Усіх шкаляроў — «пад гаршчок»!

Пытанні сістэмы адукацыі ў Беларусі ўжо не першы год знаходзяцца «пад пільгай увагаю» самай галоўнай асобы нашай краіны.

У аўторак, 15 жніўня, беларускі правадыр сустрэўся з віцэ-прэм’ерам ураду Васілём Жарко і міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам. 

Кіраўнік краіны вырашыў, што ўсе айчынныя шкаляры павінны быць падобныя адзін на аднаго. “Формула адна: каб 1-га верасня дзеці былі аднолькавыя. Не ў тым плане, што яны мусяць быць апранутыя ў чорна-белыя фартухі, гольфы альбо спаднічкі. А каб не выбіваліся дзеці з сем’яў, якія не такія заможныя сёння. Мы мусім апрануць прыстойна да 1 верасня усіх дзетак”, — заявіла першая асоба.

Што значыць “прыстойна” і за чый кошт, Лукашэнка не патлумачыў.

Калі ўжо кіраўніцтва шматпакутнай Беларусі адыдзе ад гэтых саўдэпаўскіх поглядаў?! У часы шкалярства аўтара гэтых радкоў у 1980-я гады, усе вучні таксама насілі аднолькавыя формы і выглядалі як аднародная маса. Ад першага класа да дзясятага. І вось цяпер ва ўмовах няспыннага эканамічнага крызісу з падачы вышэйшага кіраўніцтва прадпрыемствы “Беллегпраму” зноў могуць атрымаць неблагія грошы ад продажу сваёй прадукцыі.

Апроч таго, у савецкія часы нават фрызуры вучняў былі падобныя, асабліва ў хлопчыкаў — крый Божа было з’явіцца ў школе з даўгімі валасамі (асабліва пасля вакацыяў).

Цяпер кіраўніцтва Сінявокай зноў фактычна прапануе ператварыць шкаляроў у тую ж саўдэпаўскую аднародную масу — абы хто не адрозніўся ад большасці вучняў. 

Уношу тады яшчэ адную прапанову — наконт фрызураў. Калісьці ў Расіі ўсіх юнакоў і падлеткаў стрыглі “пад гаршчок” — узгруваджвалі на галаву сапраўдны гліняны гаршчок і адстрыгалі ўсё, што вылазіла з-пад гэтай няхітрай прылады. Чаму сённяшняй тутэйшай уладзе не вярнуцца да той практыкі?

А што, танна і проста, не трэба завіхацца над нейкімі моднымі вычварэннямі на галовах маладых беларусаў. У нас жа ёсць і дарагія цырульні, і “бюджэтныя”, дзе могуць апрацаваць кліента сыходзячы з яго сціплых запытаў. А можна нават адмысловыя “гаршчковыя” цырульні арганізаваць з бюджэтнымі датацыямі. Бо калі ж школьная форма будзе, бадай, аднолькавая, дык як можна дапусціць, каб дзіця больш заможных бацькоў з’явілася ў школе з файнай і нятаннай фрызурай, што “наносіць маральную шкоду” деткам з менш паспяховых сем’яў? Таму ўсіх шкаляроў — “пад гаршчок”! Справядлівась перад усім!

А тым часам віцэ-преэм’ер Жарко звярнуўся да Лукашэнкі з прапановай вярнуцца да пяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў. Што, можа, і правільна. Дык навошта было раней гарод гарадзіць з гэтай дзесяцібальнай недарэчнасцю? 

Хочацца папрасіць уладатрымцаў: пакіньце хоць сістэму адукацыі ў спакоі, хаця б на нейкі час! Бо чыноўнікі ад адукацыі, магчыма, не ўяўляюць сабе, як яны абрыдлі са сваімі навацыямі і шараговым настаўнікам, і выкладчыкам ВНУ ды тэхнікумаў, як і іншых навучальных установаў. А таксама школьнікам, навучэнцам ды іх бацькакм. Сваімі “навацыямі” ды ініцыятывамі цяперашнія “дзеячы” пры ўладзе проста знішчаюць тое, завецца сістэмай адукацыі. Але самі гэтага, відаць, не разумеюць.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць