Татальная дэсвінізацыя Беларусі

Амаль кожны дзень з’яўляецца інфармацыя пра ўсё новыя ачагі афрыканскай чумы свінняў (АЧС) на торыторыі Беларусі. Толькі надоячы з’явілася сумная навіна пра другі ачаг у Віцебскай вобласці (першы быў зарэгістраваны на Гарадзеншчыне), як у пятніцу некаторыя медыі агаломшылі насельніцтва паведамленнем, што свінні нібыта захварэлі і на Магілёўшчыне.

Як паведаміла Радыё Свабода, каранцін абвешчаны на свінакомплексе акцыянернага таварыства “Усход” наўпрост каля абласнога цэнтра. Праезд па дарогах, якія ідуць праз той комплекс, забаронены. Паводле аднаго з супрацоўнікаў, дарогі перакрытыя, каб зменшыць рызыку заражэння жывёлінаў АЧС. Такіх выпадкаў быццам бы на самім комплексе не выяўлена, маўляў, толькі праводзяцца прафілактычныя гутаркі з персаналам. Але ж вось сялянам не кажуць, што робіцца на комплексе, і яны сур’ёзна хвалююцца за сваіх парсючкоў ды свінак.

Вайна са свіннямі

І недарма хвалююцца. Ужо ў васьмі раёнах Беларусі ідзе масавае знішчэнне свінняў не толькі на буйных комплексах, але і ў прыватных гаспадарках. Прычым робіцца гэта такім чынам, што сяляне знаходзяцца проста ў літаральна ашалелым стане: налятае брыгада ў спецвопратцы, свінням робяць укол, тыя падыхаюць, іх грузяць на машыну і звозяць. Усё, гуд бай, мой парсючок.

Многія з сялянаў пазбаўляюцца апошняй крыніцы рэлятыўнага дабрабыту, людзі не вераць у абяцанкі ўладаў выплаціць ім кампенсацыі за знішчаных жывёлінаў. У многіх выпадках перад забойствам свінняў нават не ўзважвалі, дык якім чынам тады будзе вымярацца абяцаная кампенсацыя? І ў якіх памерах? Па якіх крытэрыях?

Эканамічны ўрон

Паводле экспертаў, фатальнага ўдару па эканоміцы Беларусі ў цэлым АЧС не нанясе. І ўсё ж ён будзе адчувальным, бо штомесяц страты ад недапаставак свініны на экспарт складацьмуць дзясяткі мільёнаў долараў ЗША. Ад паставак свініны з пэўных рэгіёнаў Беларусі ўжо адмовіліся Украіна, Літва, Расія, а Латвія цалкам забараніла ўвоз на сваю тэрторыю беларускай мясной і малочнай прадукцыі.

Прычым, страты сельскай гаспадаркі будуць толькі нарастаць, бо нават пасля завяршэння карантыну (а ніхто не ведае, колькі ён будзе працягвацца), свінняў нельга будзе развадзіць у раёнах, праз якія прайшла свінячая чума, яшчэ цэлы год. Ды і колькі ў выніку будзе такіх раёнаў?

Маўчанне ўладаў

Кажуць, што гэтая зараза трапіла ў Беларусь праз танныя камбікармы, якія гаспадаркі набывалі ў Расіі. Хто набываў? У якіх колькасцях? У каго дакладна? Адказаў на гэтыя пытанні пакуль не чуваць, ніводная высокапастаўленая асоба з нагоды АЧС дагэтуль не выказалася. Такім чынам, вінаватых няма.

Ды і пра другі ачаг свінячае чумы (на Віцебшчыне) беларусы даведаліся не ад родных чыноўнікаў, а ад Рассельгаснагляду. І толькі потым “адказыня асобы” прызналі, што насамрэч АЧС захіснула і Віцебскую вобласць. Дарэчы, ёсць паведамленні, што выпадкі захворвання на АЧС ёсць і непадалёк ад сталіцы, але зноўку ніякай афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма — чыноўнікі ні пацвярджаюць, ні абвяргаюць гэтыя чуткі.    

Калі сітуацыя будзе такім чынам развівацца і надалей, калі свінняў будуць знішчаць дзясяткамі тысячаў, то большасць беларусаў можа застацца ўвогуле без свініны. Канешне, можна спадзявацца на імпарт гэтага мяса з далёкага і блізкага замежжа, але ці па кішэні гэтая свініна  будзе шараговаму спажыўцу?

У многіх вёсках сялянскія хлявы ўжо апусцелі, бо хаўронняў забілі ды звезлі немаведама куды людзі ў халатах ды масках. Нягледзячы на лета, у многіх дварах нязвыкла ціха. У краіне навалай ідзе кампанія па дэсвінізацыі. Не выключана сітуацыя, што праз некаторы час рохканне будзе чутно толькі ад тых, хто, як яскрава кольвеч выказаўся галоўны беларускі чыноўнік, прывык рабіць гэта каля ўладнага карыта.

Каментаваць