Трагедыі і бессардэчнасць

У мінулую нядзелю ў аэрапорце Казані (Расія) адбылася жудасная авіякатастрофа. У зямлю вертыкальна ўрэзаўся Боінг, забраўшы з сабою жыцці пяцідзесяці чалавек і аздобіўшы наваколле мацнейшым выбухам. Шанцаў на выратаванне ў загіблых не было ніякіх. Трагедыя выклікала шмат эмоцыяў ва ўсіх небыякавых людзей. Але знаходзяцца і такія, што нават нябожчыкаў — ахвяраў адной і той жа авіякатастрофы пачынаюць дзяліць на “чорных” і “белых”.

Як стала вядома, у гэтай катастрофе загінулі старэйшы сын прэзідэнта Татарстана Ірэк Мініханаў, кіраўнік Упраўлення ФСБ па Татарстане Аляксандр Антонаў, а таксама жонка вядомага расійскага спартыўнага каментатара Рамана Скварцова. 44 пасажыры і 6 чальцоў экіпажа. Страшная, жудасная трагедыя.

І вось пачынаюцца каменты пад інфармацыяй пра трагедыю на розных сайтах. На жаль, некаторыя асабліва “чалавечныя чалавекі”, хаваючыся пад нікамі, пачынаюць развагі, каго трэба шкадаваць, а каго — не. Вось адзін мяне проста абязмовіў: маўляў, спачуванні прэзідэнту Мініханаву, а вось тое, што загінуў “гэбэшнік” Антонаў, дык так яму і трэба. Гэта, канешне, вольны мой пераказ думкі “нікаўца”.

На маё асабістае гледжанне, такія развагі — проста свалачызм. І ніякім недахопам адукацыі ці выхавання гэта не тлумачыцца. Тым больш што ў сеціве, як правіла, сядзяць далёка не непісьменныя асобы.

Я нават не магу сабе ўявіць, што адчувалі людзі, якія знаходзіліся на борце таго Боінга, калі ён вертыкальна з неверагоднай хуткасцю шыбаваў да зямлі (гэтыя кадры ўжо ёсць у Інтэрнэце). У той момант усе былі роўныя — і сын прэзідэнтра, і афіцэр ФСБ, і шараговы грамадзянін. Роўныя перад тварам немінучасці, перад тварам жахлівай смерці. Жудасць.

Але яшчэ большая жудасць — вось такія развагі “дзвюхногіх”, якія падзяляюць гібельцаў на добрых і кепскіх. Прыклады такога падзелу мы добра ведаем у нашай Беларусі. У нас “усяго па двое” — і камуністаў, і бэнээфаўцаў, і журналістаў (“чэсныя” і “нячэсныя”), і пісьменніцкіх арганізацыяў, і шмат яшчэ чаго. Але ўсё ж у чалавека мусіць захоўвацца сэрца, душа, пачуццё міласэрнасці, суперажывання, болю. Аднак у многіх гэтыя пачуцці альбо атрафіраваліся, альбо зніклі. Не ведаю, скуль такое дзеецца. Але гэта страшна.

Дарэчы, адкуль такія бястварныя нэтаўскія “справядліўцы” ведаюць, што за чалавек быў той жа загіблы Аляксандр Антонаў? Адкуль упэўненасць у тым, што гэта абавязкова быў кепскі чалавек?

Гэта ўсё роўна, як сцвярджаць, што ў дзяржаўных структурах (незалежна ад краіны) працуюць толькі пачвары, а вось у апазіцыі — усё пухнатыя, быскрыўдныя ды святыя.

Здольнасць спачуваць, на вялікі жаль, становіцца ўласцівая ўсё меншай колькасці грамадзян. Але хочацца крыкнуць: людзі, вы ж чалавекі! Спыніцеся ў сваёй нянавісці адзін да аднаго! Вельмі проста хавацца за нікамі ў сусветным павуцінні. А вось як бы паглядзеў такі “каментатар” у вочы сямейнікаў таго ж Антонава, калі б нейкая сіла перанесла яго да гэтых людзей, якія страцілі блізкага чалавека? Задумайцеся перад тым, як плясаць на загіблых. Няхай і віртуальна. І хто б яны не былі.     

Каментаваць