Сваіх трэба падтрымліваць

Я катэгарычна не падзяляю меркаванні некаторых суайчыннікаў з дэмакратычнага лагера, якія, калі гаворка ідзе пра вялікі спорт, прытрымліваюцца пазіцыі: чым горай, тым лепш. Маюцца на ўвазе дасягненні беларускіх спартоўцаў, якія часам вельмі ўдала прадстаўляюць нашу краіну на міжнароднай арэне. 

Я катэгарычна не падзяляю меркаванні некаторых суайчыннікаў з дэмакратычнага лагера, якія, калі гаворка ідзе пра вялікі спорт, прытрымліваюцца пазіцыі: чым горай, тым лепш. Маюцца на ўвазе дасягненні беларускіх спартоўцаў, якія часам вельмі ўдала прадстаўляюць нашу краіну на міжнароднай арэне. 

Мне асабіста падабаецца назіраць за тым, як у Кантынентальнай хакейнай лізе (КХЛ) гуляе мінскае “Дынама. Хоць часам няроўна, з памылкамі, але год ад года лепш і лепш. І цяперашні сезон — не выключэнне. Няхай і прайгралі “зубры апошнія дзве гульні на выездзе далёка не слабым камандам, але ж перад гэтым была і серыя з чатырох перамог. І вось гэтыя перамогі сяго-таго вельмі раздражняюць. Матывацыя даволі дзіўнаватая: маўляў, хакей — любімая цацка правадыра, у яго ўбухваюцца шалёныя грошы, а хакейныя перамогі толькі ўслаўляюць галоўнага беларускага чыноўніка, цешаць ягонае самалюбства.

Так яно так, але паглядзіце, колькі шчаслівых твараў, як дзіцячых, так і дарослых, можна назіраць падчас пераможных гульняў “Дынама на “Мінск-Арэне! І невыпадкова менавіта гульні сталічных “зуброў збіраюць аншлагі і б’юць рэкорды па наведвальнасці матчаў на чэмпіянаце КХЛ. І невыпадкова поспехі мінскіх хакеістаў выклікаюць нервовую рэакцыю з боку некаторых “каляспартовых спяцоў з Расіі кшталту былога вялікага майстра Барыса Маёрава, для якога, паводле яго прызнання, “Дынама (Мінск) — чужародная з’ява ў расійскім чэмпіянаце, якая яму зусім не цікавая. Ну, па-першае, КХЛ ужо не зусім расійскі чэмпіянат, бо там гуляюць каманды не толькі з Расіі, але і з Латвіі, Славакіі, Беларусі, Казахстана. А па-другое, за гульнямі КХЛ сочыць багата людзей і ў далёкім замежжы, і поспехі “зуброў праслаўляюць нашу краіну, робяць пазнавальнай менавіта яе, а не нейкіх канкрэтных дзеячаў ад палітыкі.  

Як робяць гонар Беларусі і выступленні нашай маладой, але ўжо праслаўленай тэнісісткі Вікторыі Азаранкі. Шкада, канешне, што ў фінале негалоснага чэмпіянату свету ў Стамбуле ў гэтую нядзелю Віка ва ўпартай барацьбе саступіла чэшскай спартоўцы Петры Квітавай, але тая і ў рэйтынгу на прыступку вышэйшая за Азаранку, і старэйшая за Віку на чатыры гады. Тым не менш, гэты сезон стаўся самым паспяховым для беларускай тэнісісткі, якая па выніках года заняла трэцюю прыступку ў рэйтынгу пасля сваёй дацкай сяброўкі Каралін Вазняцкі і той жа Петры Квітавай. Трэба адзначыць, што не ў апошнюю чаргу менавіта дзякуючы паспяховым выступленням Вікторыі Азаранкі, а таксама іншых нашых дзяўчат і хлопцаў, у тым ліку і Макса Мірнага, які дагэтуль вельмі някепска гуляе ў парнай катэгорыі, у далёкім замежжы ведаюць, што існуе ў свеце такая краіна — Беларусь. І паверце, далёка не ўсе там асацыююць нашу краіну з яе нязменным кіраўніком, але са спартыўнымі дасягненнямі асобных беларусаў.

Тое ж самае можна казаць і пра футбольны БАТЭ з Барысава, і пра некаторых лёгкаатлетаў, цяжкаатлетаў, весляроў, фрыстайлістаў ды іншых спартоўцаў, якія робяць гонар нашай краіне сваімі поспехамі. Палітыкі прыходзяць і сыходзяць, а краіна, яе поспехі, гонар і слава застаюцца, прычым часцяком насуперак тым жа палітыкам. Так што не трэба спекуляцый на каляпалітычна-спартыўных асацыяваннях. Бо такія разважанні блізкія да банальнай дэмагогіі з псеўдапатрыятычным ухілам.

 

Каментаваць