Тэлевізійная (і не толькі) пераемнасць

У Расіі набліжаюцца прэзідэнцкія выбары. Як і прадказвалі незалежныя эксперты, усе адміністрацыйныя магчымасці расійскіх уладаў будуць скарыстаны дзеля таго, каб дзеючы прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін пасля чатырохгадовага перапынку зноў заняў прэзідэнцкае крэсла ў Крамлі ўжо пасля першага тура. Пра тое, што на чале Расійскай Федэрацыі можа стаць нехта іншы, у расійскіх дзяржаўных сродках масавай інфармацыі нават думкі не дапускаецца.   

У Расіі набліжаюцца прэзідэнцкія выбары. Як і прадказвалі незалежныя эксперты, усе адміністрацыйныя магчымасці расійскіх уладаў будуць скарыстаны дзеля таго, каб дзеючы прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін пасля чатырохгадовага перапынку зноў заняў прэзідэнцкае крэсла ў Крамлі ўжо пасля першага тура. Пра тое, што на чале Расійскай Федэрацыі можа стаць нехта іншы, у расійскіх дзяржаўных сродках масавай інфармацыі нават думкі не дапускаецца.   

Сёлета, як ніколі раней, перад выбарамі прэзідэнта ў Расіі абсалютная большасць эфірнага часу і газетнай плошчы прысвячаецца “лідару нацыі, як Пуціна яшчэ падчас ягонага першага прэзідэнцтва ахрысцілі яго найбольш гарачыя прыхільнікі. Гэта вельмі нагадвае тое, што адбываецца ў Беларусі кожную прэзідэнцкую кампанію: асобе дзеючага кіраўніка дзяржавы аддаецца ільвіная доля часу, а астатнія “супернікі атрымліваюць чыста намінальныя эфіры, за час якіх нават немагчыма выказаць нейкую ўцямную думку.

Вось зараз усе буйныя расійскія газеты друкуюць велізарныя артыкулы аўтарства прэм’ера на тэму, калі коратка, як нам зрабіць Расію “шчаслівай. Асноўныя тэлеканалы ледзьве не палову выпускаў навін прысвячаюць таму, што рабіў Пуцін у гэты дзень, з кім сустракаўся, пра што казаў і гэтак далей. У адрас іншых супернікаў Пуціна часта гучаць здзекі, часам проста хлусня. Яшчэ дзіўна, што на самых буйных тэлеканалах існуюць нейкія ток-шоў з удзелам тых ці іншых апазіцыянераў. Дзеля імітацыі сапраўднай канкурэнцыі падчас гонкі з няроўнымі стартавымі і бягучымі ўмовамі.

Хаця, можна меркаваць, што каб не буйныя вулічныя акцыі пратэсту на Балотнай плошчы і праспекце Сахарава, то і гэтай паказушнай “свабоды слова на федэральных тэлеканалах не было б. Так жа сама, як дагэтуль няма гэтай свабоды на тэлеканалах беларускіх, якія даўно пераўтварыліся ў сродкі масавай прапаганды (адзін толькі канал “Беларусь–1 з ягонымі бруднымі і амаральнымі “расследаваннямі чаго варты!). 

Па ўсім відаць, што расійскае кіраўніцтва шмат у чым вучыцца ў кіраўніцтва беларускага, асабліва што да падрыхтоўкі да электаральных кампаній. Праўда, у Беларусі яны праводзяцца больш тапорна параўнальна з Расіяй, дзе ўсё ж яшчэ існуюць нейкія магчымасці для апанентаў улады. Але, калі там пасля 4 сакавіка да ўлады прыйдзе “новы-стары прэзідэнт, нельга выключаць, што падабенства паміж беларускім і расійскім рэжымамі стане амаль блізняткавым. Таму і туляцца аўтары дзяржаўнага ладу адзін да аднаго нават пры наяўнасці вялікіх супярэчнасцяў і нават нянавісці адзін да аднаго. Але чаго не зробіш дзеля захавання ўлады! Воўк ваўку глотку не перагрызе.

Вось толькі людзей шкада. І там, і тут. І шкада мазгоў, па якіх высокапастаўленыя асобы разам са сваімі ідэолагамі і прапагандыстамі “ездзяць без тармазоў і сораму. Супакойвае толькі тая думка, што ўсё ў гэтым жыцці мае свой канец. Усім гэта варта помніць.

Каментаваць