“Вайна” геніяльнай Прымадоны

Ала Барысаўна Пугачова — гэта не проста спявачка нумар адзін часоў СССР і часоў постсавецкіх (на нашых прасторах былой сацыялістычнай імперыі, ды і не толькі). Не проста Прымадона расійскай эстрады. Гэта чалавек не толькі вялікага таленту, цудоўны кампазітар і паэт, непераўзыдзёны вакаліст, але і перад усім чалавек вялікага сумлення.

Нясорамна пісаць такія радкі пра гэтую вялікую жанчыну, якая не стымліваецца казаць праўду. Няхай гэтая праўда ідзе насуперак афіцыйнай пазіцыі крамлёўскіх правадыроў.

“Вайна”. Так называецца новая песня Алы Пугачовай (аматарскі кліп на яе ўжо з’явіўся ў інтэрнэце). У гэтай кампазіцыі няма ўзгадак пра Украіну, пра Данбас, пра Расію. І тым не менш, абсалютна ясна, што падштурхнула Прымадону на напісанне гэтага сапраўды геніяльнага (хоць і не мудрагелістага) твора. Шчымлівыя ноткі ў голасе Спявачкі, запамінальная мелодыя, драйв, адчай і надзея. На маю асабістую думку, гэта самы моцны твор Алы Барысаўны пасля “Пакліч мяне за сабою” (Позови меня с собой).

У гэтай песні — наўпроставы пратэст супраць вайны, супраць забойстваў. І заклік помніць імёны палеглых салдат. Не толькі салдат, якія ахвяравалі сваімі жыццямі падчас войнаў ХХ стагоддзя, але і падчас цяперашняй вайны, якая адбываецца на ўсходзе Украіны з падачы крамлёўскіх сідняў.

Так, у шавіністычнай, апантанай дзяржаўнай прапагандай Расіі застаюцца сумленныя людзі. Сапраўдныя творцы. Інтэлігенты. Тыя, для каго само паняцце вайны непрымальнае. Напрыклад (апроч згаданай Прымадоны), гэта Андрэй Макарэвіч і Юры Шаўчук, Юлія Уліцкая і Дзмітры Быкаў, Арцём Троіцкі і Міхаіл Яфрэмаў ды многія-многія іншыя вядомыя асобы. Дый многія простыя людзі, якія не паддаюцца на кісялёўска-салаўёўскую прапаганду.

На вялікі жаль, большасць расійцаў усё ж сталіся ахвярамі гэтай самай прапаганды. Ёсць іншая катэгорыя істот, якія апантаныя нянавісцю да ўсяго нярускага. Калі Жырыноўскі з экранаў тэлевізара заклікае шандарахнуць па Кіеву напалмам і дашчэнту знішчыць сталіцу незалежнай Украіны, то, падавалася б, такому персанажу месца на Канатчыкавай дачы альбо ў турме за распальванне міжнцыянальнй розні. Але ніхто нават не параіў гэтаму сучаснаму палітычнаму Квазімодзе закрыць рот, амаль ніхто не асудзіў хоць бы маральна гэтага фюрэра ЛДПР.

А як пырскаюць нянавісцю да Кіева расійскія “паважаныя” “культурныя” дзеячы з праімперскімі пазіцыямі! Гэта тэта асобнага псіхіятрычнага даследавання.

Застаецца спадзявацца, што свае ж расійскія зоркі з нармальнымі мазгамі кшталту Алы Пугачовай і Андрэя Макарэвіча, Ліі Ахеджакавай і Алега Басілашвілі ды шмат яшчэ каго ўсё ж паўплываюць на тое, каб расіяне перасталі быць азлобленымі духоўнымі марыянеткамі улады іхняе краіны. Інакш праз пэўны час не будзе ў іх сваёй краіны, якую яны пакуль яшчэ лічаць вялікаю.   

         

Каментаваць