Угодкі Аршанскай бітвы адзначылі… падушкавым боем

Падушкавым боем 8 верасня адзначыла мінская моладзь 945-я ўгодкі слыннай Бітвы пад Воршай, калі войска Вялікага княства Літоўскага на чале з Вялікім гетманам Канстанцінам Астрожскім нанесла скрышальную паразу войску Маскоўскай дзяржавы, якім камандаваў ваявода Іван Чаляднін. У мерапрыемстве ў мінулы аўторак узялі ўдзел каля тысячы чалавек, непасрэдна ў якасці “ваяроў выступілі больш за 400 юнакоў і дзяўчат.

Падушкавым боем 8 верасня адзначыла мінская моладзь 945-я ўгодкі слыннай Бітвы пад Воршай, калі войска Вялікага княства Літоўскага на чале з Вялікім гетманам Канстанцінам Астрожскім нанесла скрышальную паразу войску Маскоўскай дзяржавы, якім камандаваў ваявода Іван Чаляднін. У мерапрыемстве ў мінулы аўторак узялі ўдзел каля тысячы чалавек, непасрэдна ў якасці “ваяроў выступілі больш за 400 юнакоў і дзяўчат.


Акцыю, арганізаваную дэмакратычнай моладзевай арганізацыяй “Ініцыятыва, санкцыянаваў Мінскі гарвыканкам. Пра планаванае мерапрыемства ранкам у аўторак распавяло нават Беларускае тэлебачанне.

Блізу шостай гадзіны вечара 8 верасня ля помніка Янкі Купалы ў цэнтры беларускай сталіцы сабраліся каля тысячы маладых людзей, большасць з якіх мелі пры сабе падушкі, а таксама мяккія цацкі.

Выступаючы перад прысутнымі, адзін з арганізатараў “падушкавага пабоішча моладзевы актывіст Андрэй Кім распавёў, што бітва на Крапівенскім полі пад Воршай адбылася менавіта 8 верасня 1514 года ў часе Руска-Літоўскай вайны 1512–1522 гадоў паміж войскамі Маскоўскай дзяржавы пад кіраўніцтвам ваяводы Івана Чалядніна і аб’яднанымі сіламі войска Вялікага княства Літоўскага пад агульным кіраўніцтвам вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага. “Ліцьвіны, якіх было ў тры разы меней за маскавітаў, тым не менш, атрымалі пераканаўчую перамогу, і ў гэтым быў вайсковы геній Канстанціна Астрожскага, — адзначыў Андрэй Кім.

Пасля гэтага ўся грамада перамясцілася ад помніка Купалу на газон за ім, дзе хутка і пачалася бітва. Усіх жадаючых “памалаціцца падушкамі арганізатары падзялілі на дзве групы па прынцыпу цотнасці і няцотнасці месяцаў нараджэння, бо, натуральна, практычна ўсе жадалі ў гэты вечар быць “ваярамі ВКЛ. Сама “бітва адбывалася ў некалькі этапаў, падчас якіх па чарзе перамагалі то “белыя, якія сімвалізавалі войска ліцьвінаў, то “чырвоныя — адпаведна, “маскавіты. Скончылася ўсё мірна, цывільна, без цялесных пашкоджанняў.

Самі арганізатары заяўлялі, што гэта мерапрыемства не мае палітычнага падтэксту, таму яно і было дазволена, а супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія назіралі за падзеяй, паводзілі сябе мірна, не ўмешваліся ў тое, што адбывалася, і нават паціху цешыліся з бачанага. Пасля “бітвы ўся пляцоўка была ўсыпаная пер’ем з разарванай “зброі, і арганізатары мусілі ўласнымі высілкамі наводзіць парадак, як і абяцалі ўладам. Завяршылася гэта крэатыўнае мерапрыемства невялікім канцэртам.
 

Каментаваць