“Старэйшы брат” асобна ад “малодшай сястры”

Пра тое, ці існуе ўвогуле так званая “саюзная дзяржава” Беларусі і Расіі, лепш не пытацца ў простых абывацеляў у двух краінах. Гэты “праект стагоддзяў” стаўся цацкаю ў руках высокапастаўленых дзяржаўных дзеячаў, якім час ад часу выгадна тасаваць “інтэграцыйную калоду” на свой густ і сыходзячы ад уласных патрэбаў. “Братэрства” і “саюзніцтва” паміж Мінскам і Масквою часам нагадвае гульню ў цынічную вар’ятню пры адсутнасці хоць бы кроплі шчырасці. 

 

Вось апошні прыклад. Зараз Расія вядзе актыўныя перамовы з Захадам, а дакладней, з Еўрапейскім Саюзам аб адмене візавага рэжыму. Падаецца, што Масква магла б замовіць перад Брусэлем слаўцо і за Мінск, але не тут тое начавала. “Расія вядзе перамовы аб адмене візавага рэжыму ад свайго імя, але не ад імя саюзнай дзяржавы з Беларуссю”, — заявіў 21 сакавіка расійскі прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў у інтэрв’ю еўрапейскім сродкам масавай інфармацыі.

“Саюзная дзяржава па цалкам зразумелых прычынах не спыняе правасуб’ектнасць Расійскай Федэрацыі, якая будзе працягваць свой візавы дыялог з Еўрасаюзам”, — дадаў былы часовы эрзац Пуціна на пасадзе прэзідэнта РФ і запэўніў, што ніякага прамога ўплыву саюзнай дзяржавы на візавы дыялог няма. “Беларусь, натуральна, мае права выбудоўваць свой дыялог — гэта таксама нармальна”, — вось такім чынам пажадаў Мядзведзеў “поспехаў” “беларускім суседзям”.

Заўважце: не “братам”, не “саюзнікам”, а так, вельмі проста і сціпла — “суседзям”. І гэта цалкам відавочна, што ніякія беларусы для расійцаў даўно не “браты”. Эпоха ўзаемаадносінаў па алгарытме “нафта ўзамен на пацалункі”, на абяцанні “легчы пад заходнія танкі”, калі тыя пойдуць на Маскву, скончылася.

Адлуп з двухмільярдным крэдытам, які афіцыйны беларускі лідар атрымаў (адлуп, а не крэдыт!) у Санкт-Пецярбургу падчас так званага вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы тыдзень таму, адмова расійскага боку падпісаць гадавы (2013) баланс на пастаўку нафты ў Беларусь згодна з пажаданнямі афіцыйнага Мінска (23 мільёны тон, і ўсе праз трубаправоды) — лепшы адказ на пытанне пра існаванне той самай “саюзнай дзяржавы” і “братэрскіх дачыненняў”  паміж дзвюма краінамі.

І, нарэшце, пра “сяброўства” паміж Пуціным і Лукашэнкам, аб чым апошні шматкроць казаў і кажа пры кожнай нагодзе. Нават уручэнне расійскаму правадыру Ордэна Дружбы народаў (?) не паспрыяла вырашэнню нафтава-крэдытнай праблемы. Вось і змушаны цяпер самы галоўны беларускі чыноўнік, аўтар “беларускага эканамічнага цуду”, сцяўшы зубы, шукаць грошы на іншым краі Зямлі. І нават хваліць ненавісных яму амерыканцаў, якія не пярэчылі выдзяленню Беларусі некалькі гадоў таму крэдыту Міжнароднага валютнага фонду.

Звернем увагу яшчэ не адну рэч. Зусім нядаўна, толькі-толькі вярнушыся з Сочы пасля тыднёвага адпачынку (так і не дачакаўшыся там аўдыенцыі ў Пуціна), беларускі кіраўнік раззлавана заяўляў, што нічога прадавацца не будзе, і нават надаваў умоўных кухталёў чыноўнікам, якія пасмелі весці гаворку пра нейкую там прыватызацыю нейкіх прадпрыемстваў. Тое, відаць, быў адказ Маскве, якая спіць і бачыць, як завалодаць найтлустымі кавалкамі дзяржаўнай беларускай уласнасці, на яе “нягодныя паводзіны” у дачыненні да “найбліжэйшага саюзніка”.

І вось цяпер у Сінгапуры Лукашэнка прапануе кіраўніцтву гэтай заможнай, але вельмі далёкай і адрознай ад нас краіны, узяць удзел у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. “Перспектыўным уяўляецца наша ўзаемадзеянне ў галіне прыцягнення прамых інвестыцыяў і ўдзелу сінгапурскіх кампаніяў у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў… Зараз мы гатовыя разглядаць любыя прапановы па набыцці пакетаў акцыяў нашых самых буйных кампаніяў. Адзіная ўмова — празрыстасць, эканамічная абгрунтаванасць і ўзаемная выгода… Многія нашы буйныя кампаніі гатовыя плённа і на ўзаемавыгаднай аснове супрацоўнічаць з вашымі інвестарамі. У свой час мы выдаткавалі велізарныя сродкі на іх мадэрнізацыю”, — заявіў у чацвер Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з сінгапурскім прэм’ерам Лі Сянь Лунам.

Тэму мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў  ад граху падалей пакінем у баку. Як і тэму празрыстасці, калі ніхто ніколі не ведае, што насамрэч адбывалася падчас таго ці іншага замежнага візіту афіцыйнага беларускага лідара, падчас той ці іншай здзелкі, падчас заключэння то ці іншай дамовы.

А вось прапанова сінгапурцам выглядае дуляй, накіраванай у бок Масквы, якая чамусьці дагэтуль не звяртае асаблівай увагі на невыкананне Мінскам умоваў атрымання траншаў крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзСЭ (а прыватызацыя дзяржмаёмасці на 2,5 мільярда даляраў штогод ёсць адной з умоваў гэтага крэдыту). Як і крозь пальцы глядзіць на невыкананне беларускім бокам абавязацельстваў па зваротных пастаўках у Расію нафтапрадуктаў, вырабленых з таннай расійскай нафты.

Аднак можна меркаваць, што гэта толькі, як кажуць, да пары — да часу. У любы момант Крэмль можа і за горла ўзяць. Як вядома, Пуцін не пакутуе пакуль што на адсутнасць памяці, і нічога ніколі нікому не даруе. І ягоны беларускі візаві ў гэтым плане зусім не выключэнне. Проста хутка ўжо студзень 2015 году, калі павінен быць створаны Еўразійскі эканамічны саюз — галоўны геапалітычны праект расійскага лідара апошніх гадоў. А вось пасля гэтага… хавайся ў бульбу, карацей.

Так што вядзі ты, Беларусь, дыялог з Еўропай сама! Грошы шукай сама! Ратуй сябе сама, калі зможаш, ад спаўзання ў эканамічную прорву ў выніку сваёй “унікальнай мадэлі”. А я ж, Расія, захоўваю сваю “правасуб’ектнасць”. З усімі высновамі і наступствамі. Пытанні ёсць?   

Вось дык “браткі-саюзнічкі”, прабач, Госпадзе.

Каментаваць