Трындзець — не мяхі цягаць і не шуфлем махаць

Колькі ў нас разумнікаў сярод высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў — лічыць не пералічыць. Яны і жыць навучаць, і падкажуць, як ад крызісу пазбавіцца. І што купіць, каб пенсіянер з галадухі не ляснуў, і як і на чым зэканоміць, каб заўчасна не скапыціцца. Толькі вось гэтыя парады выглядаюць пераважна здзекам над тымі, хто са сваёй кішэні наўпрост аплачвае далёка не беднае існаванне “народавых служкаў”.

Галоўным прыклададаўцам у галіне ўратавальных парадаў з’яўляецца, без усялякіх сумневаў, галоўная службовая асоба краіны. Яна клапоціцца пра ўсіх, заўжды і паўсюль. А калі хтосьці чагосьці не разумее з ягоных выказванняў — той сам дурны.

Добра памятаецца, як у адным са сваіх навагодніх зваротаў да электарату тая асоба казала, што аніякіх дэвальвацый не будзе. Але на другі дзень надышоўшага Новага году здзіўленая народа-маса была літаральна ашаломленая падзеннем курсу беларускага рубля на больш як дваццаць адсоткаў. І кінулася штурмаваць абменнікі і крамы, змятаючы гаспадарчую тэхніку і б’ючы адно аднаму пысы ў змаганні за апошнюю мікрахвалёўку ў папулярным гандлёвым цэнтры. “Я ж намякаў! І тыя, хто быў уважлівы, мне пачулі і зразумелі”, — прыкладна так заявіла памянёная асоба, рэагуючы на тую чарговую вакханалію. І тое было не першым разам. І не апошнім.

Працяглая зіма, якая не адпускае свае правы нават у красавіку, сталася прычынаю шматлікіх праблем для электарату той высокай  асобы. 15 сакавіка 2013 году — “чорная пятніца”, якая сталася поўным сюрпрызам для большасці, прынамсі, жыхароў сталіцы Беларусі, як і многіх іншых рэгіёнаў краіны, і якая прадэманстравала, што тутэйшыя жыхары не вераць нікому, нават сіноптыкам, якія папярэджвалі пра мажлівыя прыродныя катаклізмы.

Цыклон “Хаўер” стаўся яскравым прыкладам таго, што людзі не вераць усяму, што мае хоць якое дачыненне да дзяржавы. Нават да бяскрыўднага гідраметцэнтру, які ў выніку меў рацыю, папярэджваючы пра непагадзь і яе верагодныя наступствы. Тысячы людзей перажылі не самыя прыемныя моманты ў сваім жыцці, будучы ці то заблакаванымі ва ўласных аўтамабілях на многія гадзіны без ежы і пітва і літаральна замярзаючы ў лядовым палоне, ці то на дзясяткі гадзінаў трапіўшы ў кіпцюры нацыянальнай авіягавані, таксама трасучыся ад халадэчы ў каменным аэрапортаўскім гмаху непадалёк ад Смалявічаў і не атрымліваючы ад той жа “Белавіі” бясплатнага гарачага супу ці хоць бы элементарнай коўдры. А там жа былі і цяжарныя жанчыны, і малыя дзеці! Ну і трасца на іх, гэта ж не чынавенства, думалі, відаць, некаторыя адказныя дзеячы. Ды Гасподзь з імі.

Але не ўхілілася ад сваёй ацэнкі тых падзеяў і згаданая першая асоба краіны. Але не па сваіх непасрэдных падначаленых яна прайшлася! Зноўку вінаватым апынуўся электарат. “У нас людзі адывыклі ад такіх штармоў, заносаў, завірухаў. І раптам снег выпаў, людзі сталі крычаць, пісаць: нас заваліла, немагчыма да пад’езду падыйсці. Вазьміце рыдлёўкі і пачысціце”, — параіла пост-фактумам 5 красавіка галоўная дзяржаўная фігура, размаўляючы з журналістамі на “Камволі” і, відаць,ужо ачомаўшыся ад спёкаў падчас ваяжу ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Інданэзію ды Сінгапур, якія месцяцца на іншым краі свету і дзе зараз лета ды іншыя прывабнасці тамтэйшага клімату.

Хацелася б сказаць гэтай асобе, што многія яе выбаршчыкі проста не маглі выйсці не толькі з уласных аўто, але нават з пад’ездаў уласных дамоў, што простыя людзі былі змушаныя шыбаваць з працы многія кіламетры да сваіх кватэраў, бо ні грамадскі транспарт, ні снегаўборачная тэхніка аказаліся не падрыхтаваныя да прыродных катаклізмаў. І толькі людская салідарнасць дапамагла не дапусціць трагічных, фатальных выпадкаў, не дазволіла змерзнуць у сумётах знясіленым людзям.

Добра разважаць памянёнай асобе пра тое, што трэба было рабіць небаракам-беларусам падчас прыроднага армагедону, калі ў гэты час яна сама сядзела ў сваім боінгу і, бадай, думала не пра тое, што ўласнае гаспадарства загібаецца пад снежнымі заваламі.

Трындзець — не мяхі цягаць, як той казаў. Уласны прыклад — найлепшы. А не беспадстаўнае абвінавачанне тых, хто апынуўся ў цяжкіх абставінах у той час, калі для цябе гэтыя абставіны былі ну, мякка кажучы, не самыя кепскія.

Каментаваць