньваць ні ў чым не павінных людзей.

Па-восьмае. Я б нават узняў чарку пасля словаў прэзідэнта пра тое, што Цэнтрвыбаркам на чале з галоўнай баршчоўніцай краіны Ярмошынай спыняе выкананне сваіх абавязкаў.

І па-дзявятае, апошняе. Я хацеў бы пачуць хаця б вербальныя запэўніванні Лукашэнкі пра тое, што ў новы (не наступны), 2016 год, Беларусь увойдзе з новым лідарам — адданым справе Беларушчыны і Незалежнасці нашае шматпакутнае краіны, разам з новай камандай, якую ніколі потым не назавуць цемрашаламі. І імя ў таго лідара будзе насамрэч новае.

Каментаваць